Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тарпане́т ’партаманет’ (Растарг.). З метатэзай у народнай мове ад партамент ’тс’, гл. партаманет.

Тарпаты́на ’сумесь смалістых рэчываў для атрымання шкіпінару і каніфолі, жывіца’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’шкіпінар’ (Гіл., Скарбы, Сл. Брэс., Сцяшк., Сцяц. Сл., Сцяц.), тарпаты́н ’шкіпінар’ (Сл. Брэс., Сцяшк.), тарпаты́н ’шкіпінар, тарпатына’ (Сержп. Прымхі; шальч., стаўб., ганц., брасл., Сл. ПЗБ; лях., Янк. Мат.), тарпанты́на ’прадукт смалакурэння, шкіпінар’ (гродз., Нар. сл.; ашм., Стан.), тэрпанты́на ’тс’ (Некр. і Байк.), тэрпаты́на ’шкіпінар, тарпатына’ (беласт., смарг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. терпентина, терпетина ’тэрпенцін’; сюды ж тарпаты́нніца ’смалакурня’ (шчуч., ЛА, 3). Праз ст.-польск. terpentyna ’тс’ з с.-лац. terpentinus (Булыка, Лекс. запазыч., 149).

Тарпачэ́ ’здані’ (карэліц., З нар. сл.). Гл. тарапачэ.

Тарпе́да ’падводны сігарападобны снарад’ (ТСБМ), сюды ж тарпэ́ды ’басаножкі’ (Сцяшк.). Праз рус. торпе́да, польск. torpeda з англ. torpedo ’электрычны скат; тарпеда’ < лац. torpēdo ’стан нерухомасці; электрычны скат’. У сучасным значэнні з пачатку XIX ст. (ЕСУМ, 5, 608; Чарных, 2, 252; Голуб-Ліер, 485). Назва басаножак, хутчэй за ўсё, па знешняму падабенству. Меркаванні Лаўчутэ (Балтизмы, 133) аб запазычанні назвы з балтыйскіх моў, параўн. літ. pė́de, pėdžià ’басаножка, падэшва з вяровак’ < pė́da ’ступа, ступня’, пры няясным паходжанні пачатку слова не пераконваюць. Параўн. танкеткі, гл.

Тарпі́на ’застаронак’ (ваўк., гродз., Сл. ПЗБ). Улічыўшы балтыйскае паходжанне зыходных торп, тарпа (гл.), магчыма дапусціць узнікненне назвы з суф. ‑ін‑а, параўн. тапі́на ’багна’, закла́дзіна ’падваротня’ і пад. (Сцяцко, Афікс. наз., 42), пад уплывам літ. tarpìnė ’застаронак’ (Сл. ПЗБ, 5, 91).

Тарпэ́ ’мітусенне, мільгаценне ў вачах’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка мяркуюць пра сувязь з літ. tarpaī ’кругі’, што сумніўна, гл. тарапачэ.

Тарсі́нкі ’лёгкія тапачкі’ (Жд. 3). Утворана ад рус. Торгси́н ’гандлёвая кампанія па продажы дэфіцытных тавараў за валюту і каштоўныя металы ў савецкі час (20‑я гады)’ (размоўнае скарачэнне «Всесоюзное объединение по торговле с иностранцами»).

Тарта́йка ’балбатун’ (жыт., ЖНС). Да тарата́йка (гл.) з сінкопай (пропускам галоснага).

Тарта́к ’лесапільны завод’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Вруб.), ’лесапілка’ (Жд. 2; пруж., Ск. нар. мовы), терта́к ’тс’ (Вруб.). З польск. tartak ’лесапільны завод’ ад дзеепрыметніка tarty ’цёрты’ < trzeć ’церці’ (гл. церці), старое значэнне ’пілаваць’ (Борысь, 628; Трубачоў, Ремесл. терм., 377), параўн. тарчыца ’дошка’, гл.

Та́ртар ’у старажытнагрэчаскай міфалогіі — падземнае царства мёртвых’, ’пекла’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. та́ртар ’тс’. Стараж.-рус. тарта́ръ, тарътаръ праз ц.-слав. тарътаръ з грэч. Τάρταρος, мн. л. Τάρταρα ’падземная бездань, падземнае царства’. Паходжанне грэчаскага слова невядомае (Фасмер, 4, 25; ЕСУМ, 5, 524–525), але Шантрэн (1095) мяркуе пра ўсходнюю крыніцу запазычання.