Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ветрана (безасаб.) ’ветранае надвор’е’ (КТС, БРС, Шат.), укр. ві́тряно, рус. ве́трено, польск. wietrzno, чэш. větrno, славен. vėtréno (je), балг. ветрено ’тс’. Да вецер, ветраны (гл.).

Ветранік1 ’вятрак’ (жлоб., калінк., Мат. Гом.) — вузкарэгіянальнае ўтварэнне, якое ўзнікла ў выніку намінацыі ветраны млын; параўн. таксама ветраніца3. Аналагічна ў славен. мове vẹ̑trnik ’вятрак’, у н.-луж. wětšnik, в.-луж. wětrnik ’тс’.

Ветранік2, ве́трінік, ве́трыньнік ’легкадумны чалавек, ветрана’ (Бяльк.), рус. ве́треник ’ветрагон’, польск. wietrznik, макед. ветреник, балг. ветреник ’легкадумны чалавек’. Лексема ўзнікла ў выніку намінацыі ветраны чалавек або субстантывацыі прыметніка ветраны пры дапамозе суфікса Nomina agentis ‑нік.

*Ветранікі1 брэсц., малар. ві́траныкы ’апоўзіны на стозе, козлы на страсе’ (Нар. сл.), стол. вэ́треники ’звязаныя палкі, якія кладуцца на канёк страхі’ (Шушк.). Укр. наві́треник, рус. урал., зах.-сіб. ве́треники ’апоўзіны на стозе або на капе’, вялікапольск. wietrznik ’тс’. Палескія лексемы запазычаны, відаць, з польскай мовы.

Ветранікі2, ві́траныкы, вітряныкы, вэ́трэныкы ’дзве дошкі, якія прыбіваюцца да лат з боку франтона і, скрыжоўваючыся ўверсе, утвараюць вільчак’ (палес., Нар. сл., Шатал.), рус. йонаўск. ветреник ’тс’. Запазычана з польск. мовы; параўн. каш. zawietrznik ’тс’. Гл. таксама ветранікі1. Славен. vétrnik ’ахова ад ветру’ (напр., дзверы ў сенцах); слуп (саха) у драўлянай канструкцыі страхі’ маюць іншую семантычную матывацыю.

Ве́траніца1 ’пралеска, кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (ветк., Мат. Гом.), ветраніца белая ’расліна’ (КТС). Рус. тамб. ветраница ’анемона’, зах.-сіб. ’сон-трава, Pulsatilla patens’, польск. wietrznica ’анемона’, серб.-харв. вѐтреница, вјѐтреница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’кураслеп’; ’дарыкній травяністы’, ст.-рус. ветряница ’назва лекавай травы’ (з XVIII ст.). Да ве́цер (гл.). Расліна названа так таму, што яна любіць адкрытыя, даступныя ветру месцы, паляны, лугі. Назвы, звязаныя з лексемай вецер, у славянскіх народаў атрымалі шматлікія расліны, напр.: бел. вятроўнік ’Filipendula Mill.’, укр. вітреник ’яснотка, шанта’; ’медуніца, шчамяліца’; ’спірэя’; ’пылюшнік’, славен. vétrnik ’васілёк’, рус. ветреница (гл. вышэй) і ’перакаці-поле’, ве́треная трава́ ’белая канюшына’; ’гарлянка’, ве́треник ’лясны кураслеп’ і інш., магчыма, таму, што некаторыя з іх ужываюцца для лячэння прастудных захворванняў, а таксама хвароб ад ветру.

Ветраніца2 ’пустазвонка’ (КТС), укр. ві́тренница ’няверная, нясталая, легкадумная жанчына’, паўн.-рус. ветреница ’нясталы, няверны, марнатраўны (аб чалавеку)’, польск. уст. wietrznica ’легкадумная жанчына, ветраго́нка’ ад ве́транік ’ветрагон’ і суф. ‑іц‑а.

Ветраніца3 ветраны млын’ (Касп.), рус. пенз., горк. ве́треница, балг. паўн.-усх. вятърница, макед. ветерница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’крыло ветранога млына’. Узнікла ў выніку намінацыі выразу ветраная мельніца (пры дапамозе суфікса ‑іц‑а). Гл. таксама ветранік1 (суфікс ‑ік).

Ветраніца4 ’ветранае надвор’е’ (КТС). Утворана ад прыметнікавай асновы ветран‑ (гл. ветраны) і суф. ‑іц‑а (які называе з’яву па яе прыкметах) паводле ўзору галалёдзіца.

