Зашабасце́ць ’зашумець’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. шабасцець.
Зашквірэ́цца ’заплакаць’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. шквірэцца.
Зашкру́мґацца ’зашавяліцца’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. шкрумгацца.
Зашля́паць ’наслядзіць’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. шляпаць, шлёпаць. Рус. зашаляпать ’пачаць ісці па гразі’.
За́шчык ’укол’ (Сл. паўн.-зах.; смарг., Нар. словатв.). З польск. zastrzyk ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 272).
За́шчыт ’франтон’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. ст.-польск. zaszczyt ’заслона’. Бел. рэгіянальнае слова, відаць, з польск. Корань гл. шчыт.
Зашчы́та ’абарона; абаронца’ (Сл. паўн.-зах.). З рус. защи‑та ’абарона’ (за + щит‑и‑ти, адкуль бязафіксным шляхам за + щит + а). Гл. шчыт.
Зашыпу́ліць ’засмеціць’ (воран., Сл. паўн.-зах.). Суфіксальна-прэфіксальны дзеяслоў, утвораны ў сувязі з асновай шыпул запазычанай з літ. šipulỹs ’трэска’ (Сл. паўн.-зах., 2, 273).
Заю́ха ’нервовы чалавек’ (Касп.). На базе дзеяслова *заюшыць і прыметніка *заюшны (гл. заюшна) з уяўным суфіксам ‑уха і далейшай зменай значэння ’люты чалавек’ > ’нервовы чалавек’. Суфікс ‑уха ўтварае асабовыя назоўнікі ж. і агульн. р. ад прыметнікаў і назоўнікаў: таўстуха, прастуха, змяюха, бабуха ’някемлівы чалавек’ (Сцяц., Афікс. наз., 124, 175).
Заю́шна ’заўзята’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. заю́шитися ’станавіцца лютым’, заю́шити ’паліцца (пра кроў)’, польск. zajuszyć ’заліць крывёй, раздражніць, раздражніцца’, ст.-польск. zajuszyć ’раз’юшыцца’, zajuszony ’раз’юшаны’, н.-луж. zajušyś ’запэцкаць гнаявой жыжкай (юшкай)’, чэш. zajíšiti ’развесці юшкай’. Параўн. юшыць ’біць па вушах’ (Нас.). Відаць, зыходным трэба лічыць юшка ’кроў’ < ’жыжка’, ’суп’, вядомае шэрагу слав. моў, а не uxo ’вуха’, дзе звычайна пратэтычнае v‑, а не j‑. Ст.-польск. juszyć ’крывавіць’ добра перадае пераходную семантычную ступень, адкуль і zajuszyć. Паколькі чэш. і серб.-луж. маюць іншую семантычную спецыялізацыю гэтага дзеяслова, можна меркаваць, што бел. і ўкр. словы з польск., прычым адрыў ад грунту вёў да далейшай спецыялізацыі значэння: ’ударыць да крыві’ > ’станавіцца лютым’. На базе дзеяслова *заюшыць утвараўся дзеепрыметнік заюшаны, як і разʼюшаны ад разʼюшыць. Гэты дзеепрыметнік мог потым фанетычна змяніцца ў заюшны ў выніку страты ненаціскнога а, адкуль і прыслоўе. Не выключана і прамое ўтварэнне прыметніка ад дзеяслова. Гл. заюха.