Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спас1 ‘Збавіцель; адна з назваў Хрыста’, ‘назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят’ (ТСБМ), ‘Спас, свята 6/19 жніўня’ (Шат., Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), Спас ‘імя аднаго са святых’ (Пятк. 2, Федар. 4), іспас ‘свята’ (Сержп. Прымхі), спасі́цель ‘тс ’ (Ян.), сюды ж спа́саўка ‘пост перад Спасам’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Скарбы, Ян., Сл. ПЗБ), ‘сорт груш (яблык), якія паспяваюць перад Спасам’ (ТСБМ), спа́соўка ‘тс’ (ТС), ‘двухтыднёвы прамежак часу перад і пасля Спаса’ (ТС), спасо́ўкі ‘восеньскія мухі’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’. Укр. Спас ‘Збавіцель’, спа́сівка ‘пост у канцы лета’, ‘сорт яблык (груш)’, рус. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’, адкуль Спа́сов день, стараж.-рус. Съпасовъ дьнь (6 жніўня); таксама рус. Спас ‘свята (6/19 жніўня). Ад ст.-слав. съпасъ < съпасти ‘берагчы, ратаваць’, стараж.-рус. съпасти ‘выратаваць’ < прасл. *pasti ‘пасвіць; берагчы’; гл. Фасмер 3, 732), які адзначае тут кальку грэч. σωτήρ ‘Збавіцель’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 366.

Спас2 ‘ратунак, выратаванне’ (Жд. 3, Ян., Шатал., ТС). Скарочана з спасе́нне (спасе́нье) (ТС, Нас., Шат., Гарэц.) ад спасці́ ‘выратаваць’ (Сл. ПЗБ), што праз царкоўнаславянскую з ст.-слав. съпасти. Гл. папярэдняе слова.

Спа́сны ‘адкормлены’ (Выг., Сл. Брэс.), ‘непераборлівы і добры да яды’ (ТС; лун., Шатал.; Сл. Брэс., Жыв. сл., ЛА, 4, Скарбы), ‘вынослівы’ (Мат. Гом.). Дэрыват ад асновы цяп. ч. дзеяслова спасвіцьспасу́ з суф. ‑н(ы). Але спа́слы ‘тлусты, адкормлены’ (Жд. 1), ‘вынослівы’ (брасл., Сл. ПЗБ), аўтары слоўніка (там жа, 4, 533) лічаць паланізмам, параўн. польск. spasły ‘адкормлены, сыты, тлусты’. Магчыма, палес. спа́сны паходзіць з той жа польскай крыніцы з заменай ‑л‑ на ‑н‑.

Спасо́б’е ‘дапамога’ (Шат.), ‘пенсія’ (Янк., Мат. Гом.). З рус. посо́бие ‘дапамога’; параўн. посо́ба ‘дапамога, падтрымка’ (Нас.). З выразу *ро sobě (гл. сябе); гл. Фасмер, 3, 340.

Спасо́біць ‘садзейнічаць, дапамагаць’, спасабля́ць (Нас.). Да этымалогіі гл. пасабіць.

Спата́каць ‘набыць з цяжкасцю, так-сяк’ (лаг., Стан.; Варл.), спота́каць ‘зладкаваць, зрабіць’ (ТС). Семантычна немагчыма вывесці з патака́ць ‘патураць’ (гл.). Ад займенніка так, магчыма, праз дзеяслоў а́каць з шырокай семантыкай, што замяшчае шырокі спектр канкрэтных значэнняў, параўн. балг. тако́вам ‘нешта рабіць’ і пад. Параўн. таксама рус. та́кать ‘гнаць, падганяць’, што звязана з *točiti, *tekti, гл. наступнае слова (гл. Фасмер, 4, 12). Аднак пры гэтым застаюцца значныя семантычныя цяжкасці.

Спата́чаваць ‘сачыць, падглядваць; выкрываць, лавіць (на чым-небудзь); разумець’ (Нас., Стан.). Насовіч (Нас., 608) выводзіў з *tekti ‘бегчы, рухацца’, гл. уцякаць. Няпэўна. Магчыма, ітэратыў да папярэдняга слова. Тады да та́каць ‘паддакваць, пагаджацца’, параўн. рус. та́кать ‘тс’, та́чить ‘песціць, апекавацца’, балг. та́ча ‘паважаць, шанаваць’, гл. так (Трубачоў у Фасмер, 4, 29).

Спатка́ць ‘выйсці насустрач, сустрэць’ (ТСБМ, Нас., Касп.; ашм., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ, Рам. 6), спатыка́ць ‘сустракаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Барад., Бяльк., Сл. ПЗБ). Прыставачнае ўтварэнне ад патка́ць, патыка́ць ‘сустрэць, сустракаць’ (гл.).

Спаты́чка ‘(нечаканая) сустрэча’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сутычка, сварка’ (Нас., Сл. ПЗБ). Утворана ад спатыкаць (гл. спаткаць) па ўзору польск. potyczka ‘тс’ або непасрэдна ад польск. з прыст. с‑.

Спахо́вы ‘адхоны, адлогі’ (ПСл, Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘пахілы’ (беласт., Лапіч, Term. geogr.), спахо́ваты ‘тс’ (ЛА, 2), спахо́вісты ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. спахо́вий, спахова́тий, спахова́стий ‘пахілы, спадзісты’, польск. дыял. spachowy, spachowaty ‘тс’. Няясна. Магчыма, да спаха́ць ‘выпрацаваць да канца’, спаха́ны ‘спрацаваны, сцёрты’ (ТС), што да пахаць (гл.) — тады ‘згладжаны’, параўн. спахо́мы ‘пакаты’ (Сцяшк. Сл.) — дзеепрыметнік ад спахаць? Сюды ж, відаць, і спахало́вы ‘псіхічна хворы’ (там жа). Параўн. польск. pachać ‘мясці, зграбаць’ (Варш. сл.). Параўн. ЕСУМ, 5, 382 (мяркуюць пра кантамінацыю тыпу спуск з пахілы).

Спахо́мы ‘пакаты (бераг)’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; параўн. польск. pachać ‘капаць; зразаць’ (Фасмер, 3, 220). Гл. пахаць.