Прына́да ’тое, чым прывабліваюць птушак, рыб, жывёл; тое, што прыцягвае, прываблівае’ (ТСБМ, Чач., Нас., Мал., Арх. Федар., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк.; віл., лях., маст., Сл. ПЗБ, ТС), ’настой пахучага зелля (якім крапілі вуллі)’ (віл., З нар. сл.), ’ласунак’ (ваўк., Сл. ПЗБ), пріна́да ’прынада’ (Бяльк.), пріна́дка ’невялікі вулей з кары для прываблівання пчол, які ставяць на дрэве’ (слаўг., Нар. сл.), принадэнка ’прынада’ (Булг.), ст.-бел. прына́да, прына́да пташа (Ст.-бел. лексікон). Аддзеяслоўны назоўнік ад прына́дзіць. Стараж.-рус. принада ’прыбаўленне, далучэнне’, рус. паўд., зах., смал., бранск., дан. прына́да ’тое, чым прынаджваюць розных жывёл’, дан. ’сіло (для лоўлі птушак)’, смал. прина́душка ’прынада’, укр. прина́да ’тс’. Інакш Фасмер (3, 365), які прапануе складаны шлях утварэння: прыстаўкі *при‑, *на‑ + кантынуанты і.-е. каранёў *dō‑ ці *dhē‑, што не пераконвае; гл. таксама Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)