Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Пахлю́стаць ’памыць (грыбы)’ (гродз., Сл. ПЗБ). Да па‑ (< прасл. po-) і прасл. xlʼustati — гукапераймальнага дзеяслова (Трубачоў, Эт. сл., 8, 35). Параўн. бел. швянч. хлюшчзць ’моцна цячы (пра воду)’, рус. пск., цвяр. хлюстать ’(пра дождж) моцна біць у войны’, славінск. xlüstac ’ліцца, цячы з шумам’, польск. chlustać ’біць струменем’, н.-луж. hluskaś, в.-луж. khluskać ’ліцца з плёскатам’ і інш. Гл. таксама Слаўскі, 1, 67; Фасмер, 3, 248.

Пахме́лкі ’частаванне пасля хрэсьбін’ (чач., Мат. Гом.), по́хмелкі ’другі дзень хрэсьбін’ (Ян.). Рэгіяналізм. Адназоўнікавае ўтварэнне з суф. ‑к‑i (аб ім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 243) і прыстаўкай па‑. Да па‑ і хме́лле < хмель (гл.).

Па́хму́рны, похму́рны ’хмарны’, ’хмурны’, ’з хваравітым выглядам’ (Касп., ТС, Сл. ПЗБ), чач. по́хмарны ’сумны, маркотны’ (Мат. Гом.), пахма́рна ’пахмурна’ (Др.-Падб., Мат. Гом., ТС), па́хмурак, похмарак, по́хмарок ’хмарка, воблака (летам у добрую пагоду)’ (ТС; лельч., Мат. Гом.), пахма́рваць ’зацягваць хмарамі’ (ТС, Ян.; светлаг., Мат. Гом.). Укр. похмари́ти, похмари́ти(ся), похмарі́ти, по́хмарний, по́хмарно ’тс’; рус. похму́ра (пск., цвяр.) ’суровае надвор’е’, похму́рый (пск.) ’хмурны (дзень)’ (пск., цвяр.), ’шэры’ (кузбаск., бран., арл.), хма́рый ’тс’. Польск. pochmurny, pochmury, pochmarny, pochmurowaty, в.-луж. pochmurjeny ’тс’, pochmurić ’зацямніць, пахмурнець’, н.-луж. pochmuriś ’тс’, pochmurny, чэш. pochmurný, ходск. pošmourný ’пакрыты хмарамі’. Паўн.-прасл. (po‑)xmurьnъjь, (po‑)xmarьnъjь. Да хма́ра, хму́ра (гл.).

Пахмыз ’зараслі, хмыз’ (Федар. 7). Рэгіяналізм. Да па‑ (< прасл. pa‑) і хмыз, для якога Трубачоў (Эт. сл., 8, 45) выводзіць прасл. хтухъ (бел. смарг. хмызнік, укр. хмиз, рус. хмыз ’дробны кустарнік, параснік’, бран. хмыс, хмыза ’дробны дождж’), роднаснае да smyzb < і.-е. *smū‑gʼ‑/*smeu‑gʼ‑(ням. Schmauch ’густы дым’, англ. smoke ’дым’).

Пахмы́ла, пахмылішча ’пануры чалавек’, ’які не размаўляе’ (астрав., Сл. ПЗБ). Да па‑ (< прасл. po‑) і хмяліць (гл.) < прасл. xmyliti (sę) (Трубачоў, Эт. сл., 8, 45).

Пахно́ ’смурод’, ’кал’ (Яруш., Нас., Нас. Сб.). Да пах (гл.). Суфікс ‑н‑ó, як у govьno ’кал’. Параўн. укр. пахно ’пах’, у якім суфікс ‑н‑о мае іншае, павелічальнае значэнне — параўн. укр. прозвішча Махно́ ’вялізны чалавек’, а таксама драг. ступно́ ’вялікая ступа’, пічно́ ’вялікая печ’, качно́ ’вялізная качка’, чоборно́ ’вялізны бот’ (вусн. паведамл. Ф. Клімчук).

Пахо́віны ’пахаванне’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Калька з рус. похороны ’тс’ (хорони́ть = хава́ць).

Пахо́д 1 ’перамяшчэнне атрада з пэўнымі мэтамі’, ’ваенныя дзеянні’ (ТСБМ, Шат.), ’бойкае месца, дзе ходзяць і ездзяць’ (слаўг., Яшк.), пахады́ ’дарогі, сцежкі’ (гл.). Укр. похід ’шэсце’, ’паходка’, рус. поход ’рух войска’, ’кампанія’, ’ход касяка рыб’, ’лёт пчалы’, ст.-рус. походъ ’вайна’, ’выступленне на вайну’, ’выхад на лоўлю рыбы’, польск. pochód ’паход, марш’, працэсія’, ’рад, ланцуг, смуга’, ’крок’, ’паходня, дошка на плыце’, н.-луж. pochod ’паходжанне, эвалюцыя’, ’марш’, в.-луж. pochod ’марш’, чэш., славац. pochod ’тс’, ’паходны рух’, ’шэсце’, ’працэс’, славен. pohòd ’марш’, ’адведзіны, візіт’, серб.-харв. по̀ход ’тс’, ’ад’езд, выезд, выхад’, макед., балг. по́ход. Прасл. poxodъ ’апраўленне, выхад, выезд’ < poxoditi. Да па‑ < прасл. po‑ (са значэннем пачатку дзеяння) і хадзі́ць (гл.). На бел. тэрыторыі па‑ набыло значэнне ’паступовае запаўненне пэўнай плошчы дзеяннем’.

Пахо́д 2 ’невялікі лішак (у вадзе, суме, ва ўзросце)’, тураў. похо́д ’тс’ (ТСБМ, Яруш., Шат., ТС). Укр., рус. поход ’тс’. Усходнеславянскае. Да паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ > ’выходзіць з лішкам’. Іншае развіццё значэння ’выходзіць з чаго-небудзь, аднекуль’, параўн. у бел. паходзіць ’мець падабенства, быць родам адкуль-небудзь’ (Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), похо́дзіць ’тс’ > похо́джы ’падобны’ (ТС), ’належаць паводле нараджэння да якога-небудзь класа, нацыі’, ’узнікаць, утварацца’ (ТСБМ). Да першага значэння паходзіць ’выходзіць з чаго-небудзь’ і суадноснага з ім паход ’лішак’ можна прывесці паралель з літ. pértekėti ’працякаць’, ’перацячы, пераліцца’, pértekti ’мець у дастатку, удосталь’ і per̃teklius ’лішак’, у той час як літ. atliekà, ãtliekas, atlaikà, liẽkana ’лішак’ суадносяцца з lìkti ’заставацца, пакідаць’, якое (як і бел. лі́шак < прасл. lixъ) узыходзіць да і.-е. *leik​u̯‑so‑ ’пакідаць’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 91).

Паходаць ’асілець, адужаць, бароцца’ (Шат.). Параўн. польск. pochodzić ’перамагчы’, ст.-польск. ’тс’, ’зламаць, сагнуць’. Бел. лексема — вынік кантамінацыі польск. pochodzić і бел. уходаць ’забіць’, ’змардаваць, знясіліць’, — апошняе, відаць, можа ўзыходзіць да ст.-герм. handus ’рука’, параўн. hódugr ’моцны’. Цяжкасці выклікае рэфлекс ‑ó‑: у рус. художник яно перайшло ў ‑у‑ (< ст.-слав. хѫдожьникъ < прасл. xǫdogъjь).

Паходка ’хада, манера хадзіць’ (ТСБМ). Запазычана з рус. походка ’тс’.