Самі́ца 1 ’самка’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’галоўны корань у дрэве’ (Сл. ПЗБ), самы́ця ’самка’ (Сл. Брэс.). Укр. сами́ця, польск. samice, чэш. samice, славац. samica, серб.-харв. са́міца ’самка птушак’, славен. samíca ’тс’. Прасл. *samica, дэрыват ад *samъ ’сам’ з суф. *‑ica, паралель да наз. м. р. *samьcь ’самец’ (SP, 1, 98; Махэк₂, 537). Улічваючы націск і лінгвагеаграфію, у бел. магчыма з польск. Гл. яшчэ Борысь, 538.
Самі́ца 2 ’каўтун на галаве’, само́к 2 ’вялікі камяк каўтуна на галаве’ (пух., З нар. сл.). Укр. са́мка ’дзіцячая хвароба’. Табуістычныя назвы ад саміца 1, самок 1 (гл.).
Са́мка ’асобіна жаночага полу’. Рус. са́мка ’тс’, укр. са́мка ’від дзіцячай хваробы’. Да сам з суф. ‑к‑.
Само́та ’адзінота, паходжанне ў адзіноцтве’, само́тны. Лічачы па націску, з польск. samota, samotny ’тс’, якія да sam (гл. сам).
Сампо́рык ’рэдкі малапажыўны суп’ (Скарбы). Дэрыват ад польск. sapory ’прысмакі, соўсы’ з другаснай назалізацыяй і нарашчэннем дэмінутыўнага суфікса. Да гэтай жа крыніцы ўзыходзіць і сапо́рак ’нагар у люльцы’ (трак., Сл. ПЗБ). Польскае слова з лац. sapa ’від сока’, sapor ’смак’ (Брукнер, 481). Да семантыкі сапорак параўн. сос (гл.).
Самту́к ’апалонік (малькі жабы)’ (воран., Сл. ПЗБ). З літ. samtùkai мн. ’апалонікі’, дэмінутыў да sámtis ’апалонік (лыжка)’; семантычны пераход пад уплывам бел. аналагічнага пераходу; гл. Грынавяцкене і інш., Lietuvių kalbotyros klausimai, 1975, XVI, 188; Лаўчутэ, Балтизмы, 72.
Саму́йла ’тоўсты чалавек’ (віц., Нар. лекс.). Ад сам з суф. ‑уй‑ла (як хамуйла (гл.)). Аб суфіксацыі гл. Карскі 2-3, 23–25. Да семантыкі параўн. самавіты і вытворныя (гл. сам).
Самура́й ’гарэзлівае дзіця’, перан. ’насякомае’ (Мат. Гом.). Тыпалагічна хутчэй першасным значэннем будзе ’насякомае’, потым ’гарэзлівае дзіця’. Тады з ⁺са‑мур‑ай, да кораня ‑мур‑, які ў мурашка, муравей (гл.).
Саму́сь ’нешта нябачнае, якое прыводзіць рэчы ў рух’: самусь дзверы очыныв (КЭС). Ад самы з палес. пераходам ы > у і часціцай сь. Не выключаны ўплыў імя Самусь з Самуіл (гл. Нас.).
Самшы́т ’паўднёва вечназялёнае дрэва з цвёрдай драўнінай’ (ТСБМ), праз рус. самши́т ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 73) з пярс. šimšäd ’тс’ (Праабражэнскі, 2, 249; Локач, 151; Фасмер, 3, 555).
Самяшы́на ’перхаць’ (кіраў., Нар. сл.). Дэрыват ад дыял. *самяша́ць ’змяшаць’ < мяшаць з суф. ‑іна.