Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лап! ’пра мацанне, абмацванне’ (мсцісл., Нар. лекс.), смал. лап ’тс’, рус. ярасл. лап! (аб сабаку) ’скок!’, польск., в.-луж. łap©, чэш., усх.-славац. lap© ’хол’. Паводле семантыкі толькі мсцісл.-смал. арэал. Паўн.-слав. lapъ© суіснуе побач з дзеясл. łapali/lapiłi (Слаўскі, 4, 464), бел. лапаць© (гл.). Згодна са Смаль–Стоцкім (Прымат., 22, 27, 37), — гэта анаматапеічнае аддзеяслоўнае ўтварэнне (са значэннем «рух — гук»).

Ла́па1, ла́пка ’ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак’ (ТСБМ, Сцяшк., Бес., Сл. паўн.-зах., Клім., Яруш., Мат. Гом., Бяльк.) (экспр.) ’нага чалавека’, ’ножка стала, ложка, услона’ (Сл. паўн.-зах., Нас., Шатал.), ’ступня чалавека’ (ігнал., даўг., Сл. паўн.-зах.), ’рука’ (Нас.), даўг. лапка ’кісць рукі’ (Сл. паўн.-зах.), драг. ла́па, ла́пыско ’вялікая ступня’ (Нар. лекс.), ла́па ’расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваных для выцягвання цвікоў’ (ТСБМ, Сцяшк., Мат. Гом.), драг. ’для сцягвання ботаў’ (І. Лучыц-Федарэц; Сл. паўн.-зах.), в.-дзв. ’для абдзірання галовак ільну’ (Шат.), ’зуб у вілах’ (навагр., З нар. сл.), ’ручка ў сасе, плузе’ (Тарн., Смулк., Шатал.; лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (глыб., Сл. паўн.-зах.), ’чапяла’ (кобр., ДАБМ, к. 251), ’камплект панажоў у кроснах’ (Бяльк., Мат. Маг., Уладз., Мат. Гом.), ’дошчачка ў калаўроце, на якую наступаюць нагой пры прадзенні’, малар. ’стойкі ў калаўроце, паміж якімі знаходзіцца кола’ (Уладз.), лельч. ’водаўдарная дошчачка на вобадзе вадзянога кола’ (ЛАПП), ’шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец’ (ТСБМ), ’паз у бервяне ў вугле’ (Мат. Гом.), (перан.) ’удар па далоні лінейкай як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе’ (Нас., Бяльк.; маладз., Хрэст. дыял., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), у выразе: лапамі араць ’упірацца, не даваць згоды’ (КЭС, лаг.), ст.-бел. лапица ’след’. Укр. лапа, зах.-укр. ла́ба, рус. лапа ’тс’, смал. лапы ’рукавіцы’, польск. łapa — апрача асноўнага значэння ’нага’ польская моўная тэрыторыя звязваецца з беларускімі значэннямі ’частка калаўрота’, ’панажы ў кроснах’, якія адсутнічаюць у рускіх гаворках; усх.-польск. łaba, каш. łapca (< łapica), чэш. tlapa, мар. dlapa (< прасл. lapa) — t‑/d‑ тут пад уплывам ням. Tatze ’лапа’ (Ільінскі, РФВ, 78, 194), а, паводле Шмілаўэра (Махэк₂, 645), чэш. tlapa — вынік кантамінацыі слав. łapa і ням. Tappe ’лапа’; славац. laba, славен. lapa, якое, паводле Плятэршніка (1, 499), са ст.-слав.; балг., макед. лапа ’нага некапытнай жывёлы’. Прасл. lapa ’ступня, нага некапытных жывёл’ з’яўляецца працягам і.-е. *lāpā ’рука, далонь, лапа’ (Слаўскі, 4, 465), параўн. адпаведнікі з іншых і.-е. моў: літ. lópa ’лапа жывёл, якія не маюць капытоў’, ’кісць рукі, нагі’, лат. lãpa ’лапа’, гоц. lōfa, ст.-ісл. lófi ’далонь’ (Бернекер, 690; Буга, Rinkt., 2, 170; Покарны, 1, 679; Брукнер, 306; Траўтман, 160; Фрэнкель, 339–340; Фасмер, 2, 458). Сабалеўскі (РФВ, 70, 95) без падстаў рэканструяваў прасл. *tlapa зыходзячы з чэш. формы tlapa.

Ла́па2, ла́пка ’галінка хвоі, елкі’ (Нас., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Касп., Шат.; глус., Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.), ла́пнік ’тс’ (Бяльк.), ’галіна дрэва з лісцем’ (карэліц., лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’гронка вінаграду’ (карэліц., Шатал.), ганц. ла́пкі ’сцяблы і лісце бульбы’ (ДАБМ, с. 867), ’амяла, Viscum L.’ (Маш.). Рус. ла́пина ’галінка дрэва, дубчык’, ла́па ’тс’, ла́пник, ла́пняк ’шырокія лапы ялін, якімі пакрываюць на зіму двары’. Балтызм. Параўн. літ. lãpas ’ліст’, лат. lapa ’галіны дрэў з лісцем, якія падкладваюцца пад стог ці тарпу’.

*Ла́па3, воўча ла́па, кото́вые (котя́чі) ла́пкі ’ткацкі ўзор, малюнак якога нагадвае след жывёл’ (Уладз.). Параўн. таксама лат. lapa ’узор вязання рукавіц’, укр. лапки́ (мн. л.) ’род узору для вышывання’. Да ла́па1 (гл.).

