Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Свіце́цца, свіці́цца ‘прасвечвацца’, ‘быць чуць бачным’ (Гарэц., Касп., Шат., Стан., Сл. ПЗБ, ТС): голэ це́ла сьвіці́цца (Сл. нар. фраз.). Магчыма, з свяці́цца ‘тс’ (гл. свяці́ць): страха свяці́лася (Сл. ПЗБ) у выніку прыпадабнення да наступнага складу, аднак не выключаны ўплыў літ. svitéti ‘ззяць, свяціць’, параўн. світы́й ‘шчаслівы, радасны’, якое выводзяць з літ. дыял. šviñtas ‘святы’ (Сл. ПЗБ, 4, 399).

Свішч1 ‘загана ў чым-небудзь у выглядзе дзіркі, шчыліны, сітавіны’, ‘глыбокая гнойная язва ў тканках, органах цела; фістула’ (ТСБМ, Ласт.), ‘шырокая адтуліна паміж двума пярэднімі зубамі’ (Чэрн.). Укр. свищ ‘пусты арэх’, свисту́н ‘тс’, рус. свищ ‘свішч; чарвяточына ў арэху’. З *svistjo‑; да свіст, свістаць; гл. Міклашыч, 331; Фасмер, 3, 582. Параўн. сві́шчык ‘свісток’ (гл.), сьвішчэ́ць ‘свістаць’ (Касп., Сл. ПЗБ).

Свішч2 ‘кончык бізуна, пугі’ (Мік.), сюды ж сьвішчэ́ ‘маладыя карані сасны’ (Чэрн.). Да свістаць (гл.) на аснове гукавых уражанняў ад замаху, параўн. сві́снуць (сьві́снуць) ‘свіснуць, засвістаць’ і ‘выцяць пугаю, дубцом’ (Бяльк.). Сюды ж таксама сьвішчыпа́лка ‘хто любіць гуляць, не пільнуецца дому’ (Пятк.).

Свішчу́га ‘неўрадлівая зямля’ (ашм., Сл. ПЗБ). Да свістаць (гл.), семантычна ‘месца, дзе свішча вецер’.

Сві́шчык ‘свісток’ (Гарэц., Касп.). Укр. сви́щик ‘тс’. Ад свистаць (гл.) з суф. ‑jь і ‑ік.

Свой1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуй ‘трубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Сво́йскі ‘не дзікі, выгадаваны ці прыручаны чалавекам (пра жывёл, птушак, расліны), ‘прыязны, знаёмы, таварыскі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Др.-Падб., Байк. і Некр., Ян., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж сво́йсклівы ‘рахманы’ (Сл. ПЗБ). Укр. сві́йський ‘хатні, прыручаны’, рус. сво́йский ‘свой, дружалюбны, фамільярны’, польск. swojski ‘свой, не чужы, звычайны’, ‘хатні, прыручаны’, славац. svojsky ‘свой, родны, не чужы’, серб.-харв. svȏjski ‘свой’, балг. сво́йски ‘дружалюбны, фамільярны’. Прасл. *svojъskъ ад *svojь ‘свой’ з прыметнікавым суф. ‑ъsk‑; першаснае значэнне ‘свой, не чужы’. У беларускай, украінскай і польскай мовах семантычная інавацыя ‘хатні, прыручаны’ (аб жывёлах).

Сво́лак ‘падоўжная бэлька, якую клалі на сохі ў гаспадарчым будынку’ (ЛА, 4, ТС, Сл. Брэс., Ян.; гродз., баран., Сл. ПЗБ), ‘дзве папярочныя бэлькі ў адрыне’ (Скарбы), ‘апорная бэлька пад столлю, атрама’ (гродз., ЛА, 4; Сержп. Прымхі), сво́лак, свало́к ‘бэлька’ (Мат. Гом.), свёлак ‘шост каля печы для прасушвання адзення’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр. сво́лок ‘бэлька, якая падтрымлівае столь; маціца’, рус. сво́лок паўдн. ‘бэлька, маціца’, паўн. ‘навой у кроснах, на які набіваецца аснова’, чэш. мар. svlak ‘папярочка на збітых дошках’. Зваротны дэрыват ад *свалачы, параўн. рус. своло́чь ‘сцягнуць’ з узнаўленнем этымалагічнага ‑к‑, параўн. прасл. *velkti ‘валачы’. Гл. яшчэ волак, навалак. Таго ж паходжання беласт. svołaki ‘валакуша для перавозкі плуга на поле’ (Смул.). Збліжэннем з ствол (гл.) тлумачыцца ство́лак ‘бэлька ў страсе на сохах’ (Пятк. 1).

Сво́лач ‘зброд, дрэнь, нягоднік’ (Сержп. Прык.), сюды ж з экспрэсіўнай суфіксацыяй сволота́ ‘агідныя шкодныя людзі’, сволочу́га ‘нягоднік, нягодніца’ (ТС). Непасрэднае запазычанне з рус. сво́лочь, пры якім фармант ‑оч (< ‑ък) у сувязі з аканнем супаў з прадуктыўным суф. ‑ач (Вярхоў, Бел. мова, 80). Параўн. народнае навалач (гл.).

Свон ‘пах’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘смурод’ (Варл.). Няясна. Магчыма, да польск. won ‘тс ’, wonny, параўн. ст.-бел. свендуючий ‘смярдзючы’ (Ст.-бел. лексікон), якое выводзяць з польск. swędzić ‘прыпаліць’ (Булыка, Запазыч., 294).

Свор1 ‘лясны праход паміж балотамі’: лес у болоце, а кругом болото, счытай чыстэ болото кругом того свора; сво́рок ‘тс’ (ТС). Ведаць, да прасл. *sъverti ‘звязваць, сцягваць’, параўн. літ. suvérti ‘тс’, магчыма, першаснае *sǫvorъ, параўн. літ. дыял. sąvara ‘канал, што злучае азёры’, г. зн. ‘тое, што злучае розныя часткі балота’ або ‘тое, што “сціснута” балотамі’.

Свор2 ‘нейкая мера’, ст.-бел. котёл пяти своровъ. Выводзяць з літ. svãras ‘фунт, гіра’ (Яблонскіс, 229).