Не́ма1 ’моцна, роспачна (крычаць)’ (Сл. ПЗБ, Жд. 1), не́мо ’страшна, дзіка; глуха’: немо гораць ногі; удырыло не́мо (ТС). Супрацьлеглыя значэнні аб’ядноўваюцца зыходнай семантыкай прыметніка не́мы ’страшны, замагільны’, гл.

Не́ма2 ’тварам да зямлі’ (Чач.). Калі гэта не развіццё семантыкі папярэдняга слова (’глуха’ > ’тварам да зямлі’), то можна меркаваць пра глыбокі архаізм, які грунтуецца на старажытным проціпастаўленні верх — ніз, неба — зямля, гэты свет — той (падземны) свет і г. д., пры гэтым для першага элемента проціпастаўлення характэрна наяўнасць голасу, для другога — немата, параўн. чэш. věhlas ’свядомасць, дасведчанасць’ і nevěglas ’недасведчанасць; язычнік’, таксама тураўск. неве́глас ’смерць’ (гл.), г. зн. ’тое, што належыць таму свету, які не ведае голасу (= нямому)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)