Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лагуны́ ’рубель, якім умацоўваюць сена або снапы на возе’ (пруж., ДАБМ). Да лагунз (гл.).

Лагу́ха, логуха ’лежань’ (пін., Нар. лекс.). Ад ⁺лога (як соня, хода) і экспрэсіўна^ суф. ‑их‑a. Да лажыць (гл.). Карэннае ‑о‑ з ‑а‑ (выраўноўванне да палескага окання).

Лагчаві́на ’лагчына’ (Жд. 2; міёр., Нар. словатв.). У выніку кантамінацыі лексем лагчына і лагавіна (гл.). Тое ж назіраецца ва ўкр. лощовина.

Лагчы́на, лахчы́на, лахчы́начка, лагчы́нка, лагчы́начка ’даліна, нізіна, яр, прадаўгаватае, нізкае месца сярод адхонных схілаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш., Гарэц., КЭС, лаг.; міёр., Нар. словатв.; навагр., КЭС), лахчы́на ’тс’, лашчына ’тс’, ’нізкае месца на полі’ (Сл. паўн.-зах., Выг., Сцяшк., Бяльк., Касп.; паўд.-усх., КЭС), ельск. ’колішняе рэчышча ракі’ (ЛАПП), укр. лощи́на, рус. лощи́на ’нізіна, лагчына’, балг. лъхчина ’нізкае, роўнае месца, акружанае з усіх бакоў узгоркамі’, ’горная седлавіна’, ’нізкая мясціна ля дарогі’, ’нізіна’, ’паглыбленне ў зямлі’. Апошняя лексема — вынік змешвання ў слав. дыялектах з луг, балг. лъг (< lǫgъ); павінна было б быць лохчина, як і балг., макед. логор, логур. Усходнеславянска-балгарскае ўтварэнне ад памяншальнай формы (лексемы lǫgъ) logъkъ і logьkъ і пеяратыўнага суф. ‑ina > logъkъ + ina > logъčina > лагчына; logьkъ + ina > ložъčina > лашчына. Да лог (гл.). Сюды ж ложчына ’нізіна’ (ТС), лажчына ’лагчына’ (Мат. Гом.), лагчыністы, лагчынны.

Лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (шальч., Сл. паўн.-зах.). Да лагожы (гл.).

Лад ’згода, дружба’, ’узорны парадак’, ’спосаб, манера, узор’, ’уклад жыцця’, ’дзяржаўная ці грамадская сістэма’, ’настрой, гумор, тон’ (Нас., Бяльк., Яруш., Шат., КЭС, лаг.), ’звычай’ (Сл. паўн.-зах.), ’змовіны сватоў’ (Шат.), (бабскі) лад ’распараджэнне’ (Нас.), ла́дам ’прыгожа, у згодзе, у лад’ (Нас.), лады́ ’згода’ (Юрч. Вытв.), ’змовіны’ (Сл. паўн.-зах.), не з лада мужык, не з лада жонка ’без кахання’ (паўд.-усх., КЭС). Укр. лад ’парадак, упарадкаванне’, ’звычай, агульнапрынятыя правілы прыстойнасці’, ’спосаб, манера’, ’такт’, ’распараджэнне’, ’узаемная згода’; рус. лад ’торг, дамаўленне’, ’змовіны’, ’згода, мір’, ’парадак’; польск. ład ’гарманічны ўклад, парадак’. Чэш. lad ’гармонія, прыгажосць’ < рус. лад; славац. lad ’упарадкаванне, спосаб’ < чэш. lad; в.-луж. ład ’парадак, планавасць’ < чэш. ці з польск.; літ. lõdas ’сужыццё, згода’ < польск., бел. ці з рус. моў. Існуючыя слав. лексемы можна ўзвесці да паўн.-слав. ladъ ’парадак, гармонія, урэгуляванасць’, якое не мае надзейнай этымалогіі. Так, Мікала (UG, 3, 24) звязвае яго з гоц. lētan ’пускаць, дазваляць’ < і.-е. *lēd‑. Міклашыч (159), Младэнаў (268), Праабражэнскі (1, 426) суадносяць са слав. lagoda. Зубаты (AfslPh, 16, 397; Studie, 1 (2), 102) рэканструюе аснову *lā‑. Фасмер (2, 447) рашуча адмаўляе меркаванне Бернекера (1, 683) аб сувязі ladъ з ірл. laaim ’кідаю, кладу, пасылаю, стаўлю’ і ст.-грэч. ἐλάω і інш. ’ганю’, які выводзіў з гэтага агульнае значэнне ’парадак, гармонія, слой, каханне’ і збліжаў гэта з польск. skład, składny. Бел. лад як музычны тэрмін — сэнсавая калька з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 151).

