Ла́паць1 ’хапаць, мацаць рукамі’, ’лавіць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Мат. Гом., Жд. 1, Бес., Сл. паўн.-зах.; малар., Бел. хр. дыял.), ’кранаць’ (уздз., Жд. 2), лапа́ць ’аграбаць пчаліны рой’ (трак., Сл. паўн.-зах.). Укр. ла́пати, рус. лапать, польск. łapać, н.-луж. łapaś, в.-луж. łapać, чэш. lapati, lapat, славац. lapať, славен. lápati, макед. lapam (muvi), балг. ла́пам. Прасл. lapati — ітэратыў ад прасл. lapiti ’хапаць, схапіць, злавіць’, якое мае рухапераймальны пачатак — ад lap! (Бернекер, 690; Махэк₂, 320; Слаўскі, 4, 468, 473–474; Фасмер, 2, 459; Голуб-Копечны, 199; Брукнер, 306–307). Улашын (WuS, 2, 200) указвае на магчымасць утварэння ад лапа (гл.), што Бернекер (1, 690) аспрэчвае. Аб магчымасці больш позніх уплываў на пэўных моўных тэрыторыях гл. Дзендзялеўскі, Укр.-зах.-слов. парал., 32 і 83. Сюды ж лапа́нне ’хапанне, хватанне’, лапаніна ’хапанне з розных бакоў’, лапа́ны ’набыты несправядліва, хабарам’, лапаны́ ’хабар’, лапа́ная ’гульня ў карты’ (Нас.).

Ла́паць2, ла́пыць ’абутак з лыка’ (Шат., Яруш., Бяльк., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ла́пці (мн. л.) (Тарн., Сцяшк.; палес., КЭС), ла́пець (Янк. II), лапате́нь ’тс’ (Растарг.), ла́паць ’адсталы, некультурны чалавек’ (ТС), лапціва́ты ’тоўсты, агазны, падобны на лапаць чалавек’ (КЭС, лаг.), ’пляскаты, з шырокім пляскатым тварам’ (віл., Сл. паўн.-зах.), лапцікі ’вінная ягада’ (глус., КЭС), лапцікі ’абутак, плецены кручком з нітак’ (баранав., Сл. паўн.-зах.). Укр. лапоть ’лапаць’, ’акравак’, ’закаўраш’, рус. лапоть, лапти, лапотики, лапотки ’лапці’. Польск. łapeć, łapcie ’тс’ запазычана з бел. (Слаўскі, 4, 473), як і ўкр. лапоць (Грынчанка, 2, 344), чэш. lápte < рус. лапти (Махэк₂, 320) — усх.-слав. лексема, якая ўзнікла ў выніку семантычнага пераносу прасл. lapъtь ’кавалачак, акравак, палоска якога-небудзь матэрыялу’ < lapъ, да якога адносіцца і бел. лапік (гл.). Параўн. рус. лапоток ’акравак’, арханг. лапочиха ’тканая дарожка з нашытымі акраўкамі матэрыі’, а таксама серб.-харв. лапа̏т, ла̀пат ’кавалак, ануча’, ’кавалак зямлі, поле’, làpatak, ла̀паце ’унутранасці жывёлы’, лапчи̏на ’прымітыўныя боты’, балг. лапчини, лапчуни ’сялянскія дамашнія чуні з воўны’, лаптище ’вялікая чаравікі’, літ. lãpatas ’латка’, ’ануча’, lõpas, лат. laps ’лапік’, алб. lʼapë ’акравак, латка’, літ. lópyti, лат. lâpît ’латаць’, літ. lopùtė ’чуні з грубых нітак’, ст.-грэч. λώπη ’адзенне’, λοπός ’кара, лушпінне’ (Міклашыч, 160; Бернекер, 1, 691; Брукнер, 307; Младэнаў, 270; Скок, 2, 270). Буга (Rinkt., 1, 313), Фрэнкель (385–386), Вахрас (Наим., 121–124), Фасмер (2, 459) дапускаюць генетычную сувязь лексемы lapъtь з lapa, як і nogъtь з noga. Лаўчутэ (145) выводзіць лексему лапаць з нейкага літ. слова, якое генетычна звязана з літ. lõpyti ’латаць’. Сюды ж ашм. лапцю́х ’лапатнік’, ’апушчаны, занядбалы чалавек’, лід. лапцёўка ’матэрыял, якім падшывалі лапці’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)