Ве́траніца5 ’ветраная воспа’ (лоеў., браг., Мат. Гом.). Укр. вітренниця ’гарачка’; ’шаленства’, рус. ветреница, уладз., арханг. ’ветраная воспа’, наўг. ’хранічныя наскурныя высыпкі’, польск. wietrznice ’кароста ветраной воспы’, славен. vẹ̑trnice ’ветраная воспа’. Прасл. větrьnica, якая ўтварылася шляхам субстантывацыі прыметніка větrьnъ. Да вецер (гл.).

Ве́траніца6 ’дзве дошкі ў франтоне’ (палес., Мат. Гом.), віц. ’падшыўная дошка ля краю страхі’ (Касп.). Гл. ве́траніцы.

Ве́траніцы, ві́траныці ’дзве дошкі, якія прыбіваюцца да лат з боку франтона і, скрыжоўваючыся, утвараюць вільчак’ (палес., Нар. сл., Шатал.), рус. валаг., уладз. ве́треница ’тс’, паўн.- і с.-рус., урал. ве́треница, ве́треницы ’козлы на страсе, апоўзіны на капе, стозе’, польск. каш. zawietrznica ’дзве дошкі на франтоне’, славен. vétrnice ’саламяная пляцёнка, якая закрывае ў вільчыку адтуліны паміж схіламі страхі’. Да ве́цер (гл.). Гл. таксама ветранікі2.

Ве́транка ’хвароба, якая бывае тады, калі вецер «падхопіць» чалавека або «падляціць пад яго»’ (палес., Маш.). Рус. ярасл. ветренка ’хвароба — падскурныя нарывы, якія бываюць «з ветру»’. Узнікла шляхам намінацыі, суфікс ‑к‑a па ўзору ліхама́нка, чырво́нка.

Ветраннік1 ’паддувала пад дзверцамі пліты’ (В. В.). Рус. арханг. ветреник ’фортка ў акне, прадуха ў сцяне для праветрывання пакоя’, польск. уст. wietrznik ’вентылятар, прадуха’. Адпрыметнікавае ўтварэнне з суф. ‑ьn‑nikъ.

*Ве́траннік2, ве́траньнік ’флюгер’ (Бяльк.). Запазычанае відаць, з польск. wietrznik ’тс’.

Ве́траны ’які прыводзіцца ў рух ветрам, адносіцца да ветру, пашыраецца з ветрам’, (перан.) ’легкадумны’ (КТС, БРС, Сцяшк.), укр. вітряни́й, рус. ве́тряный, ветряно́й, ве́треный, ст.-рус. вѣтреный, вѣтряный, польск. wietrzny, н.-луж. wětšnu, в.-луж. wětrny, чэш. větrný, větrní, славац. veterný, славен. vétrn, vetrén, макед. ветрен, балг. ветрен, ст.-слав. вѣтренъ, вѣтрьнь. Прасл. větrьnъ. Прыметнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ьn‑ ад асновы імені větr‑ (гл. ве́цер).

Ветраць ’прасушвацца, праветрывацца, знаходзіцца на ветры’ (КТС), вятрэ́ець (безасаб.) ’знаходзіцца, сушыцца на ветры’ (Нас.), рус. кастр. ве́трять ’сохнуць на ветры’; ’засыхаць, чарствець (аб хлебе)’; ’віцца на ветры’, чэш. větrati распадацца, выветрывацца (аб скале)’. Непераходны дзеяслоў стану, утвораны ад назоўніка větrь (гл. вецер) і суфікса ‑a‑ti, які пасля быў выцеснены прадуктыўным суф. ‑i‑ti (< ‑ě‑tі), гл. ветрыць1. Да яго семантычна блізка стаіць бел. пятрэ́ць ’сохнуць’.

Ветрачок ’малы вятрак; рухомае прыстасаванне, якое па форме нагадвае вятрак; малая электрастанцыя’ (КТС), укр. вітрячок, палес. вітрачо́к, вєтрачо́к, ви​ітрачо́к ’прылада, на якую намотваецца пража з цэўкі або верацяна для сушкі’, рус. пск., смал. ветрячок ’ветраны млын магутнасцю для патрэб адной гаспадаркі’, польск. wiatraczek ’ветрачок’. Памяншальная форма лексемы вятрак (гл.).