Не́льга ’не можна, няма магчымасці’ (Мал., Гарэц., Пятк. 2, Бяльк., ТС), нельга́ ’тс’ (Нас., Растарг.), няльга́ (Гарэц.), нільга́ ’тс’ (маг., Шн. 2), нельжа́, нільжа́ (Мал., Кліх), не́льзя ’тс’ (Нас.), неззя́ ’тс’ (Растарг.), ст.-бел. нелга ’тс’ (1478 г.), рус. нельга́, не́льзе, нельзе́, не́льзи, нельзи́, не́льзя, нельзя́ ’тс’, ст.-рус. нельзѣ, нельзя, нельза ’тс’, польск. дыял. nie lza ’тс’, ст.-польск. nie ldza, nie lza, nie lża ’тс’, чэш. дыял. nelʼza, nejza ’тс’, ст.-чэш. ne‑lzě ’тс’, славац. арх. neľdzä, neľdze, nelze ’тс’, ст.-слав. не льзѣ, не льsѣ ’тс’. Утворана ад прасл. *lьga (гл. льга), назоўніка ці субстантываванага прыметніка ад *lьgъ, што чаргуецца з *lьgъkъ (гл. лёгкі), з развіццём семантыкі ад ’лёгкі’ да ’мажлівы’; тут з адмоўем абазначае ’немажлівасць’. Праблему складае варыянтнасць канца слова. Формы тыпу нельзя адлюстроўваюць дав. скл., прадстаўлены ў ст.-слав. нельѕѣ (Карскі 2-3, 73). На формы тыпу нельжа́ паўплывалі, відаць, адпаведныя польскія, што тлумачыцца ўздзеяннем роднасных слоў польск. lżejszy ’лягчэйшы’, ulżyć ’аблегчыць’ (гл. Зубаты, 1, 61–76). Адсутнасць т. зв. трэцяй палаталізацыі ў формах тыпу нельга тлумачыцца па-рознаму: семантычнай сувяззю з коранем *lьg‑ (параўн. лёгкі, адліга і пад.), уплывам германскіх запазычанняў і пад. (Lunt H. G. The progressive palatalization of Common Slavic. Skopje, 1981), непаслядоўнасцю правядзення пераходу g > ž, што адлюстроўваюць не толькі названыя формы, але і рус. польга ’карысць’, палаб. püʼölga ’тс’, польск. ulga ’паслабленне і інш.’ (Беляев, ВЯ, 1986, 2, 112), а таксама нераўнамернай геаграфічнай распаўсюджанасцю гэтага пераходу. Больш падрабязна гл. Фасмер, 3, 61; Слаўскі, 4, 85–87.