Тарпаты́на ’сумесь смалістых рэчываў для атрымання шкіпінару і каніфолі, жывіца’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’шкіпінар’ (Гіл., Скарбы, Сл. Брэс., Сцяшк., Сцяц. Сл., Сцяц.), тарпаты́н ’шкіпінар’ (Сл. Брэс., Сцяшк.), тарпаты́н ’шкіпінар, тарпатына’ (Сержп. Прымхі; шальч., стаўб., ганц., брасл., Сл. ПЗБ; лях., Янк. Мат.), тарпанты́на ’прадукт смалакурэння, шкіпінар’ (гродз., Нар. сл.; ашм., Стан.), тэрпанты́на ’тс’ (Некр. і Байк.), тэрпаты́на ’шкіпінар, тарпатына’ (беласт., смарг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. терпентина, терпетина ’тэрпенцін’; сюды ж тарпаты́нніца ’смалакурня’ (шчуч., ЛА, 3). Праз ст.-польск. terpentyna ’тс’ з с.-лац. terpentinus (Булыка, Лекс. запазыч., 149).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)