Заю́шна ’заўзята’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. заю́шитися ’станавіцца лютым’, заю́шити ’паліцца (пра кроў)’, польск. zajuszyć ’заліць крывёй, раздражніць, раздражніцца’, ст.-польск. zajuszyć ’раз’юшыцца’, zajuszony ’раз’юшаны’, н.-луж. zajušyś ’запэцкаць гнаявой жыжкай (юшкай)’, чэш. zajíšiti ’развесці юшкай’. Параўн. юшыць ’біць па вушах’ (Нас.). Відаць, зыходным трэба лічыць юшка ’кроў’ < ’жыжка’, ’суп’, вядомае шэрагу слав. моў, а не uxo ’вуха’, дзе звычайна пратэтычнае v‑, а не j‑. Ст.-польск. juszyć ’крывавіць’ добра перадае пераходную семантычную ступень, адкуль і zajuszyć. Паколькі чэш. і серб.-луж. маюць іншую семантычную спецыялізацыю гэтага дзеяслова, можна меркаваць, што бел. і ўкр. словы з польск., прычым адрыў ад грунту вёў да далейшай спецыялізацыі значэння: ’ударыць да крыві’ > ’станавіцца лютым’. На базе дзеяслова *заюшыць утвараўся дзеепрыметнік заюшаны, як і разʼюшаны ад разʼюшыць. Гэты дзеепрыметнік мог потым фанетычна змяніцца ў заюшны ў выніку страты ненаціскнога а, адкуль і прыслоўе. Не выключана і прамое ўтварэнне прыметніка ад дзеяслова. Гл. заюха.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)