Лар ’высокая і вузкая драўляная скрыня з векам для захоўвання мукі або збожжа’ (Сіг.; малар., З нар. сл.; беласт. Сл. паўн.-зах.), рус. ларь ’скрыня’, ’куфар’, ’клетка’ (XI ст.), паўн.-рус. ’тс’, наўг. ’труна’, ’зруб для засолкі рыбы’. Запазычана са ст.-нарв. lārr ’шуфлядка’ ці са ст.-швед. lárr ’скрыня, куфар’, параўн. швед. lår ’тс’ (Міклашыч, 160; Бернекер, 1, 691; Фасмер, 2, 460). Сюды ж бел. лар ’прыстасаванне для палявання на мядзведзя’ (Інстр. 2), параўн. рус. іркуцк. ’засека з бярвення ў лесе’. Сучаснае ларок ’гандлёвая палатка’ — з рус. ларек.
Ларне́т ’род манокля ў аправе’, ’складныя акуляры з ручкай’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (79), з рус. мовы. Зах.-бел. дыялектны варыянт лёрнэт — з польск. lornet(k)a. Крыніцай запазычання з’яўляецца франц. lorgnette ’аптычнае прыстасаванне для назірання прадметаў, якія знаходзяцца збоку’ < lorgner ’глянуць, паглядзець’ (Фасмер, 2, 520; Слаўскі, 4, 333).