Лаве́ц1 ’лавец, паляўнічы’, ’той, хто ловіць’ (Янк. II, Бяльк., ТС), укр. лове́ць ’тс’, рус. лове́ц ’тс’, ’рыбак’, польск. łowca ’паляўнічы’, ст.-польск. ’паляўнічы сабака’, устар. łowiec (з XIV ст.) ’паляўнічы’, каш. łȯvca ’тс’, łȯvc ’той, хто ловіць’, н.-луж. łowc ’паляўнічы; той, хто займаецца лоўляй’, чэш., славац. lovec, славен. lóvec, łȍu̯c, серб.-харв. ло̀вац ’паляўнічы’, ’егер’, ’ястраб-перапёлачнік’, макед. ловец, балг. ловец ’паляўнічы’. Прасл. lovьcь ’той, хто ловіць звяроў, птушак, рыб’. Першаснае nomen agentis ад loviti > лавіць (гл.), утворанае пры дапамозе суф. ‑ьcь (Слаўскі, 5, 232; SP, 1, 100). Ст.-бел. ловца ’птушкалоў’ (XVII ст.) < ст.-польск. łowca ’тс’ (Булыка, Запазыч., 90).

Лаве́ц2 ’ражон, завостраная палачка, дубчык, на які чапляюць сала і смажаць яго на агні’ (Янк. II, Бяльк., Мат. Гом.; жлоб., Нар. словатв.) з *ламец (уплыў народнай этымалогіі) пры перастаноўцы м > в, параўн. ломжалаўжолобжа (Мат. Гом.). Суфікс ‑ец той жа, што і ў дубе́ц. Корань лом‑ у роднасных ламы́, лам’ё, ламяйко, ламата́ ’абцярэбленыя сукі, дробнае галлё’ (Сцяшк., Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)