Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Смята́нка памянш. ‘смятана’, ‘верхні густы і тоўсты слой малака, вяршкі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Да смятана (гл.); у другім значэнні паланізм, параўн. польск. śmietanka ‘вяршкі’.

Смята́нне ‘вылет пчалінай маткі (на аблёт)’ (Мат. Гом.). Параўн. рус. смётываться, смета́ться ‘аб роі, які толькі што адраіўся; пасля выхаду з вулля асесці кучкай’ (Даль, без лакалізацыі) < метать(ся) ‘кідаць(ца)’. Беларускае, відаць, з рускай, улічваючы адзінкавасць фіксацыі і лінгвагеаграфію.

Смяце́й ‘спарыння’ (Сцяшк., Нар. словатв.), ‘галаўня (хвароба раслін)’ (Сл. ПЗБ), смяце́нь (сметэ́нь) ‘тс’ (Шатал.). Гл. сняцей.

Смяцю́х ‘від жаваранкаў, якія не адлятаюць у вырай’ (Скарбы), ‘шэрая сініца’ (Сцяшк. Сл.), сьмэтю́шка ‘жаваранак чубаты, Galerida cristata L.’ (стол., Нікан.), укр. смітю́х ‘тс’. Да смецце (гл.), бо птушкі ўзімку збіраюцца каля сметнікаў. Гл. сметнік2.

Смяя́цца ‘праяўляць весялосць, радасць смехам’, ‘насміхацца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), смія́цца тс’ (Бяльк.), ‘жартаваць’ (Стан.), смея́цца ‘тс’, ‘усміхацца’ (ТС), ст.-бел. смѣѧтисѧ (Альтбаўэр). Укр. смія́тися, рус. смея́ться, стараж.-рус. смияти ся, польск. śmiać się, в.-луж. smjeć so, н.-луж. smjaś se, чэш. smáti se, славац. smiať sa, серб.-харв. смѐјати се, смѝјати се, славен. smẹ́jati se, макед. смее се, балг. сме́я се, ст.-слав. смиꙗти сѧ. Прасл. *smьjati sę роднаснае лат. smiêt, smeju, smêju ‘смяяцца, жартаваць, узнімаць на смех’ ст.-інд. smáyatē ‘смяяцца’, англ. smile ‘смяяцца’, лац. mīrus ‘цудоўны’; гл. Покарны, 967; Фасмер, 3, 688; Мюленбах-Эндзелін, 3, 968; Майргофер, 3, 548; Махэк₂, 559; Шустар-Шэўц, 1319. Да і.-е. кораня *smei̯‑ ‘смяяцца’ (Сной₁, 584; Борысь, 617; Варбат, Этимология–1965, 117; Мельнічук, Этимология–1984, 142; ЕСУМ, 5, 324) або *(s)mei‑ ‘тс’ (Глухак, 565).

Снава́дла ‘прылада для снавання красён’, ‘станок для снавання красён’ (в.-дзв., ігн., Сл. ПЗБ), снаві́дла ‘тс’ (паст., вільн., Сл. ПЗБ). З польск. snowadło, аб чым сведчыць суф. ‑dło; польскае слова ўзыходзіць да прасл. *snowadło < *snovati ‘снаваць’.

Снава́ць ‘рабіць аснову тканіны’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Байк. і Некр., Касп.; ашм. Стан.; Нар. сл., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), снова́ць ‘тс’ (ТС, Уладз.), снува́ць ‘тс’ (Нас., Бяльк., в.-дзв., Сл. ПЗБ), снава́ць ‘рухацца ў розных кірунках, туды і сюды’ (ТСБМ), ‘хадзіць без работы’ (Жд. 3), снава́цца ‘снавацца; ледзь рухацца’ (Касп., Пятк. 2), ‘хадзіць без работы, справы’ (Жд. 3, Шатал., Нар. лекс.). Параўн. укр. снува́ць, рус. снова́ть, ст.-рус. сновати, рус.-ц.-слав. сноути, польск. snuć (się), snować (się), в.-луж. snować, н.-луж. snowaś, чэш. snouti, snovati ‘снаваць’, перан. ‘рыхтаваць, задумваць нешта’, славац. snovať ‘матаць, наматваць’, серб.-харв. сно̀вати, славен. snováti, балг. снова́, макед. снове. Прасл. *(o)snovati роднаснае лат. snaujis ‘пятля’, гоц. sniwan ‘спяшацца , ст.-ісл. snúa ‘вярцець, матаць, плесці’, да і.-е. кораня *sneu‑ ‘вярцець, паварочваць’; гл. Покарны, 1, 977; Фасмер, 3, 699; Чарных, 2, 182; Скок, 3, 298; Трубачоў, Ремесл. терм., 122; Шустар-Шэўц, 1329; Бязлай, 3, 280–281; Борысь, 565; ЕСУМ, 5, 338. Пераноснае значэнне ‘хадзіць туды і сюды; хадзіць без справы Махэк₂ (564) тлумачыць старым спосабам снавання пры дапамозе калкоў у сцяне або ў зямлі, калі той, хто снуе, мусіў рухацца туды і сюды, папераменна ў абодвух напрамках. Варыянт снуваць пад уплывам формы цяп. часу сную; гл. Варбат, Морфон., 115.

