Недаве́рак ’той, хто не верыць’ (Бяльк., ТСБМ): Niedawierki każuć, szto czerwiaka zubatocza niema na świeci (Пятк. 2), ’дысідэнт, не адной веры’ (Нас.), недавя́рак ’недаверлівы чалавек’ (Сцяц.), ’злыдзень, прахвост’ (дзярж., Нар. сл.), укр. недові́рок ’рэнегат; малаверны’, польск. niedowiarek ’няверны, ерэтык, адшчапенец; няверуючы, атэіст; малаверны чалавек’. Здаецца, што тут аб’ядналіся розныя па паходжанню словы; адны з іх утвораны ад не давяраць або з больш ранняга спалучэння не да веры (польск. nie do wiary) ’цяжка паверыць’, якія маглі з’явіцца самастойна ў кожнай з моў, іншыя запазычаны з польскай мовы, куды, як мяркуецца, трапілі з чэш. nedověrek ’ерэтык, адступнік’ (параўн. Урбаньчык, ZPSS, 1988, 457).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)