Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слон1 ‘буйная траваядная млекакормячая жывёліна з доўгім хобатам і двума біўнямі’ (ТСБМ, Ласт.), слонь (Байк. і Некр.). Укр. слон, слонь, рус. слон, стараж.-рус. слонъ, рус.-ц.-слав. слонь, польск., в.-луж. słoń, н.-луж. słon, чэш., славац. slon, славен. slȍn, серб.-харв. сло̏н, балг., макед. слон. Форма слонь у беларускай, таксама як і ва ўкраінскай (аб апошняй гл. Фасмер, 3, 674), з польскай. Слова спрэчнага паходжання. Старое тлумачэнне *slonъ ад *(pri)sloniti sę ‘прысланіцца, прыхіліцца’ заснавана на сярэднявечных уяўленнях, што слон не можа згінаць каленяў, а таму спіць, прысланіўшыся да дрэва, параўн. рус.-ц.-слав. егда хощетъ спати дубѣ ся въслонивъ спитъ (гл. Праабражэнскі, 2, 324; Брандт, РФВ, 24, 180 і наст.; Брукнер, 500; Младэнаў, 591), адхіляецца Фасмерам (там жа) і Кіпарскім (ВЯ, 1956, 5, 137) як народная этымалогія, таму што ў славян, як заўважае Фасмер, не было магчымасцей назіраць за звычкамі гэтай жывёліны. Па фанетычных і гісторыка-культурных прычынах найбольш прымальная версія аб запазычанні з цюркскіх моў, параўн. тур., карай., азерб., крым.-тат. aslan ‘леў’; літаратуру гл. Фасмер (там жа); аналагічна Сной₁ (581), Борысь (558). Да пераходу значэння параўн. верблюд, які ў канчатковым выніку ўзыходзіць да грэч. έλεφας ‘слон’ (гл. Кіпарскі, там жа), асец. dombaj ‘зубр’, якое ў сучасным ужыванні стала абазначаць ільва (Абаеў, ВЯ, 1958, 1, 121), а таксама семантычнае новаўтварэнне рус. пск. слон ‘лось’. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 27) прапануе супастаўленне з тахар. kloŋ; Іванаў (Этимология–1975, 153 і наст.) лічыць гэтую форму прамежкавай паміж цэнтральнаеўразійскімі і сібірскімі формамі гэтага міграцыйнага тэрміна і параўноўвае славянскія словы з формамі тыпу кіт. *sẟaŋ, тыбец.-бірм. slaŋ ‘слон’, параўн. Глухак, 563. Гл. яшчэ Махэк₂ (556) — аб версіі Ошціра (Slavia, 6, 1 і наст.), што ўзнаўляе праформу *slop‑n‑ і роднасць з грэч. έλεφας, Р. скл. έλεφαντος. Да апошняй версіі параўн. Скок, 3, 286. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1304; ЕСУМ, 5, 307–308.

Слон2 ‘лаўка, услон’ (Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Шатал., Ян., Скарбы), слонь ‘вялікае крэсла’ (Сцяшк. Сл.); памянш. сло́нец (Нас., Касп., Бяльк.), сло́нчык (Нас., Бяльк., Шатал., Скарбы), сло́нак (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), слі́нчык, сло́нчык, слу́нчык (Сл. Брэс.). З аслон, услон (гл.) з адпадзеннем галоснага (пратэзы) або непасрэдна ад сланіць (гл.) як аддзеяслоўны назоўнік, параўн. слоніца ‘вялікая складаная рама на ўсю бакавую сценку хаты як аснова кроснаў’ (Серб.), рус. пск. слон ‘засланка ў печы’ і інш.

Слон3 ‘жэрдка, з якой робіцца ключні́к (тоўстая жардзіна з калочкам на канцы, якім яна вешалася на кладзь, выконваючы ролю кроквы ў страсе на сохах)’ (ельск., Нар. сл.). Да *sloniti (гл. восланкі, услон).

Слон4 ‘сланечнік’ (Касп., Жд. 2, Шатал.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), сло́нкі ‘семачкі сланечніку’ (чэрв., Жыв. сл.). Відаць, скарачэнне з сланечнік, сломачнік або з слонца2 ‘сланечнік’ (гл.).

Сло́нка ‘птушка Scolopax rusticola L.; лясны кулік, вальдшнэп’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Байк. і Некр.), сло́мка ‘тс’ (Гарэц., Інстр. 2; мазыр., петрык., Нікан.). Запазычанне з польск. słąka, дыял. słęka ‘бакас’; яшчэ ў XVI ст. яно пісалася słanka і słęka (Брукнер, 500). Этымалогію гл. пад слука.

