Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Не́жань ’эпілепсія, прыпадак’ (Ян.). Няясна, магчыма, звязана з нёжань ’нежанаты, марцовы кавалер’ (Некр.), што, відаць, тлумачыцца тым, што пры эпілепсіі не жаніліся з-за дрэннай спадчыннасці, ці табуізаваная назва хваробы ад гнаць (гл.).

Нежыве́ць ’траціць прытомнасць’: Як былі прыступы, яна нежывела (Сл. ПЗБ). Відаць, мясцовае новаўтварэнне на базе спалучэння як нежывы ’непрытомны’.

Не́жыт ’насмарк’ (драг., Жыв. сл.), нэ́жыць, ныжы́д ’тс’ (брэсц., Сіг.; Мат. Брэст.), нёжыт ’высыпка на целе ў дзіцяці’ (петрык., Шатал.), нежы́тоўка ’вялікая скула’ (лунін., Шатал.); ’скула, скулка’ (ТС), укр. не́жит, не́жить, не́жид ’насмарк’, рус. не́жить ’сукравіца’, не́жид ’насмарк; сукравіца ў нябожчыкаў’, польск. nieżyt ’катар; боль; нарыў’, чэш. nežit, neżid ’фурункул’, серб.-харв. neżit, neżid ’абсцэс у вуху’, neżić ’тс’, балг. нежит ’запаленне дзёснаў’, не́жет ’рана на дзёснах, рана на вымені’ (радоп.). Шырокае распаўсюджанне сведчыць аб праславянскім паходжанні слова; звычайна разглядаецца як вытворнае ад *žiti ’жыць’, параўн. Махэк2, 393, які на падставе чаргавання ži‑/goi‑ (параўн. зажыцьзагаі́цца, аб ране) выводзіць зыходнае значэнне ’язва, якая не гоіцца’; формы з -d тлумачацца ад’ідэацыяй да žid (жыд); Скок, 3, 682 лічыць слова аднаго паходжання з фальклорным nežitak ’чорт, злы дух, які пасяляецца ў галаве’, адкуль і назва хваробы; параўн. таксама паўночнарускую агульную назву нячыстай сілы — не́жить (гл. Черепанова, Мифол. лексика рус. Севера. Л., 1983, 67). Прынцыповую магчымасць такіх утварэнняў дэманструе не́жыцё ’ліхая доля, кепскае жыццё’ (слонім., Нар. словатв.), серб.-харв. nežitak ’неспакой, хваляванне, сварка’ і пад. Разам з тым нельга не звярнуць увагу на блізкасць да разглядаемых слоў літ. niežas ’сверб’, niežai ’кароста’, niẽžė́ti ’cвярбець, часацца’, man nosi niẽzė́ti ’ў мяне свярбіць нос’ і г. д., параўн. балг. радоп. нежети са ’загнойвацца (пра рану)’, тлумачэнне Герава да назвы хваробы нежит: «дзёсны зубоў робяцца чырвонымі і свярбяць» (Гераў, 6, 228, 314). З улікам гэтага збліжэнне з *živeti можа мець народнаэтымалагічны і другасны характар. На гэтым фоне спроба вывесці ст.-бел. нежитъ ’катар, фурункул’ (з 1517 г.) са ст.-польск. nieżyt ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 130) здаецца непераканальнай.