Неда- прэфіксальны комплекс у складзе слоў тыпу недаесці, недасеяць, недаспелы і пад., што надае дзеясловам і вытворным ад іх значэнне непаўнаты, недастатковасці дзеяння, якасці і г. д., утварыўся аб’яднаннем адмоўя не з прыстаўкай да‑ ў дзеясловах: не дакурыць > недакурыць, параўн. недаку́рак ’акурак’ (карэл., Нар. словатв.) або ў спалучэнні з прыназоўнікам да, параўн. недарэчны ’неразумны, дзіўны, бесталкова з не да рэчы; пазней пры дапамозе гэтага прыставачнага комплекса ўтвараюцца словы, якія могуць не мець суадносных утварэнняў без не-, параўн. недабача́ць ’дрэнна бачыць’ (Расторг.), недамага́ць ’адчуваць недамаганне’ (Сл. ПЗБ). Утварэнні тыпу недачалаве́к ’непаўнацэнны чалавек’ узніклі, відаць, як калькі з ням. Untermensch ’тс’. Параўн. Махэк₂, 393.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)