Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сво́ра ‘зграя’, ‘вяроўка, прывязь для паляўнічых сабак’: спусцілі сабак цілую свору (Сержп.). Параўн. укр. сво́ра ‘прывязка ў цэпе’, ‘развора , рус. сво́ра ‘прывязь, вяроўка, на якой вядуць паляўнічых сабак’, польск. swora ‘зграя сабак; прывязь для сабак’, кашуб. svora ‘адна з пасмаў у касе’, чэш. svora ‘прывязка ў цэпе’, славен. svọ̏ra ‘падоўжная жэрдка ў возе, развора’, серб.-харв. svóra ‘развора’. Прасл. *sъvora ‘звязка’, ад дзеяслова *sъ‑virati ‘злучаць, звязваць’ (Фасмер, 3, 583; ЕСУМ, 5, 195; SEK, 4, 383); гл. вор2, шворка, шворан. Куркіна (Диал. структура, 192) мяркуе пра першаснае *sǫvora, што захавалася ў славен. sovọra, sǫ̑vra, sọra ‘развора’.

Сво́рына ‘адна з перакладзін, якімі змацоўваюцца часткі ткацкага станка’ (стол., Нар. лекс.). Параўн. укр. сво́рінь ‘стрыжань, на якім замацаваны падножкі ў ткацкім станку’, рус. шво́рень ‘болт; шпень, стрыжань’, польск. swornik ‘тс’ і інш. Гл. шворан.

Свядо́масць ‘успрыманне і разуменне чалавекам рэчаіснасці’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт.), ст.-бел. сведомость ‘майстэрства, умельства’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычанне з польск. świadomość, аб чым сведчыць фанетыка кораня, што ўзыходзіць да ‑věd‑ (гл. ведаць). Аб польскім слове гл. Брукнер, 535; Борысь, 621. Інакш Крамко (Гіст. мовы, 2, 149), які лічыць слова неалагізмам пачатку XX ст., утвораным ад свядомы (гл.) з суф. ‑асць.

Свядо́мы ‘здольны думаць і разважаць, здольны рабіць асэнсаваны выбар’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп.), све́дамы ‘які ведае справу, работу, навуку’ (Ласт.), ст.-бел. сведомый ‘навучаны, умелы; дасведчаны’ (Ст.-бел. лексікон), укр. свідо́мий ‘абазнаны, дасведчаны’, рус. дыял. све́домый ‘вядомы, знаёмы’, стараж.-рус. съвѣдомыи ‘вядомы, знаны, выпрабаваны’: куряне сведоми къмети (Слова пра паход Ігаравы), ст.-чэш. svědomý ‘свядомы, знаны’, польск. świadomy ‘тс’, в.-луж. svědomy ‘свядомы, абазнаны’. Утворана ад прасл. *sъvěděti ‘знаць’, што да *věděti ‘тс’ (гл. ведаць), дзеепрыметнік цяп. ч. *sъ‑vědomъ ‘які добра ўсведамляе’ (Сной у Бязлай, 3, 348). Формы з перагаласоўкай і націскам на другім складзе хутчэй за ўсё запазычаны з польскай мовы. Назоўнік сьве́дамʼе ‘яснае разуменне; усведамленне, прызнанне’ (Стан.) вядомы, паводле некаторых крыніц (гл. там жа), яшчэ ў старабеларускай, відаць, самастойна ўтвораны і не звязаны з польск. świadomie ‘сумленне’, якое лічыцца лексічным ці семантычным багемізмам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 382).

Свякро́ў ‘маці мужа’ (ТСБМ, Стан., Сл. ПЗБ), свякро́ва ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), свякрывя́ ‘тс’ (Гарэц.), свякро́ўка ‘тс’ (Ласт., Сл. ПЗБ), свякру́ха (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), свякра́ ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свекро́ў, свекру́ха ‘тс’ (ТС), укр. свекру́ха, рус. свекро́вь, дыял. свекры́, свекро́ва, стараж.-рус. свекры, Р. скл. свекръве, польск. дыял. і старое świekra, ст.-польск. świekrzew, świekrucha, świokra ‘свякроў; цешча’, ст.-чэш. swekrev, svekruše, славац. svokra, svokruša, серб.-харв. све̏кърва, славен. svȇkrv, svekrva, балг. свекъ́рва, макед. свекрва ‘тс’. Прасл. *svekry, Р. скл. *svekъrve. Адпаведнікі ў новаперс. xusrū, лац. socrūs, ст.-в.-ням. swigur ‘свякроў’, арм. skesrair, skesur ‘тс’ (Траўтман, 296; Торп, 544; Майргофер, 3, 400). На падставе роднасных форм рэканструюецца і.-е. *svék̂uros. Нявырашаным застаецца пытанне аб цвёрдасці ‑к‑ у славянскім слове. Педарсэн (BB, 19, 302) мяркуе, што было дзве формы і.-е. *svék̂uros і *svekrus, адкуль можна было тлумачыць слав. к. Ісачанка (Slavia, 1953, 65) дапускае існаванне прасл. *svesry: *sve‑ ‘свой’, дзе другая частка слова ў выніку народнай этымалогіі была заменена на ‑kry пад уплывам *kry ‘кроў’ (параўн. польск. krewni ‘родзічы’ = “кроўныя”). Падрабязна гісторыю слоў гл. Трубачоў, История терм., 118 і наст., Шаўр, Etymologie, 41–44 (паводле яго, зыходныя формы абазначалі як бацьку, так і маці мужа, гл. свёкар). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 572; Махэк₂, 595; БЕР, 6, 539.

Свяло́ ‘чаранок’: трэба свяло на качаргу насадзіць (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, аддзеяслоўны назоўнік ад свянаць ‘асаджаць’ (гл.) ці свянуць ‘блякнуць, выцвітаць’ (Ласт.), што звязана з вянуць, вяліць (гл.) — пры дапамозе завяльвання кіёк рабіўся больш моцным.

Свяна́ць (свѣнаць) ‘асаджваць вылятаючы з вулля рой, які заўсёды садзіцца накшталт вянка’ (Нас.), свяна́цца (свѣна́цьца) ‘садзіцца (аб пчаліным раі)’ (Нас.). Насовіч параўноўваў гэта слова з вянец, якое далей звязана з віць (гл.). Параўн. таксама рус. вен ‘вянок’ і свенка (гл.). Менш верагодна, аднак фармальна бліжэй, сувязь з с.-балг. свѣнити сѧ ‘адхіляцца’, што да ст.-слав. свѣнѥ ‘прэч, вонкі, акрамя, збоч’, параўн. БЕР, 6, 540; Фасмер, 3, 572.

Свяно аргат. ‘свята’ (Рам.). З польскай (Рам., 9, 5), г. зн. з swięto з некаторым пераўтварэннем.

Свянці́ць ‘асвячаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), свянцо́ны ‘асвячоны’ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), свянцо́нка ‘прадукты, якія свяцілі’ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.). З польск. swięcic ‘тс’, swięcony, swięconka. На беларускай глебе ўтворана свянца́ць ‘свянціць’ (Скарбы).

Свя́ны ‘бляклы, бясколерны’ (Ласт.), разам з сьвя́нець ‘блякнуць’, сьвя́нуць ‘выцвітаць, блякнуць, рабіцца цьмяным’ (Ласт.) да вянуць (гл.). Параўн. макед. свене ‘звянуць, выклікаць вяласць’, свенува ‘блякнуць, вянуць’.