*Снавіда, сновы́да ‘чалавек, які мала спіць па начах’ (драг., З нар. сл.). Укр. снови́да ‘лунацік . Ад сон і відзець; гл. Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337. Няясна, ці адносіцца сюды рус. дыял. снофи́да, снафи́да ‘апатычны, вялы, сонны чалавек’, з-за цяжкасцей пры тлумачэнні ‑ф‑; гл. Фасмер, там жа.

Снага́ ‘магчымасць, здольнасць, сіла’ (ТС). Параўн. укр. сна́га́ ‘сіла’, снажни́й ‘моцны’, рус. наўг. сна́га ‘сіла, намаганне, поспех’, сна́жный ‘дужы’, рус.-ц.-слав. снага ‘поспех, дзейнасць’, польск. snaga ‘старанне, імкненне’, snażyć się ‘старацца’, каш. snåžëc ‘рабіць прыгожым’, чэш., славац. snaha ‘намаганне, моцнае жаданне’, серб.-харв. сна́га ‘сіла, моц, чысціня’, сна́жити ‘узмацняць, умацоўваць; чысціць’, славен. snága ‘чысціня’, макед. снага ‘цела, тулава’, балг. снага́ ‘цела, сіла’, ст.-слав. снага ‘жаданне, намаганне’. Прасл. *snaga не мае пэўнай этымалогіі. Бязлай (3, 278–279) выводзіць з і.-е. *snāgo‑ ‘чысты, лепшы’ або *snógo‑, якое магчыма параўнаць, напрыклад, з грэч. νηγάτεος ‘прыгожы (пра туніку)’; лат. snaigs ‘гнуткі, стройны’, naigs ‘прыткі, цвёрды’. Борысь (SEK, 4, 339) значэнне ‘чысты’ лічыць другасным, вытворным ад ‘старанны’. Варбат (Этимология–1964, 28–30) дапускае роднасць з наглы (гл.), падкрэсліваючы іх семантычную блізкасць: ‘сіла, дзейнасць, імкненне’ — ‘хуткі, раптоўны’; тады *snaga ад страчанага славянскага дзеяслова з коранем (s)nag‑ з s‑mobile. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 696; Махэк₂, 564; ЕСУМ, 5, 332; Глухак, 568; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 325–326.

Снадзь, сна́дзіва ‘інструмент’ (Стан.), сна́дзіцца ‘аснашчацца’, сюды ж (відаць, наватвор) аснада ‘забеспячэнне прыладамі, прыстасаваннямі’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верхняя частка’, серб.-ц.-слав. снадь ‘павярхоўны’. Прасл. *snadь ‘аплецены, спрадзены ці вытканы верхні слой, паверхня чаго-небудзь’, што ўяўляе архаічны дэрыват з суф. *‑dь без матывацыі на славянскай глебе, параўн. лат. snāt ‘злёгку скручваць, сплятаць’, snāte ‘ільняная покрыўка’, гл. Борысь у SEK, 4, 337. Сюды ж ст.-бел. снать (снатъ) ‘відавочна, напэўна, відаць’ (Ст.-бел. лексікон), аналагічна снадбы: а потрафило бы повстати людем против нас снадбы живо были нас пожерли (Псалтыр XVI ст.; Карскі 2-3, 495), што можна суаднесці з ст.-польск. snad, snadź ‘можа’ (што лічыцца няпэўным багемізмам, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 325), сучасным польск. snadź ‘відавочна, напэўна, праўдападобна’, н.-луж. snaź ‘можа, можа быць, верагодна, магчыма’, в.-луж. snadż ‘тс’, чэш. snad, дыял. snaď ‘магчыма, хіба, пэўна’, славац. snáď ‘магчыма, відаць, верагодна’, каш. snod, snad ‘зараз, адразу’, што ўяўляюць акасцянелую форму назоўніка ў функцыі прыслоўя, значэнне якога развілося на базе семантыкі ‘павярхоўны’ (Борысь, там жа). Гл. таксама Фасмер, 3, 696; ЕСУМ, 5, 332. Гл. снасць.