Пах ’адчуванне органамі нюху лятучых рэчываў і субстанцый’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Яруш., Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), ’дух; дыханне’ (Нас.), па́хнуць, па́хнуті, па́хці ’пахнуць’ (Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), паху́чы, пахну́чы, пахню́шчы(й) ’духмяны’, ’пахучы’, ’смярдзючы’ (Гарэц., Сл. ПЗБ; ТС; карм., Мат. Гом.; укр. пах, па́хати ’нюхаць’, па́хнути, рус. пахнуть, польск. pach, pachnąć і pąchač, чэш. pach, páchnouti, славац. pach ’смурод’, páchnuť ’смярдзець’, ’аддаваць пахам чаго-н.’ Паводле Праабражэнскага (2, 29), Младэнава (415), Голуба (188), — гукапераймальнае. Махэк₂ (426) лічыць гэта слова экспрэсіўным дзеясловам з суфіксам ‑x‑ (ст.-чэш. páchati, в.-луж. pachać ’пыхкаць (люлькай)’, н.-луж. pachaś ’дыміць, курыць’), які ўзыходзіць да pálati ’гарэць, палаць’, што для Трубачова (гл. Фасмер, 3, 221) з’яўляецца недастаткова пераканаўчым. Сюды ж дзятл. па́хат (< pax + ъtъ) ’пах’ (Сл. ПЗБ) і па́хоць ’вялікі пах’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)