Ла́па4 ’лапік, латка’ (пін., ДАБМ, 925), ла́пка ’тс’ (езярышч., віц., бярэз., пін., светлаг., ДАБМ, 924–925). Балтызм. Параўн. літ. lõpas ’тс’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 117–118). Канчатак ‑а пад уплывам лексемы лата ’латка’. Сюды ж ла́піна ’латка’ (ДАБМ, к. 324), ла́пінка ’тс’ (ДАБМ, с. 924–925; Федар. I, Федар. 3, Сцяшк., Нар. сл.; міёр., Нар. словатв.), ’пустое месца на полі, непакрытае гноем’ (Жд. 2), ’прагаліна’ (Мат. Гом.; міёр., Нар. словатв.); навагр. ла́піна ’ануча’ (Нар. сл.), ’праталіна’ (Некр.), ’невялікая плошча зямлі, на якой расце што-небудзь’ (Жд. 1), ’частка поля, сенажаці ў 4–6 м²’ (Шат.).

Лапаву́хі, лыпаву́хі ’аблавухі’ (Шат., ТСБМ, Яўс.; паўн.-усх., КЭС) ’някемлівы, непаспешлівы’ (ТСБМ), рус. наўг., валаг. лопоу́хий ’кіжлай, цяльпук, цюхцяй’, ’разява’, ’ёлуп’, а ў літаратурнай мове і ’аблавухі’. Бел.-рус. ізалекса старажытнай пары. Балтызм, параўн. літ. lapaaũsis ’лапавухі’, ’разява’. Ёсць і інш. балт.-усх.-слав. ізалекса: літ. aplėpaũsis, nulėpaũsis, лат. ļutausis, lutàusisбел. віславухі, рус. вислоухий ’аблавухі; павольны, някемлівы, няўклюдны’. Першая частка звязана са значэннем ’вісець, абвісаць’. Такі ж сэнс і ў літ. luzgaũsis (дзе luzgė — ’галіна павіслай бярозы’). У ідэнтычных (паводле семантыкі) лексемах польскай, украінскай і паўднёва-славянскай моў першая частка звязана з klepati: польск. klapouchy, укр. клапоухий, капло(в)ухий, славен. klapoúch, серб.-харв. кле̏мпав, балг. клепоу́х ’аблавухі’, макед. клапушест ’нязграбны, няспрытны’. Сюды ж лыпаву́шка, лыпаву́шына ’аблавушка’ (Яўс.).

Лапа́ная ’карцёжная гульня, у якой мяняюць карты для складання пар, і калі адна карта можа быць няцотнай, лішняй, таго, хто застаецца з ёй, называюць свінкай’ (Нас.). Дзеепрыметнік ад лапаць ’хапаць’ (гл.).

Лапанда́ ’чалавек, які пры сварцы моцна абы-што крычыць’ (КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. лат. pläpät, літ. plepėti ’балбатаць, лапатаць’. Аналагічна і лапанда ’балбатун, балбатуха’ (Сцяцко, Афікс. наз., 34). Там жа ёсць і дзеяслоў лапаюць. Нявыключана, што ён з лапанда. Магчыма, лапаніцьз’яўляецца скарочанай формай дзеяслова з блізкай семантыкай гарлапаніць. Аб суф. -da гл. Атрэмбскі, Gram., 268–270.

Лапане́ць, лопонёць ’лапатаць, шалясцець’ (ТС). Укр. ло- понути ’шпарка пабегчы, уцячы’ — тыповая палеская мена т > н у экспрэсіўных дзеясловах. Параўн. драг. стугонітэ∼ ∼стукотітэ. Да лопат (гл.).

Лапа́нка ’пастка’, ’аблава’ (астрав., шальч., Сл. паўн.-зах.). З польск. łapanka, параўн. кракаўск. ’клетка для галубоў на даху’, ’аблава на людзей у перыяд гітлераўскай акупацыі’ < łapać < прасл. lapati ’лавіць’.

Лапано́сы ’чалавек з шырокім, пляскатым носам’ (Касп., ТСБМ; кіраў., Нар. сл.; жлоб., Мат. Гом.), ’лапаносы, кірпаносы’ (Растарг.). Літ. lapanõsis ’той, у каго нос мае форму ліста’, параўн. šikšnósparnis lapanõsis ’шыраканосая лятучая мыш, Rhinolophus ferrum eguinum’. Магчыма, балтызм, аднак з прычыны неакрэсленасці арэала пашырэння лексемы ў літоўкай мове (адсутнасць дадатковых дадзеных) нельга дакладна вызначыць крыніцу. Сюды ж лапаноска ’водная птушка шыраканоска, Anas clypeata L.’ (Інстр. 2; слуц. Федз.–Доўб.).

Лапану́ць ’пабегчы, ірвануць, паспяшацца’ (карэліц., Нар. сл.) — балтызм. Параўн. літ. lapanóti ’бегчы’, lapénti ’хутка ісці, бегчы’. Канец слова ‑нуць на беларускай глебе атрымаў значэнне імгненнасці дзеяння.

Ла́пань, лапень (гродз., ДАБМ, к. 324) — дыялектны сінонім да лапік (гл.). Аб суф. ‑ень (‑ань) гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38–39.