Свядо́мы ‘здольны думаць і разважаць, здольны рабіць асэнсаваны выбар’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп.), све́дамы ‘які ведае справу, работу, навуку’ (Ласт.), ст.-бел. сведомый ‘навучаны, умелы; дасведчаны’ (Ст.-бел. лексікон), укр. свідо́мий ‘абазнаны, дасведчаны’, рус. дыял. све́домый ‘вядомы, знаёмы’, стараж.-рус. съвѣдомыи ‘вядомы, знаны, выпрабаваны’: куряне сведоми къмети (Слова пра паход Ігаравы), ст.-чэш. svědomý ‘свядомы, знаны’, польск. świadomy ‘тс’, в.-луж. svědomy ‘свядомы, абазнаны’. Утворана ад прасл. *sъvěděti ‘знаць’, што да *věděti ‘тс’ (гл. ведаць), дзеепрыметнік цяп. ч. *sъ‑vědomъ ‘які добра ўсведамляе’ (Сной у Бязлай, 3, 348). Формы з перагаласоўкай і націскам на другім складзе хутчэй за ўсё запазычаны з польскай мовы. Назоўнік сьве́дамʼе ‘яснае разуменне; усведамленне, прызнанне’ (Стан.) вядомы, паводле некаторых крыніц (гл. там жа), яшчэ ў старабеларускай, відаць, самастойна ўтвораны і не звязаны з польск. świadomie ‘сумленне’, якое лічыцца лексічным ці семантычным багемізмам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 382).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)