Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Размундзе́рыць ’адкрыць так, каб быў доступ да чаго-небудзь’ (Нар. Гом.). Семантычная інавацыя на базе мундзі́р (гл.) праз ’зняць мундзір’ > ’зняць верхняе покрыва’ > ’раскрыць’.

Размуні́чыць ’разабраць, папсаваць’ (Сцяшк.). Да амуніцыя?

Размэ́нзацца ’расплакацца’ (Сцяшк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з няяснай этымалогіяй ад разма́зацца. Па форме “неапаланізм”.

Размязжу́ліць ’раструшчыць’ (Нас.), размяжджу́рываць ’груба расціскаць’ (Юрч. СНЛ), мяжджу́рыць ’расціскаць’, ’біць, таўчы’, ’прагна есці’ (там жа), размяжжурыць ’разбіць на дробныя часткі’ (Шымк. Собр.), ’раздушыць’ (Касп.). Ад мязга́1, гл.

Размяка́ць ’разбухаць’ (мядз., Сл. ПЗБ), ’размакаць’ (Нас.), размякчэ́ць ’зрабіцца мяккім’ (Юрч. СНЛ). Ад раз- і мя́кнуць (гл.).

Ра́зна, ра́зьня, ра́зне ’па-рознаму’ (брасл., трак., Сл. ПЗБ). З рус. ра́зно, магчыма, пад уплывам польск. różnie ’тс’.

Ра́зна (ра́зно) ’раўнамерна, аднолькава роўна’, ра́зне, ра́зня ’заўсёды’ (Сл. Брэс.). Вытворныя ад раз (гл.).

Разна́да ’ласунак’ (шчуч., Сл. ПЗБ), разна́дзіцца ’панадзіцца’, ’рассмакавацца’ (дзятл., шчуч., пух., Сл. ПЗБ), разна́дзіць ’разахвоціць’ (маст., Сл. ПЗБ), разнаджаны ’разласаваны’ (лід., Сл. ПЗБ). Магчыма, утворана па мадэлі слова прына́да (гл.), дзе пры‑ было ўспрынята як прыстаўка. Гл. надзіць.

Разнамёт ’рознакаляровасць’ (Юрч. СНЛ). Верагодна, узнікла ў выніку складання слоў ро́зны і ме́тка, ме́ціць.

Разнара́дка ’размеркаванне каго-, чаго-небудзь у планавым парадку’, ’распараджэнне аб такім размеркаванні’ (ТСБМ). З рус. разнаря́дка ’дакумент, распараджэнне аб выкананні якой-небудзь працы або аб адпраўцы чаго-небудзь’.

Разне́слух ’найвялікшы неслух’ (Нас.). Паводле Карскага (2–3, 90), ад не́слух (гл.) з прыслоўем раз (гл. раз-), што надае ўзмацняльнае значэнне.