Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Со́вы фалькл. ‘шэры, сівы?’: “Бадай, зязюлька, бадай, совая, цэлы век кукавала” (Восеньскія і талочныя песні, 1981, 215). Няясна (памылка ў запісе — сівая?).

Со́да ‘агульная назва натрыевых солей вугальнай кіслаты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), со́днікі ‘млінцы на содзе’ (КЭС). З рус. со́да або польск. soda ‘тс’ з новалац. soda (гл. Фасмер, 3, 706; Праабражэнскі, 2, 349; Варш. сл., 6, 259) у заходнееўрапейскіх мовах: параўн. н.-ням. Sode, франц. saude, іт., ісп. soda ‘сода’.

Со́дні ‘суткі, доба, пара’ (дзісн., Ласт.). Параўн. рус. со́денный ‘тое, што адбылося ў нашы дні, сучасны нам’. З прыст. со‑ і дзень у мн. л.

Со́духі ‘канцы, смерць’ (ТС), салдухі ‘тс’ (Ліцв.). Гл. садухі.

Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjka ‘від галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац.соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.

Сойм ‘сейм’ (Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб.), ‘збор, з’езд’ (Ласт.), со́йма ‘зборышча’: пʼяная сойма (слуц., А. Кулакоўскі), ст.-бел. соимъ, старое съемъ ‘сход прадстаўнікоў шляхты ў Рэчы Паспалітай’, ‘змова’ (?): почалъ с нѣмъци соимы чинити (Віленскі летапіс XV–XVI стст.), соймік ‘сход прадстаўнікоў шляхты ВКЛ’. Укр. сойм ‘сейм’, со́йма ‘натоўп’, рус. дыял. сойм ‘сялянскі сход’, сойма, суйм, суём ‘тс; натоўп; бойка’. З прыстаўкі *съ‑ і кораня *jьm‑ ад *jęti ‘браць’ (Фасмер, 3, 707). Аднак з улікам польск. sejm ‘сход’, ст.-польск. sjem ‘тс’, славен. sȅjem ‘рынак, кірмаш’, серб.-харв. sajȁm ‘тс’ магчыма рэканструяваць прасл. *sъjьmъ ‘сход, збор’, аддзеяслоўны назоўнік, паводле Ластоўскага, ад сыймацца ‘падыймацца’ (Ласт.), параўн. ст.-бел. съимуть на Вельи, вышеи Ковна двѣ мили (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі 2-3, 373). Інакш Сной (Бязлай, 3, 224), які выводзіць славенскае і сербскахарвацкае словы з *sъnьmъ ‘тс’. Гл. сейм.

Сок ‘вадкасць у раслінных і жывёльных арганізмах, у глебе і інш.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘бярозавік’ (Сержп. Прымхі), ‘тук’ (слонім., Нар. лекс.), ст.-бел. сокъ ‘вадкае ў пладах’. Укр. сок, сік, рус. сок, польск. sok, в.-луж., н.-луж., sok ‘сачавіца’, чэш. дыял. sok, славац. osoka ‘сок (грыбны)’, серб.-харв. со̑к, славен. sọ̑k, балг., макед. сок, ст.-слав. сокъ ‘сок, напой’. Прасл. *sokъ мае адпаведнікі ў літ. sakaĩ мн. л. ‘драўняная смала’, ст.-прус. sackis ‘тс’; іншая ступень чаргавання: лат. sveķi мн. л. ‘смала’, алб. djak ‘кроў’, грэч. όπός ‘сок’, якія да і.-е. *s(u̯)ok​o‑ ‘сок расліны, дрэва’, з і.-е. *suek​, як мяркуюць, ‘мокры, вільготны’. Гл. Траўтман, 248; Мюленбах-Эндзелін, 3, 645; 1142; Фасмер, 3, 708 з літ-рай, а таксама Махэк₂, 566; Сной₁, 591; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 251. Параўн. сачавіца, сочыва.

Со́кал ‘драпежная птушка сямейства сакаліных, Falco’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), часцей сако́л ‘тс’ (Гарэц., Федар., Ласт., Стан.). Укр. со́кіл, рус. со́кол, дыял. соко́л, польск. sokół, в.-луж., н.-луж. sokoł, чэш., славац. sokol, серб.-харв. со̀ко̑, славен. sókol, балг. соко́л, макед. сокол ‘тс’. Прасл. *sokolъ ‘птушка Falco’. Лічаць роднасным ст.-інд. çakunas, çakúnis ‘нейкая птушка; вялікая птушка’ (гл. Фасмер, 3, 708–709 з літ-рай). Міклашыч (313), Брукнер (506), Шустар-Шэўц (1332) звязваюць з гукапераймальным сакатаць, а Борысь (566) мяркуе, што *sokolъ — дэрыват ад прасл. *sočiti (гл. сачыць), таму што гэта драпежнік высочвае і даганяе птушку. Паводле Пятлёвай (Этимология–2000–2002, 21–22), першасным значэннем магло быць ‘рассякаючы, раздзіраючы’, што ўзыходзіць да дзеяслова з семантыкай ‘рэзаць, сячы, рваць’, якая захавалася ў соколі́ць ‘мярэжыць’ (ТС); пра корань сок‑ са значэннем ‘рэзаць’ гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 202. Ускосным пацверджаннем такога развіцця можа служыць дэрыват сакольнік у цытаце: “… жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. <…> калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка” (Я. Колас), — які, відаць, быў амонімам да сако́льнік ‘той, хто даглядае лоўчых птушак, трэніруе і палюе з імі’, першасна звязаным з дзеясловамі тыпу славен. sókati, sókniti ‘ўкалоць (напр., нажом)’ і рус. дыял. соко́лик, соколе́ц, сокола́к ‘чорная жыла вялікага пальца рукі, vena pollicis; у коней жыла на назе, з якой пускаюць кроў’. Тады да *sěkti (гл. сячы), параўн. варыянтнасць галоснага ў сякера/сакера. Іншыя версіі гл. Пятлёва, там жа.

Со́лад ‘брадзільны прадукт’, ‘асалода, слодыч’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘салодкі смак’, ‘прарошчаны ячмень на піва’ (Варл., Сл. ПЗБ, Пятк. 1), ‘брага’ (Сцяшк.), со́лда ‘салодкая прыправа’ (ТС), со́ладзь ‘змолатае прарошчанае збожжа’ (Сл. ПЗБ), ‘нешта салодкае’ (Ласт., Шат., Жд. 1, Сл. ПЗБ). Укр., рус. со́лод, ст.-рус. солодъ, польск. słód, в.-луж. słód, н.-луж. słod, чэш., славац. slad, серб.-харв. сла̑д, славен. sléd, балг., макед. слад. Прасл. *soldъ. Далей гл. салодкі (Фасмер, 3, 712–713; Махэк₂, 551; Шустар-Шэўц, 1303).

Со́лам’е ‘падоўжаная бэлька ў гаспадарчых памяшканнях на сохах’ (ЛА, 4), ‘праход у печ, чалеснікі’ (ЛА, 4, Пятк. 1, Шушк.), со́ламеня, со́ламень, со́лен ‘тс’ (ЛА, 4), со́ламя, со́ламянь ‘полымя (у печы)’ (Сл. ПЗБ). Гл. саламя.