Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ла́ва1 ’прылада для сядзення (некалькіх асоб) і для спання’, ’самаробная мэбля ў сялянскай хаце’ (Гарэц., Сцяшк., Мат. Гродз.; гродз., КЭС. Янк. Мат., Мал., Некр., Маш., Выг., Нас., Бяльк., Касп., Яруш., Шат., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), лавы ’тс’ (Зялен. 2; Зн. дыс.). Укр. ла́ва, рус. ла́ва ’тс’, польск. ława, палаб. lovó, н.-луж., в.-луж. ława, чэш. lava, мар. łava ’тс’, славац. lávka, lavica ’лаўка’, славен. láva ’буфет (шафа)’, балг. лавица ’лаўка’. Прасл. lava ’(непераносная) лава ля сцяны’. Развіццё семантыкі: ’узнятае прыстасаванне для сядзення, ляжання’ > ’прызба’ > ’куча, слой зямлі, шчыльная маса, рад’. Дакладнымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. lóva ’ложак, пасцель’, ’доўгая лаўка’, ’градка, загон’, ’рэчышча’, лат. lāva ’палок у лазні’, ’пол’, ’лаўка ля печы’, ’адонак’, а таксама, магчыма, ст.-інд. láva‑ ’адрэзак, адрэзаны кавалак’, lavaḥ ’той, хто рэжа’, літ. liáutis ’прыпыняць, быць абрэзаным, акалечаным’ (апошняе гл. Слаўскі, 5, 51). Больш падрабязна гл. Бернекер, 695; Фасмер, 2, 444.

Ла́ва2 ’звязаны лес, плыт, які сплаўляецца на рэках басейна Заходняй Дзвіны’ (Анік., Дэмб., Янк. Мат.), ’плыт або звяно плыта на даўжыню аднаго бервяна’, ’плыт з двухмятровых дроў’ (дзвін., Нар. сл.; чэрв., Сл. паўн.-зах.). Самым блізкім да яе па значэнню з’яўляецца рус. лава ’мост’, пск. ла́вы ’плывучы мост на плытах’, пск., цвяр. ла́вина ’плыт на вадзе для мыцця бялізны, коней’, укр. гуц. ла́ва ’вузенькі масток, бервяно праз ваду, якое ўжываецца для пераходу’, ’кладка’. Аднак семантыка бел. лава з’яўляецца рэгіянальнай канкрэтызацыяй больш агульнага значэння лексемы lava ’нешта доўгае, шарэнга, рад, шчыльна складзеныя з асобных, падобных адна да адной састаўных частак’, як у бел. лава ’бок вуліцы’ (петр., Шатал., Мат. Гом.), параўн. і ла́ва3лава6, рус. пск. ла́вица ’вуліца, гарадскі раён’ (Філін, Происх., 610). Адносна паходжання гл. ла́ва1.

Ла́ва3 ’кавалак поля ад баразны ў два-тры загоны, узараных уроскід’ (Сцяшк.; мін., Ант., Чуд., Сл. паўн.-зах., Прышч. дыс.), ’вялікі кавалак зямлі, участак поля’ (Жд. 2, Сл. паўн.-зах.), ’загон’ (Шатал.), ’участак поля, які належыць аднаму гаспадару’ (Сл. паўн.-зах., Выг.), ’ніва’ (Мат. Гом.), ’вялікі абшар, аднастайны масіў чаго-небудзь’ (ТСБМ), ’вузкая паласа поля’, ’загуменная дарога’, ’абочына дарогі’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. літ. lóva ’загон, градка’. Да лава1 (гл.).

Ла́ва4 ’кар’ер (торфу)’ (Мат. Гом.), ’падземны горны вырабатак з доўгімі забоямі, дзе здабываюцца карысныя выкапні’ (ТСБМ) < польск. lawa < ст.-польск. ławy ’соль, высечаная гарызантальна’, ławy węglowe (XVI ст.). Крукоўскі (Уплыў, 73) мяркуе, што гэта запазычанне з рускай мовы. Да лава1 (гл.).

Ла́ва5 ’падоўжаная ўкладка дроў’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн., аднак, літ. lóva ’капна сена’. Магчыма, балтызм.

Ла́ва6 ’гарадскі суд’ (КТС, У. Караткевіч), ст.-бел. лава ’тс’ запазычана са ст.-польск. lawa ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 53).

Лава́нда ’пахучая расліна Lavandula, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі’ (ТСБМ) < польск. lawanda, lawenda, lawendula (з XVI ст.) < іт. lavanda ’тс’ < lavare ’мыцца, купацца’. Пахучую расліну выкарыстоўвалі пры мыцці (Слаўскі, 4, 79–80).

