Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Валу́іна ’вялікі дурань’ (З нар. сл.). Да валуй ’тс’ (гл.) з суфіксам адзінкавасці.

Валу́й1 ’шапкавы грыб сямейства сыраежкавых, Russula foetens’ (БРС, Касп., Серж. Грам., Гарэц., КЭС), валуі ’Vaccinium uliginosum L.’ (Кіс.). Рус. валуй, волуй ’грыб, Agaricus foetens’, укр. валуй ’тс’. Да вол (Фасмер, 1, 345). У семантычным плане параўн. другую назву гэтага грыба — бычок.

Валу́й2 ’вялікі дурань’ (З нар. сл.). Магчыма, да валяць, валяцца (параўн. валяй, рус. увалень).

Валу́н ’вялікі камень’ (БРС), валуны ’асобныя кавалкі скал’ (Інстр. I). Рус. валун, укр. валун, чэш. valounрус.; Махэк₂, 676), славац. valún. Да валіць (Фасмер, 1, 270; Шанскі, 1, В, 13).

Валуні́цца ’ўздымацца валунамі’ (КЭС): «Валуніліся бруствераў рады» (А. Лойка). Да валун.

Валу́х. Гл. ва́лашыць.

Валу́ша ’сукнавальня’ (КЭС). Рус. валуша, укр. валуша ’тс’. Гл. валюш.

Валхве́ц ’від адзення’ (Др.-Падб.). Утворана з дапамогай суфікса ‑ец ад прыметніка *валхвовы каптан > валхвец.

Валхві́ць ’лячыць’ (Пал.); ’песціць, цацкацца’ (Юрч.). Другое значэнне метафарычнае. Валхвіць ’лячыць’ да волхв ’знахар’, параўн. рус. волхвовать, волшить, волшебничать, волшебствовать ’знахарыць, загаварваць’. Параўн. семантычныя суадносіны варажыць і урач (гл. Коген, Запіскі, 191). Гл. таксама Вайян, RÉS, 1961, 144.

Валшэ́мнік ’чараўнік’ (Кліх.). З валшэбнік з асіміляцыяй бн > мн.

Валыва́цца ’хвалявацца’ (Бяльк.). Суфіксальнае ўтварэнне ад вал1 ’хваля’ (гл.).