Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Некульця́пістый ’нязграбны, няўдалы’ (Юрч.). Да кульцяпа, кульцяпісты, гл. куляць.

Некуца́вый ’неядомы (грыб)’ (Мат. Маг.), нікуцавый ’ніякі, дрэнны’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Відаць, ад куцаць ’доўга перажоўваць што-небудзь’ (Сл. ПЗБ).

Не́лад ’не́парадак, нязгода’ (Нас.), нэ́лад ’нелады’ (драг., З нар. сл.), укр. не́лад ’бязладзіца, непарадак’, рус. не́лад ’раздор, нязгода’. З не і лад, гл. ладзіць; сюды ж неладом ’не ў лад, бязладна’ (Ян.).

Нелапы́ ’ладны, дастатковы па велічыні, вазе і памерах’: мае парасята ужэ нелапые (слуц., Нар. словатв.), нелапу́ ’няладны, нядобры’ (ТС), параўн. ст.-рус. не лапъ ’ужо не, больш не’, укр. не лапі ’няхутка’, польск. nie łapie ’няхутка; нялёгка’, ст.-чэш. nelap ’нялёгка, з цяжкасцю, ледзь’. Выводзіцца з прасл. *lapati, lapъ!, што выражае хуткі рух з мэтай схапіць, злавіць і г. д., гл. лапаць. Развіццё семантыкі ад ’што трапіла, абы-што’ да ’не абы-што’, пры гэтым адмоўе не ўносіць новага семантычнага адцення, параўн. ст.-чэш. lap kto, lap který ’хто-небудзь’; больш падрабязна гл. Махэк₂, 320; Фасмер, 2, 459; Слаўскі, 4, 475.

Не́лень ’дуб, які захоўвае на сабе сухія лісты аж да новых і пачынае распускацца ў першай палове мая, прыблізна на два тыдні пазней за звычайны’ (Пятк. 2), неле́нь ’тс’ (Маш.), не́лень і не́лін ’тс’ (ТС), нелі́н ’тс’ (лельч., Жыв. сл.), часта ў спалучэннях не́лень‑дуб, не́лін‑дуб ’тс’ (ТС); укр. не́линь. Да *lěniti, *linʼati ’ліняць’, параўн. славен. léniti ’тс’, гл. ліняць; першапачаткова прыметнік як азначэнне пры назоўніку дуб, які пасля ў выніку дээтымалагізацыі субстантываваўся; паўторна збліжаны з лень, лянівы (гл.), адсюль другасная апісальная назва лянівы дуб, параўн.: Кажуць леніву дуб, бо вон повно развіваецца (ТС, 3, 21), а таксама шляхам апушчэння адмоўя — лень‑дуб (там жа).

Не́лупак (не́лупык) ’неслух, свавольнік’ (Яўс.). Відаць, з не і лупіць ’біць, лупцаваць’ (’біць да здзірання скуры’, Нас.), г. зн. ’той, каго не білі’.

