Туркі́-баркі́ — пра вялікі шлях, вялікую адлегласць (Нар. лекс., Вушац. сл., Рэг. сл. Віц.): туркі́‑баркі́ выхадзілі і нічога не знайшлі (Гіл.), туркі́ ‘тс’ (дзісн., Бел. дыял. 3), туркі́‑буркі́ ‘тс’: туркі́‑буркі́ прайшла, а дом найшла (брасл., Ліцв.), сюды ж ту́ркі‑ба‑ту́ркі ‘тс’: ту́ркі‑бату́ркі прайшоў і нічога не знайшоў (пра грыбы) (глыб., Бабін, вусн. паведамл.), з турко́ў барко́ў ‘невядома адкуль’ (полац., Волк.). Сюды ж арэальна блізкае рус. пск. вы́ходить турки́ и борки́ ‘многа хадзіць па лясах, па палях’. Параўн. польск. Turki Mazurki obejść — абысці частку свету (Варш. сл.). Рыфмаванае спалучэнне, у скарочаным варыянце толькі туркі́. Няясна. Польскае спалучэнне падаецца пад Turek ‘турак’, у мн. л. Turcy, аналагічна рус. ту́рка ‘Турэччына’: я поеду в дальню турку (СРНГ), тады ту́ркі ‘тс’, што магло ўспрымацца як ‘далёкая краіна’, а другія часткі — або як бары́ (гл. бор, баро́к) ці ўласныя назвы. Канцавы націск у часткі першых слоў не выключае сувязь з туро́к 2 ‘закавулак’ (гл.). Беразовіч (Язык и традиционная культура, 172) звязвае з *turiti «с семантикой толчка, касания» і варыянтнай агаласоўкай тур‑/тыр‑, параўн. рус. дыял. на закатурках ‘у баку ад чаго-небудзь’, бутырки ‘сялянскі двор па-за сялом’.
Турклі́с ‘туркач, мядзведка, Glottotalpa glottotalpa’ (воран., Сл. ПЗБ). З літ. turklỹs ‘тс’ (Грынавяцкене, там жа, 5, 148).
Ту́ркнуць ‘затрубіць у вуха «турр!»’ (Касп.), ‘крыкнуць «тур-р-р» у вуха’ (зэльв., Нар. словатв.). Гукапераймальны дзеяслоў.
Турку́ль ‘клунак’ (Мат. Маг.). Няясна.
Турку́с ‘непразрысты каштоўны камень, біруза’ (Ласт.), ст.-бел. туркусъ, туркосъ ‘тс’ (1541 г.), туркусовый ‘блакітны, бірузовы’ (ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. turkus ‘тс’, якое з ням. Türkis ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 142); апошняе з франц. субстантываванага turquoise ад turguois ‘турэцкі’, г. зн. ‘турэцкі каштоўны камень’ (Duden. Etymologie, 872).
Турку́ць ‘туркач, мядзведка’ (шальч., Сл. ПЗБ). З літ. turkùtis ‘тс’ (Грынавяцкене, там жа, 5, 148). Параўн., аднак, польск. turkuć ‘тс’, якое Брукнер (585) разглядае як вытворнае ад turkać (гл. туркаць 1); паводле Бяднарчука (Językowy obraz WKL, 19), turkuć ‘від жука’ фіксуецца з канца XIV ст. у лацінскамоўных дакументах.
Турла́й ‘гарлач, збанок’ (Бяльк.), ту́рлік ‘гаршчочак’ (Мат. Гом.), ‘збаночак’: ту́рлік мылыка́ прынесла (Бяльк.). Няясна; магчыма, звязана з турлік, гл.
Ту́рлачка ‘голуб Turtur auritus’ (Мядзв.); сюды ж турлу́шка ‘глушэц’ (Бяльк.). Укр. турлу́шка ‘дзікі голуб туркаўка’, рус. смал. ту́рлушка, турлы́шка ‘тс’. У аснове іх ляжыць імітацыя буркавання галубоў, падобнага да турлу, турлы, параўн. турлушка турлыча (Дабр.), гл. турлыкаць. Гукапераймальныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 124; ЕСУМ, 5, 681). Па аналогіі з імі ту́рлушка ‘жаба, што крычыць брынклівым голасам’ (Нас.), турлу́шка ‘мядзведка’ (Жыв. сл.), у фразеалагізме глухая турлушка, глухая цяцера — пра глухаватага чалавека (БНТ, Выслоўі).
Ту́рлік ‘кармакухня на ферме’ (мсцісл., З нар. сл.). Відаць, фанетычна і словаўтваральна адаптаванае ўкр., паўдн.-рус. турлу́к ‘памяшканне, сплеценае і аблепленае глінай’, што запазычана з цюркскіх моў, параўн. тур. torlug ‘зямлянка’ (Фасмер, 4, 124; ЕСУМ, 5, 682; Анікін, 570).
Турлі́ць ‘трубіць, тарахцець, шумець (пра машыны)’ (пух., З нар. сл.). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. турли́ти ‘піць у вялікай колькасці’; рус. турли́ть ‘спешна што-небудзь рабіць’, польск. turlikać ‘звінець, брынкаць’, н.-луж. turlíkaś, чэш. мар. turlíkat ‘няўмела іграць на музычным інструменце’; сюды ж, мажліва, ід. tur(lík)as ‘падсмейвацца, кпіць’, якое Астравух (Ідыш-бел. сл., 808) параўноўвае з польскім turlíkać. Гл. наступнае слова.