Сло́нца1, сло́нцэ ‘сонца’ (Нас., Шымк. Собр., Шн., 1, Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ТС, Скарбы, Нар. Гом., Нар. словатв.), сло́нцо ‘тс’ (Сл. Брэс., Ян.), сюды ж сло́нко ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Скарбы), ст.-бел. слонце, слонцэ ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. słońce ‘тс’; гл. Карскі, 1, 259; Кюнэ, Poln., 98; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 10.

Сло́нца2 ‘сланечнік’ (Шат.). З польск. słońce ‘тс’.

Сло́пы ‘пахілы’: слопая страха (мін., Сл. ПЗБ); таксама тапонім Слопішча (Жучк., КТС). Фармальна слова можна звязаць з рус. ослоп ‘дубіна, кругляк; дурань’, дыял. ослопи́на ‘доўгая жардзіна’, стараж.-рус. ослопъ ‘дубіна, палка’; далей параўноўваюць з славен. poslȏpje ‘будынак’ (Міклашыч, 432); супраць супастаўлення з *chlopati ‘ляскаць, бразгаць’, як гэта меркаваў Мацэнаўэр (LF, 12, 172), Фасмер (3, 161). Бязлай (3, 91) дапускае роднасць з літ. slaptú, paslaptú ‘тайнік, сховішча’, лат. slapsts ‘кут, сховішча’. Але словаўтварэнне (меркаваўся б дзеяслоў *слопіць) і семантыку вытлумачыць цяжка.

Сло́сар ‘слесар’ (Сцяшк.), слёсар ‘тс’ (лаг., Сл. ПЗБ). З польск. ślosarz ‘тс’. Ст.-бел. слосаръ, таго ж паходжання, што і ст.-бел. слесаръ (гл. слесар).

Сло́сны ‘пакаты’: слосная страха (воран., ЛА, 4), ‘пахілы’ (воран., Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка (4, 489) параўноўваюць з літ. slĩsnai ‘тс’.

Сло́та1 ‘сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам’ (ТСБМ, Нас., Варл., Сцяшк., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; ЛА, 2), ‘нешта вільготнае, ліпкае, назойлівае’ (Жыв. сл., Нар. словатв.), слата́ ‘сырое вільготнае надвор’е’ (ТСБМ, Сцяшк., Гарэц., Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., ПСл, Сл. ПЗБ), ‘назола, прыліпала’ (Ян., Нар. лекс.), слота́ ‘тс’ (ЛА, 3), слоць ‘мокрае надвор’е’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), слю́та ‘слота’, слута́, слюта́, слёта́, слю́та, слоць, слокі́та ‘тс’ (ЛА, 2). Сюды ж слоті́ты ‘надакучаць, часта турбаваць’ (драг., З нар. сл.). Укр. слота́, сльота́, рус. сло́та́, слоть, стараж.-рус. слота ‘непагадзь’, польск. słota, чэш., славац. slota, славен. slóta, серб. дыял. сло̏та ‘тс’, балг. сло́та ‘град’. Прасл. *slota. Роднасныя літ. šáltas ‘халодны’, šaltis ‘холад, мароз’, šálti ‘мерзнуць’, лат. sal̂ts ‘халодны’, авест. sarəta‑ ‘халодны’, новаперс. serd ‘тс’. Гл. Траўман, 298. Далей параўноўваюць з нарв. sletr н. р., sletta ‘дождж’; гл. Фасмер, 3, 675 з іншай літ-рай. Да і.-е. кораня *ꝁel‑ у значэнні ‘мерзнуць, халодны’ (Покарны, 1, 552; Гарачава, Этимология–1976, 62). Махэк₂ (556) беспадстаўна аддзяляе slota у значэнні ‘нягоднік, жулік’, slotit ‘абражаць’ ад slota у першасным значэнні. Паводле Карскага (Белорусы, 149), варыянт з націскам на першым складзе запазычанне з польск. słota, што цяжка давесці. Бязлай (3, 265), Борысь (559) параўноўваюць з літ. šlapa ‘непагадзь, даждлівае надвор’е’, лат. slapt ‘зрабіцца вільготным, мокрым’, грэч. κλέπας ‘вільгаць, макрата’, якія да і.-е. *kʼlep‑ ‘вільготны, мокры’; тады прасл. *slota < *slopta. Гл. яшчэ Скок, 3, 287; ЕСУМ, 5, 311–312.

