Ске́моцень ‘моцны мароз’ (ТС). Да *скеміць ‘сціснуць, шчыпаць’, параўн. укр. скемі́ти ‘калоць, ныць, балець’, рус. скоми́ть ‘балець, ныць, шчаміць’, роднасным да аскома і шчаміць (гл.). Параўн. скем (гл.).
Скеп ‘жэрдка ў плоце’ (Сцяшк. Сл.). Аддзеяслоўны дэрыват ад скяпаць (гл.) з нулявым афіксам.
Скепі́на ‘шчыліна’ (Нас., Гарэц.). Да скяпаць (гл.). Польск. skiepina з беларускай (Варш. сл.). Параўн. ске́пка.
Ске́пка ‘лучынка, трэска, аскалёпак’ (Шат.; маз., Яшк. Мясц.; Байк. і Некр., Янк., Пятк. 2, ТС), ‘адна лучына’ (жытк., Нар. словатв.), скы́пка ‘лучына’ (кам., Жыв. НС), скёпка ‘трэска; асколак’ (Нас.). Укр. скі́па, скі́пка, рус. дыял. ске́па, ске́бка, ски́па ‘тс’. Ад скяпа́ць (гл.) з суф. ‑к(а). Сюды ж ске́пка ‘дзеянне па дзеяслову скяпаць’ (Нас.), прыметнік ске́пкі ‘колкі’ (Байк. і Некр.).
Ске́пнік ‘грыб лось (пеўнік стракаты), Sarcodon imbricatus (Fr.) Karst.’ (Касп.). Відаць, да скяпаць, ске́пка (гл.), таму што грыб мае «пашчапаную» калючую паверхню. Параўн. яго навуковую назву вожычнік стракаты, а таксама іншыя народныя назвы: скепанка, ёршык, вожык, сямірога (Сярж.–Яшк.).
Ске́пня ‘касцёр дроў’ (лях., ЛА, 1). Да скяпаць (гл.).
Ске́псціць ‘схібіць, памыліцца’, ске́псьціцца ‘блажэць, пагаршацца’ (Ласт., Некр. і Байк.), ске́псіцца ‘сапсавацца’ (Касп.), ске́пціцца ‘тс’ (карэліц., Нар. словатв.). Да кепскі, кепска (гл.).
Скергата́ць, скергета́ць, скіргета́ць, скаргата́ць ‘скагатаць, прарэзліва крычаць (пра птушак, жаб)’, ‘адрывіста смяяцца’ (ТС), 3 ас. адз. л. скерге́чэ, скіргі́чэ, скрыге́чэ (пра сароку) (ЛА, 1). Параўн. рус. скрегота́ть, вынік метатэзы кре — кер, скра — скар, гл. скрыгатаць.