Лава́ць, лова́ць (1‑я ас. лава́ю) — паўд.-усх. ’лавіць’ (Янк. I, Шн., Нар. сл., Шатал., Мат. Гом.), лава́цца ’лавіцца’ (ТС). Псеўдаітэратыўная форма дзеяслова лаві́ць (гл.) паводле аналогіі да хватаць. Гл. таксама лавіць.

Ла́вачка1 ’шайка, банда’ (Мат. Гом.), рус. прастам. лавочка ’несумленнае, незаконнае прадпрыемства, задума; група людзей, якая ўдзельнічае ў гэтай задуме’. Апошняе да ла́ўка ’магазін’ (гл.).

Ла́вачка2 ’крама’ (Сцяшк.). Дэмінутыў ад ла́ўка (гл.).

Лавер’я́н ’валер’ян, Valeriana officinalis L.’ (Мат. Гом.) — рэгіянальная сапсаваная форма літаратурнага валяр’ян (гл.).

Лаве́ты ’два дручкі, збітыя упоперак і пашыраныя назад, якія накладваюцца на воз замест драбін і служаць для перавозкі сена, снапоў і г. д.’ (Смул.) < польск. lawet, laweta ’лафет’ < ням. Lafette < фр. Iʼaffut ’тс’.

Лаве́ц1 ’лавец, паляўнічы’, ’той, хто ловіць’ (Янк. II, Бяльк., ТС), укр. лове́ць ’тс’, рус. лове́ц ’тс’, ’рыбак’, польск. łowca ’паляўнічы’, ст.-польск. ’паляўнічы сабака’, устар. łowiec (з XIV ст.) ’паляўнічы’, каш. łȯvca ’тс’, łȯvc ’той, хто ловіць’, н.-луж. łowc ’паляўнічы; той, хто займаецца лоўляй’, чэш., славац. lovec, славен. lóvec, łȍu̯c, серб.-харв. ло̀вац ’паляўнічы’, ’егер’, ’ястраб-перапёлачнік’, макед. ловец, балг. ловец ’паляўнічы’. Прасл. lovьcь ’той, хто ловіць звяроў, птушак, рыб’. Першаснае nomen agentis ад loviti > лавіць (гл.), утворанае пры дапамозе суф. ‑ьcь (Слаўскі, 5, 232; SP, 1, 100). Ст.-бел. ловца ’птушкалоў’ (XVII ст.) < ст.-польск. łowca ’тс’ (Булыка, Запазыч., 90).

Лаве́ц2 ’ражон, завостраная палачка, дубчык, на які чапляюць сала і смажаць яго на агні’ (Янк. II, Бяльк., Мат. Гом.; жлоб., Нар. словатв.) з *ламец (уплыў народнай этымалогіі) пры перастаноўцы м > в, параўн. ломжалаўжолобжа (Мат. Гом.). Суфікс ‑ец той жа, што і ў дубе́ц. Корань лом‑ у роднасных ламы́, лам’ё, ламяйко, ламата́ ’абцярэбленыя сукі, дробнае галлё’ (Сцяшк., Нас.).

Лаві́на ’снежны абвал’, ’імклівая, нястрымная маса каго- або чаго-небудзь’ (ТСБМ, ТС), ляві́на ’тс’ (Яруш.) праз польск. lawina ці рус. лавина з ням. Lawine < рэтарам. lavina < с.-вяк.-лац. labīna/lavīna < lābor ’звальвацца, падаць’ (Клюге₁₇, 427–428; Фасмер, 2, 444; Махэк₂, 322; Слаўскі, 4, 81).

Лаві́раваць ’рухацца не прама, зігзагамі, абмінаючы перашкоды (аб караблі)’ (ТСБМ) з гал. ці н.-ням. laveeren або нова-в.-ням. lavieren праз рускую (Крукоўскі, Уплыў, 74) ці польскую мову.

Лаві́ць ’здабываць (рыбу, звяроў, птушак пры дапамозе прыстасаванняў)’, ’хапаць на ляту’, ’вышукваць, высочваць’, ’выбіраць зручны момант’, ’успрымаць слыхам, розумам’, ’выкрываць, абвінавачваць’ (Бяльк., Яруш., Сцяшк., ТСБМ, ТС). Утворана ад lovъ > лоў (гл.). Можна меркаваць, што форма лава́ць (гл.) больш архаічная, чым лавіць: яшчэ ў праславянскі перыяд суф. ‑aje‑ (‑ati) у дэмінутыўных дзеясловах быў выцеснены прадуктыўным ‑i‑ (‑iti) (Слаўскі, SP, 1, 46), інакш зыходны назоўнік, ад якога ўтварыўся дзеяслоў, павінен быў бы мець аснову на ‑ĭ‑ (г. зн. lovь).