Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Недабой ’загана ў палатне, калі ўток слаба прыбіты бёрдам’ (гродз., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.; Жд. 1). Ад недабіць, з не- (гл.) і дабіць ’прыбіць’, параўн. недасек ’тс’, гл. неда-.

Недаборны ’пераборлівы’ (ваўк., Сл. ПЗБ). З недабраць, да дабриць ’падабраць, знайсці падыходзячае’.

Недабрата́ ’хвароба; цяжкі душэўны стан’ (Марц.). Ад недабрыцца ’нездаровіцца, нядужыцца’ (пух., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), параўн. недобро ’дрэнна (пра адчуванне)’, недобрыцца ’нездаровіцца’ (ТС). Гл. добры.

Недаве́рак ’той, хто не верыць’ (Бяльк., ТСБМ): Niedawierki każuć, szto czerwiaka zubatocza niema na świeci (Пятк. 2), ’дысідэнт, не адной веры’ (Нас.), недавя́рак ’недаверлівы чалавек’ (Сцяц.), ’злыдзень, прахвост’ (дзярж., Нар. сл.), укр. недові́рок ’рэнегат; малаверны’, польск. niedowiarek ’няверны, ерэтык, адшчапенец; няверуючы, атэіст; малаверны чалавек’. Здаецца, што тут аб’ядналіся розныя па паходжанню словы; адны з іх утвораны ад не давяраць або з больш ранняга спалучэння не да веры (польск. nie do wiary) ’цяжка паверыць’, якія маглі з’явіцца самастойна ў кожнай з моў, іншыя запазычаны з польскай мовы, куды, як мяркуецца, трапілі з чэш. nedověrek ’ерэтык, адступнік’ (параўн. Урбаньчык, ZPSS, 1988, 457).

Не́дагадзь ’асоба, якой цяжка дагадзіць’ (слаўг., Нар. словатв.). З дагадзіць, гл. гадзіць.

*Недагоніч, недого́ніч ’недаразвітае зерне ў коласе; запозненыя ў развіцці каноплі; парасткі збожжавых культур, якія затрымаліся ў сваім развіцці на стадыі кушчэння’, недого́ніца ’недаразвітае зерне ў коласе; дробная недаспелая ягада’ (ТС). Ад не дагнаць, г. зн. ’тое, што не змагло дагнаць у росце іншых’.

Недака́рак ’акурак’ (Ян.). Відаць, дэфармаванае недакурак (ад курыць), незвычайны вакалізм выкліканні ўплывам слоў тыпу недагарак ’галавешка, недагарэлае палена’ (Сл. ПЗБ, ТС), параўн. польск. niedogarek ’недагарэлае палена, лучына; папяроса’.

Недакорміш ’худы’ (Марц.). З недакарміць ’недастаткова выкарміць’, гл. неда-.

Недалу́га ’ненармальная, недаразвітая з нараджэння істота’ (мсцісл., З нар. сл.), ’нямоглы, хваравіты чалавек’ (Мядзв., Макар.), ’няздольны, няздатны чалавек’ (Сцяшк.), ’няўдаліца’ (Яўс.), недалу́гі ’хваравіты, слабы’ (Федар., Рам., Мат. Маг., Ян.), ’неправорны, непрыгодны да справы’ (Сцяшк.), ’няўклюдны’ (Сл. ПЗБ), недалу́жны ’ганебны, няўдалы, непрыгожы, мізэрны’ (Яўс.), ’бездапаможны, слабасільны; закінуты, сіратлівы, няшчасны’ (Гарэц.), ’слабасільны, нездаровы’ (Нас.), недолу́жны ’слабы, хворы’ (ТС), недалу́жнік ’слабасільны чалавек’, укр. недолу́га ’тс’, недолу́гий, недолу́жний ’бяссільны, слабы, нямоглы’, рус. недолу́га ’слабы, худы чалавек; капун’, недолу́гий, недолу́жный ’хворы, хілы; няўмелы’, польск. niedołęga ’слабы, хілы, бездапаможны чалавек; калека; няздольны мець дзяцей’, ’слабасць, бяссілле, няздатнасць’, ’недахоп, адсутнасць чаго-небудзь’; niedołężny ’які мае фізічныя недахопы, слабы, няздатны’, чэш. дыял. nedoluha ’хвароба’, nedolužný ’неразвіты ў разумовым і фізічным плане’. Прасл. *nedolǫga, *nedolǫžьnъ утворана пры дапамозе прыставак ne‑do‑, якія абазначаюць недастатковасць (гл. неда-), і каранёвай марфемы lǫg‑/lǫž‑, роднаснай ням. langen ’быць дастатковым, хапаць’, што чаргуецца з lęg‑ (гл. недалягаць), параўн. Махэк₂, 393–394. Слав. *nedolǫżьnъ разглядаецца звычайна як паўночнаславянскі дыялектызм, аднак мае працяг у славенскай і заходніх сербахарвацкіх дыялектах (гл. Борысь, SOr, 36, 23–30).

Недалэ́нга ’недалужная асоба; недарэка, няўклюда’ (стаўбц., Жыв. сл.; Сцяшк.), недалёнга ’тс’ (Сцяц.; шчуч., міёр., З нар. сл.), ’нязграбны чалавек’ (Сл. ПЗБ), недалЗнгіняздольны, няздатны’ (Жд. 2), ’няякасны (пра зерне)’ (Сл. ПЗБ), недалужны ’няздольны, няздатны’ (свісл., Шатал.), недалэнгаваты ’нязграбны, няўдалы’ (Жд. 2). З польск. niedołęga, niedołężny, гл. недалуга.