Не́льга ’не можна, няма магчымасці’ (Мал., Гарэц., Пятк. 2, Бяльк., ТС), нельга́ ’тс’ (Нас., Растарг.), няльга́ (Гарэц.), нільга́ ’тс’ (маг., Шн. 2), нельжа́, нільжа́ (Мал., Кліх), не́льзя ’тс’ (Нас.), неззя́ ’тс’ (Растарг.), ст.-бел. нелга ’тс’ (1478 г.), рус. нельга́, не́льзе, нельзе́, не́льзи, нельзи́, не́льзя, нельзя́ ’тс’, ст.-рус. нельзѣ, нельзя, нельза ’тс’, польск. дыял. nie lza ’тс’, ст.-польск. nie ldza, nie lza, nie lża ’тс’, чэш. дыял. nelʼza, nejza ’тс’, ст.-чэш. ne‑lzě ’тс’, славац. арх. neľdzä, neľdze, nelze ’тс’, ст.-слав. не льзѣ, не льsѣ ’тс’. Утворана ад прасл. *lьga (гл. льга), назоўніка ці субстантываванага прыметніка ад *lьgъ, што чаргуецца з *lьgъkъ (гл. лёгкі), з развіццём семантыкі ад ’лёгкі’ да ’мажлівы’; тут з адмоўем абазначае ’немажлівасць’. Праблему складае варыянтнасць канца слова. Формы тыпу нельзя адлюстроўваюць дав. скл., прадстаўлены ў ст.-слав. нельѕѣ (Карскі 2-3, 73). На формы тыпу нельжа́ паўплывалі, відаць, адпаведныя польскія, што тлумачыцца ўздзеяннем роднасных слоў польск. lżejszy ’лягчэйшы’, ulżyć ’аблегчыць’ (гл. Зубаты, 1, 61–76). Адсутнасць т. зв. трэцяй палаталізацыі ў формах тыпу нельга тлумачыцца па-рознаму: семантычнай сувяззю з коранем *lьg‑ (параўн. лёгкі, адліга і пад.), уплывам германскіх запазычанняў і пад. (Lunt H. G. The progressive palatalization of Common Slavic. Skopje, 1981), непаслядоўнасцю правядзення пераходу g > ž, што адлюстроўваюць не толькі названыя формы, але і рус. польга ’карысць’, палаб. püʼölga ’тс’, польск. ulga ’паслабленне і інш.’ (Беляев, ВЯ, 1986, 2, 112), а таксама нераўнамернай геаграфічнай распаўсюджанасцю гэтага пераходу. Больш падрабязна гл. Фасмер, 3, 61; Слаўскі, 4, 85–87.

Не́людзь ’нелюдзім’ (слаўг., Нар. словатв.; Яўс., Сл. ПЗБ), ’вылюдак, ідыёт’ (Юрч.), ’нечалавек’ (Сцяц.), ’непадобны да людзей’ (ТС), сюды ж не́люддзя, не́улюддзя, нелюдзяддзё ’тс’ (слаўг., Нар. словатв.). Назоўнікі, утвораныя ад нелю́дзкі ’дрэнны’ (Сл. ПЗБ), ’нелюдзімы, дзіклівы’ (ТС), ’няўжыўчывы; неспагадлівы; нетутэйшы, неўласцівы тутэйшым людзям’ (Нас.), нелюдзячы ’нягодны; непрыгожы; слабы, хворы’ (Ян.) і пад. Гл. людзкі.

Не́ма1 ’моцна, роспачна (крычаць)’ (Сл. ПЗБ, Жд. 1), не́мо ’страшна, дзіка; глуха’: немо гораць ногі; удырыло не́мо (ТС). Супрацьлеглыя значэнні аб’ядноўваюцца зыходнай семантыкай прыметніка не́мы ’страшны, замагільны’, гл.

Не́ма2 ’тварам да зямлі’ (Чач.). Калі гэта не развіццё семантыкі папярэдняга слова (’глуха’ > ’тварам да зямлі’), то можна меркаваць пра глыбокі архаізм, які грунтуецца на старажытным проціпастаўленні верх — ніз, неба — зямля, гэты свет — той (падземны) свет і г. д., пры гэтым для першага элемента проціпастаўлення характэрна наяўнасць голасу, для другога — немата, параўн. чэш. věhlas ’свядомасць, дасведчанасць’ і nevěglas ’недасведчанасць; язычнік’, таксама тураўск. неве́глас ’смерць’ (гл.), г. зн. ’тое, што належыць таму свету, які не ведае голасу (= нямому)’.

Немаве́дама ’невядома’ (Сл. ПЗБ), німаве́дама ’тс’ (Янк. 1; бых., Янк. Мат.; Бяльк.). У Насовіча яшчэ як спалучэнне няма́ ве́дама, дзе ве́дама (вѣдомо) ’паведамленне’, да ве́даць. Той жа дзеяслоўны корань прадстаўлены ў німаве́д ’невядома’ (рэч., Карскі 2-3, 78), немове́дкі, немове́дзь ’тс’ (ТС), нымови́дь ’невядома, надта, неверагодна, страх, цуд’ (Клім.; кобр., Нар. лекс.).