Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спавіва́ч ‘доўгая вузкая палоска тканіны, якой спавіваюць маленькіх дзяцей’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), спаві́віч ‘тс’ (Касп.); іншыя дыялектныя назвы: спаве́яч (Мат. Гом.), спаві́вач (ТС), спавіва́льнік (Шатал.), спаві́ч (Жыв. сл.); апошняе таксама ‘палатно, якім пакрывала кума дзіця ў час хрышчэння’ (нараўл., Арх. ГУ). Да спавіць, спавіваць (ТСБМ, Ласт., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп.) < па‑віць. Тая ж семантыка ў рус. сповива́льник чэш. povijan і г. д.

Спавяда́ць ‘выслухоўваць пакаянне ў грахах’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘каяцца; лаяць, бэсціць’ (Юрч.), спавяда́цца ‘каяцца ў грахах’ (ТСБМ, Нас., Растарг., Ласт., Байк. і Некр.), спо́ведзь ‘пакаянне’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Укр. сповіда́ти, спо́відь, рус. испове́дывать(ся), стараж.-рус. исповѣдовати, польск. spowiadać(się), spowiedź, в.-луж. spowědać so ‘спавядацца’, spowědź, н.-луж. spowědaś se, spowěź, чэш. zpovídat (se), zpověď, славац. spovedat (sa), серб.-харв. исповедати (се), ȉspovȇd, славен. spovedovati (se), spóved, балг. изповя́дам, и́зповед, макед. исповедува, исповед. Тэрмін хрысціянскай тэрміналогіі да прасл. *povědati ‘паведаць, патлумачыць’ < *vědati ‘ведаць’; усходнеславянскія, лужыцкія і паўднёваславянскія з *jьz‑povědati; споведзь < *jьzpovědь; гл. Шустар-Шэўц, 1344–1345. У канфесійным значэнні калька лац. con‑fiteri ‘прызнавацца’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334).

Спага́да ‘спачуванне, сімпатыя’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Стан., Варл.), спага́д (Стан.), спагадзі́на ‘тс’ (Барад.). Аддзеяслоўныя назоўнікі ад спагада́ць ‘адносіцца са спагадай, спачуваць, праяўляць літасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Арх. Федар., Касп., Пятк. 2, ТС), якое да прасл. *goditi < *godina (гл. год).

Спада́к ‘ніжняе бервяно драўлянага збудавання’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘падваконнік’, ‘насціл на санях’ (Сцяшк., Шатал., Сл. ПЗБ), ‘апорны палазок у плузе’, ‘нарог, які падразае зямлю’, ‘ніжні камень у жорнах’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘частка воза ў выглядзе кузава ці платформы’ (Скарбы). Да спод (гл.). Параўн. сподак.

Спада́р ‘гаспадар’ (Нас.), ‘госпад’, ‘гаспадар, пан’ (Стан.) сучасныя ветлівыя звароты спада́р, спада́рыня (ТСБЛМ; Беларусіка, 19, 224), ст.-бел. сподарь (Станкевіч, Язык, 651; Карскі, 1, 372), спадарыня (Ст.-бел. лексікон). Укр. спода́рь ‘тс’. З гаспадар з адсячэннем га‑; параўн. спажа. Этапы адпадзення фіксуюцца ў ст.-бел. осподарь (1407), сподарь (1489), оспоже (1489), гл. Карскі 1, 371–372. Параўн. спада́рка ‘гаспадарка’ (навагр., Сл. рэг. лекс.).

Спадзява́цца ‘мець надзею’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Федар. 4, Ласт., Растарг., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сподзева́цца ‘тс’ (ТС), сподзе́цца ‘тс’ (там жа), спадзява́нне, спадзе́я ‘надзея’ (Нас., Ласт.). З польск. spodziewać się ‘тс’, якое з s‑po‑dziewać; аб корані гл. надзея. Карскі (1, 339) меркаваў пра ўстаўку ‑в‑ у сярэдзіне слова.

Спа́дкі мн. л. ‘маёмасць, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у карыстанне каго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Нік. Очерки, Сержп., Янк., Шат., Нар. сл.; в.-дзв., гродз., круп., докш., пруж., Сл. ПЗБ), ‘рэчы, якія застаюцца пасля ад’езду гаспадароў з дому’ (Сцяшк.). Ст.-бел. спадокъ ‘спадчына’ з ст.-польск. spadek ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78). Форма мн. л. ужо ў беларускай мове. Польск. spadek < spaść ‘дастацца некаму ў спадчыну пасля памерлага’ < padać (гл. падаць); гл. Борысь, 568. Гл. яшчэ Кюнэ (Poln., 98). Спадкае́мец ‘той, хто атрымлівае спадчыну’ (ТСБМ, Байк. і Некр.) (ад спадкі і мець) — калька польск. spadkobierca ‘тс’.

Спадні́ца, дыял. спані́ца, сподні́ца, ‘жаночае адзенне, а таксама частка сукенкі ад таліі ўніз’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Шымк. Собр., Федар. 4, Ян., Сл. ПЗБ, ТС). Да сподні < спод (гл.) з суф. ‑іц(а). З іншымі суфіксамі: спо́дне ‘бялізна’ (Сл. Брэс.), спадняк ‘хатняя спадніца з порту’ (Інстр. 1), спо́днік ‘сподняя спадніца’ (Жд. 1, Сцяшк.). Параўн. ісподнік. Спадніца, лічачы па акцэнтуацыі, можа быць запазычаннем з польск. spódnica ‘тс’.

Спадня́к ‘ніжні камень у жорнах’ (Мат. Гом., Шатал., ТС). Праз прыметнік сподні да спод (гл.) з суф. ‑ак.

Спадо́ба: да спадо́бы (быць, прыйсціся) ‘спадабацца, быць каму-небудзь па гусце’ (ТСБМ), ‘густ’ (Сцяшк.). Сюды ж спадо́баць ‘упадабаць, пакахаць’ (Ян.). З польск. spodoba ‘тое, што падабаецца, на што ўказвае націск’.