Сло́та2 ‘насланае няшчасце’ (Касп.), ‘нешта як бы чарамі насланае’ (Варл.); сюды ж, відаць, слата́ слато́й ‘незлічона, шмат’ (Барад.). Ад слаіць (гл.) з суф. ‑от(а), аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34.

Сло́ўнік ‘збор размешчаных у пэўным парадку слоў з тлумачэннем або перакладам на іншую мову’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Паводле Гіст. мовы (2, 146), слова з’явілася ў пачатку XX ст. Відавочна, паланізм: з польск. słownik ‘тс’. Да слова (гл.). У славянскіх мовах, магчыма, калька лац. vocabularium ‘тс’ ад vocabulum ‘слова’.

Слуга́ ‘чалавек для асабістых паслуг, прыслужнік’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Сцяшк., Жд. 1, 2, Нар. сл.), слу́га ‘пашана, якую выказваюць дзеці ручкай старэйшым’ (Нас.), сюды ж слугава́ць ‘прыслужваць’ (ТСБМ). Укр., рус. слуга́, стараж.-рус. слуга, польск. sługa, чэш., славац. sluha, серб.-харв. слу́га, славен. slúga, балг. слуга́, макед. слуга, ст.-слав. слоуга. Прасл. *sluga. Роднасныя ў балтыйскіх і кельцкіх мовах: літ. slaugýti, slaugaũ ‘падтрымліваць, дапамагаць’, slaugà ‘паслуга; слуга’, ірл. slúag ‘атрад’, teglach (< *tegoslougo‑) ‘дамачадцы’ і інш.; гл. Траўтман, 269; Буга, РФВ, 66, 248 і наст.; Махэк₂, 557; Фасмер, 3, 676 з аглядам літ-ры. З прычыны ізаляванасці слова ў славянскіх мовах і няяснасці словаўтварэння (практычнай адсутнасці суф. ‑г(а)) шэраг этымолагаў (Шахматаў, AfslPh, 33, 92; Файст, WuS, 6, 45, Мікала, РФВ, 48, 273) лічаць слова запазычаннем з кельцкай. Катэгарычна супраць Фасмер (там жа), Лер–Сплавінскі (RS, 18, 6). Слаўскі (SP, 1, 60) следам за Вондракам (Vergl. gr., 1, 400) бачыць тут стары і.-е. суфікс ‑a, які ўтвараў nomina agentis. Што датычыцца кораня слова, то на славянскай глебе яго звязвалі з *slū‑ (гл. слынуць), гл. Міклашыч (308), але наяўнасць групы sl‑ у літоўскай і кельцкай паралелях сведчыць аб немагчымасці гэтай роднасці, гл. Фасмер, там жа. Борысь (560) рэканструюе семантыку і.-е. дыял. (балтаславянскае і кельцкае) *slau̯gā ‘дружына (воінаў)’ > ‘дапамога, паслуга’ > ‘той, хто дапамагае, робіць паслугі’. Бязлай (3, 266–267) узводзіць да і.-е. *slou̯gā ‘дапамога, служба’. Ад слуга ўтвораны дзеяслоў служы́ць ‘працаваць па найме ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго-небудзь, чаго-небудзь’, ‘выконваць воінскія абавязкі’, ‘выконваць абавязкі слугі, прыслугі’, ‘выконваць якія-небудзь абавязкі ў адносінах да каго-небудзь; выконваць чыю-небудзь волю’; прасл. *služiti; гл. Борысь, там жа.

Слу́два ‘закалец у хлебе’, перан. ‘шчыльны, спрасаваны іл’ (ТС). Укр. слу́два ‘скала; сталактыт’, рус. дыял. слу́да ‘круты бераг ракі’, ‘камяністая глеба’, стараж.-рус. слуда, слуды, Р. скл. слудъве (адкуль беларуская і ўкраінская формы), ‘гара, круча, уцёс’, ц.-слав. слудъвьнъ ‘абрывісты, круты’. Параўноўвалі (Міклашыч, 308) з рус. слуд ‘заліўны луг’, слудь ‘шарон’, якое, магчыма, мае і.-е. паралелі: нарв. sludd, дац. slud ‘снег і дождж упярэмешку’, нова-в.-ням. Schlott, Schlutt ‘гразь; адліга’, с.-н.-ням. slôten мн. л. ‘град’, slôt ‘іл, лужа’; гл. Фасмер, 3, 676–677; далейшыя сувязі няясныя. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 309–310.