Ліхама́нка ’хваравіты стан з гарачкай і дрыготкай’, ’малярыя, трасца’, ’гарачкавая дзейнасць’ (Гарэц., Касп., ТСБМ, Растарг.; паўд.-усх., КЭС), укр. харк. лихома́нка, рус. лихома́нка ’тс’, ’ліхадзейка’, ’хлус’, ’благі чалавек’, ’пракуда’. Бел. слова прымыкае да рус. моўнага арэалу, у якім гэта лексема з’яўляецца табуістычнай назвай ад лихоманка ’круцелька, ашуканка’, лихома́нить ’прыносіць зло, бяду’, рус. лихоман, кур. ’д’ябал’, усх. ’махляр’, паўн.-дзв. ’вар’ят’, ст.-рус. лихоманъ ’тс’, укр. палес. лихо́ма ’бяда, цяжкае становішча’, лихоманка ’ліхаманка’, польск. lichman ’мот’. Прасл. lixomanъ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 93). Да lixo > лі́ха і maniti > мані́ць (гл.) (Зяленін, Табу, 2, 77; Фасмер, 2, 505).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)