Струх ‘нешта струпелае’ (Барад.), стру́хнуць, струхне́ць ‘збуцвець, спарахнець’ (ТС). Гл. трухнуць, трухлы (гл.).
Стру́чны ‘дзе шмат струкоў’ (Варл.; ашм., Стан.), ‘з мноствам ягад’ (бяроз., Шатал.; Сл. Брэс.), ‘кусцісты, шматклубневы (напр., цыбуля)’ (пух., З нар. сл.), струча́ны ‘з мноствам струкоў’ (талач., Шатал.), стручы́сты ‘тс’ (мядз., Нар. сл.). Да струк 1 (гл.).
Стручо́к ‘пеніс у хлопчыка’: каля карчоў рачок і ўхопіцца за стручок (Барадулін, Дуліны ад Барадуліна, 2004, 176). Укр. аргат. стручо́к ‘тс’. Відаць, да струк 1 (гл.).
Стру́шанка ‘сена і салома, змешаныя разам’ (Нас., Янк. 2; віл., лаг., Сл. ПЗБ; Юрч.), струша́нка ‘тс’ (Бяльк.), стру́шынка ‘тс’ (чавус., Нар. сл.), стру́шанка, тру́шанка ‘тс’ (Мат. Маг.). Параўн. струшваць ‘страсаць’ (Др.-Падб.) < трусіць, адсюль *струшаны, ад якога ўтвораны дэрываты з суф. ‑к‑. Параўн. трусіць, трасянка, гл.
Стру́шня ‘страва з розных агародных карэнняў’ (Нас.), ‘сумесь двух або трох частак сена з саломай’ (бых., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і ‘закалот, неразбярыха’ (Арх. Федар., Стан.), стру́шні ‘руіны’ (Ласт.). Аналагічна да папярэдняга слова, гл. Да семантыкі параўн. рус. стру́шня ‘турботы, трывогі, калатнеча’, струшни́ться ‘трывожыцца, мітусіцца, клапаціцца’, якія Куркіна (Этимология–1994–1996, 49–50) збліжае з струхну́ть ‘збаяцца’ (< *trux‑), суадносным з стру́шня ‘трывога’ (Ласт.).
Струя́ ‘струмень’ (ТС, Сцяшк.), струй ‘тс’ (ТС), ‘рэчышча’ (Сл. ПЗБ). Укр. стру́я, струя́ ‘тс’, рус. струя́ ‘тс’, стараж.-рус. струя, серб.-харв. стру́ја, славен. strúja ‘рукаў ракі, канал, цячэнне, струмень’, балг. струя́, макед. струја ‘струмень’, ст.-слав. строуꙗ ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struja з’яўляецца дэрыватам ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’ з суф. ‑ja (Слаўскі, SP, 1, 82) і ўстаўным ‑t‑; параўн. струга, струмень, востраў (гл.). Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. sraujà ‘цячэнне’, sraũjas ‘хуткі’, лат. stràuja ‘імклівы’, ст.-в.-ням. Stroua, Streua, нова.-в.-ням. Streu ‘прыток Заале’. Гл. Фасмер, 3, 785 з літ-рай; Бязлай, 3, 335; Скок, 3, 349–350; Глухак, 590; ЕСУМ, 5, 455.
Стры́балкі ‘тонкія ногі’ (стаўб., З нар. сл.). Параўн. рус. дан. стри́балка ‘гульня, вяровачка для скакання’. Вытворнае ад стрыба́ць ‘скакаць’, гл. наступнае слова.
Стры́баць ‘скакаць’ (Ласт.), стрыбуля́ць ‘ісці падскокваючы’ (хойн., Шатал.); сюды ж стрыбо́к ‘скок, скачок’, стры́баўка, стры́бля ‘страказа’ (Ласт.), стрыбутне́йшы ‘здаравейшы, мацнейшы’ (Ян.). Параўн. укр. стриба́ти ‘скакаць’, стрибо́к ‘скачок’. Прасл. дыял. *stribati ‘скакаць’, роднаснае літ. stribuliúoti ‘падскокваць, скакаць’ (ЕСУМ, 5, 439), якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) лічыць крыніцай запазычання аднаго з дзеясловаў. Параўн. таксама літ. stripuliúoti, strãpaliuoti ‘тс’, звязаныя з strapulnė́ti ‘стукаць нагамі’ (Куркіна, Этимология–1974, 52), што дазваляе ў аснове названых слоў бачыць гукаперайманне, параўн. стропаць, тро́паць ‘стукаць нагамі’ (гл.), дры́паць ‘часта пераступаць нагамі’ (Скарбы) і інш.
Стрыбо́г ‘уладар зямных і нябесных вод (атаясамліваўся з Міколам Вясеннім або Лысым)’ (Жлоба, Народная педагогика Полесья: по материалам этнографических исследований, Брест, 2002, 182–183), страж.-рус. Стрибогъ ‘бог вятроў’, параўн. вѣітри, Стрибожи внуци ў “Слове пра паход Ігаравы”. Лічыцца запазычаннем з ст.-іран. *Srībaɣa; паводле Мартынава (Этнагенез, 6–7), ‘добры бог’, супрацьпастаўлены *Dužbaɣa ‘злы бог’, суадносным з стараж.-рус. Дажьбогъ (< прасл. *dъžbogъ). Гл. таксама Фасмер, 3, 777 (з аглядам версій і літ-ры). Трубачоў (Этногенез₂, 197–198) лічыць прасл. *stribogъ і *da(djь)bogъ культурнымі інавацыямі славян, а не індаеўрапейскімі архаізмамі, першае з якіх уяўляе кампазіт з імператыўнай формай дзеяслова *sterti ‘распаўсюджваць, распасціраць’ у спалучэнні з іменем *bogъ ‘бог’; гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 398; Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 272; Тапароў, СБЯ, 1983, 120; Жураўлёў, Язык и миф, 171–172. Сувязь з стрыбаць (гл.) і ням. streben ‘прагнуць, імкнуцца’ (Брукнер, KZ, 50, 195) малаверагодная, паколькі гэта быў бы просты аддзеяслоўны дэрыват, параўн. стрыбок ‘скачок’. Гл. яшчэ Зайкоўскі, Бел. міф.₂, 492–493; ЕСУМ, 5, 439–440.
Стрыві́ць ‘азярэдзіць’ (бялын., Нар. сл.), стрыўё ‘старадаўні від азяроду, у якім папярочныя жэрдкі клаліся на елкі з часткова абрубленымі сукамі’ (там жа). Да астрова (гл.) з адпадзеннем пачатковага а‑, характэрным для гаворак Магілёўшчыны.