Снага́ ‘магчымасць, здольнасць, сіла’ (ТС). Параўн. укр. сна́га́ ‘сіла’, снажни́й ‘моцны’, рус. наўг. сна́га ‘сіла, намаганне, поспех’, сна́жный ‘дужы’, рус.-ц.-слав. снага ‘поспех, дзейнасць’, польск. snaga ‘старанне, імкненне’, snażyć się ‘старацца’, каш. snåžëc ‘рабіць прыгожым’, чэш., славац. snaha ‘намаганне, моцнае жаданне’, серб.-харв. сна́га ‘сіла, моц, чысціня’, сна́жити ‘узмацняць, умацоўваць; чысціць’, славен. snága ‘чысціня’, макед. снага ‘цела, тулава’, балг. снага́ ‘цела, сіла’, ст.-слав. снага ‘жаданне, намаганне’. Прасл. *snaga не мае пэўнай этымалогіі. Бязлай (3, 278–279) выводзіць з і.-е. *snāgo‑ ‘чысты, лепшы’ або *snógo‑, якое магчыма параўнаць, напрыклад, з грэч. νηγάτεος ‘прыгожы (пра туніку)’; лат. snaigs ‘гнуткі, стройны’, naigs ‘прыткі, цвёрды’. Борысь (SEK, 4, 339) значэнне ‘чысты’ лічыць другасным, вытворным ад ‘старанны’. Варбат (Этимология–1964, 28–30) дапускае роднасць з наглы (гл.), падкрэсліваючы іх семантычную блізкасць: ‘сіла, дзейнасць, імкненне’ — ‘хуткі, раптоўны’; тады *snaga ад страчанага славянскага дзеяслова з коранем (s)nag‑ з s‑mobile. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 696; Махэк₂, 564; ЕСУМ, 5, 332; Глухак, 568; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 325–326.