Ла́да1 ’каханы (каханая), любы (любая), мілы (мілая)’ (ТСБМ), ’муж’ (паўд.-усх., КЭС), ’(згодна з нашай міфалогіяй) выдатная багіня прашчураў, жонка бога Сонца і маці бога Ярылы’ (КЭС, лаг.), зах.-бран. ’нялюбы муж’. Укр. лада ’старажытнаславянская багіня’, ладо‑ладо! ладі‑ладі! ’прыпеў у фальклорных песнях’, ’мужык’, ’жонка’, ладува́ти ’спяваць вясельныя песні’; рус., ст.-рус. лада ’муж, жонка’, ладо, ладый ’мілы, каханы каханая’, ц.-слав. ладо ’каханы’; польск. łado! łado! ’прыпеў у вясельных песнях’ (Любліншчына, Холмшчына), ст.-польск. łado ’вокліч, назва бога’ (XV ст.), в.-луж. łado ’распусніца’, ст.-чэш. lada ’цнатлівая дзяўчына’, магчыма, і славен. lada ’крык’, lado gnati ’лямантаваць, хныкаць’, ládati ’спяваць’ (гл. Куркіна, Этимология–1976, 22), серб.-харв. ла̏да ’паэтычная назва замужняй жанчыны’, ла́дати ’спяваць напярэдадні вясенняга Юр’я, ідучы ад хаты да хаты: łado (m)oj, lado le, lȃdo, lȃdole — прыпеў у народнай песні, балг. лада ’другая дачка ў сям’і, што (у вясельнай цырымоніі) ідзе за вадой, з якой пасля варожачы дастае пярсцёнак’. Прасл. lada звязана з ladъ > лад (гл.) асноўным значэннем ’адпаведны, роўны, згодны’ (Крэчмер, Glotta, 30, 91–92; Фасмер, 2, 447; Слаўскі, 4, 420–421). Нельга згадзіцца з Махэкам₂ (317), які ўслед за Полакам (LF, 70, 27) адносіць слова да ліку чарнаморскіх, малаазіяцкіх. Выпадковае падабенстваз авар. tladi, λadi ’жанчына’ (Лідэн, KZ, 56, 223; Трубяцкой, BSL, 23, 199–200); Будзімір (RJAZU, 309, 97) звязвае прасл. lada са ст.-грэч. Λήτα, Λητώ, лац. Latōna, этрус. Voltumnus і інш. — усе з і.-е. *veldh‑ ’валодаць, панаваць’ > *vlāhā. Міклашыч (159) лексему lada звязвае з такімі, як чэш. láska ’каханне’, ladný, слав. lagoda, лац. Latōna, лік. lada ’пані’. Самая новая этымалогія ў Трубачова (История терм., 99–101) — з і.-е. *al‑ ’расці’, *al‑dho‑s ’які вырас’. Гл. таксама этымалогію да лада: Menges, Oriens, IX, 1956, 86–94.

Ла́да2 ’прыгатаванне’ (КЭС, лаг.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ладзіць ’рыхтаваць’.

Лада воўча ’вязель стракаты, Coronilla varia L.’ (Кіс.). Да ля́да5 (гл.). Да пераходу л > лʼ параўн. віл. лаўшэньляўша́.

Ладава́ць1, ладова́ті ’прыводзіць у парадак, падпраўляць, рыхтаваць, укладваць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’рамантаваць, напраўляць’ (Нар. словатв.), укр. ладува́ти ’рыхтаваць, прыстасоўваць’, польск. ładować ’даводзіць да ладу, рамантаваць, рыхтаваць’ (Малапольшча, Мазоўша), чэш. мар. ladovat se ’рыхтавацца да чаго-небудзь’, ’цешыцца, чакаючы штосьці’. Паўн.-слав. утварэнне ад ladъ > лад (гл.). Параўн. ла́дзіць. Сюды ж ла́давацца, ладава́цца ’прыводзіць у парадак, уладкоўваць, збірацца’ (ТСБМ).

Ладава́ць2 ’складваць’ (Сцяшк.), слонім. ’грузіць’ (Нар. лекс.), ’класці нешта цяжкае’ (Сцяц.), ’падымаць бярвёны на воз пры дапамозе лада’ (ганц., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. ладовати ’грузіць, нагружаць’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. ładować ’накладваць, нагружаць, абцяжарваць’ (XVI ст.), якое з с.-в.-ням. laden, ням. laden ’накладваць, напаўняць’, ’зараджаць (зброю)’ (Слаўскі, 4, 421). Сюды ж ст.-бел. ладовница, лядовница ’патранташ’ (XVII ст.), запазычаныя са ст.-польск. ładownica ’тс’.

Ла́дада ’праснак з кіслага цеста’ (воран., Сл. паўн.-зах.). Відаць, да аладка (гл.) пад уплывам дзіцячай мовы.