Лагчы́на, лахчы́на, лахчы́начка, лагчы́нка, лагчы́начка ’даліна, нізіна, яр, прадаўгаватае, нізкае месца сярод адхонных схілаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш., Гарэц., КЭС, лаг.; міёр., Нар. словатв.; навагр., КЭС), лахчы́на ’тс’, лашчына ’тс’, ’нізкае месца на полі’ (Сл. паўн.-зах., Выг., Сцяшк., Бяльк., Касп.; паўд.-усх., КЭС), ельск. ’колішняе рэчышча ракі’ (ЛАПП), укр. лощи́на, рус. лощи́на ’нізіна, лагчына’, балг. лъхчина ’нізкае, роўнае месца, акружанае з усіх бакоў узгоркамі’, ’горная седлавіна’, ’нізкая мясціна ля дарогі’, ’нізіна’, ’паглыбленне ў зямлі’. Апошняя лексема — вынік змешвання ў слав. дыялектах з луг, балг. лъг (< lǫgъ); павінна было б быць лохчина, як і балг., макед. логор, логур. Усходнеславянска-балгарскае ўтварэнне ад памяншальнай формы (лексемы lǫgъ) logъkъ і logьkъ і пеяратыўнага суф. ‑ina > logъkъ + ina > logъčina > лагчына; logьkъ + ina > ložъčina > лашчына. Да лог (гл.). Сюды ж ложчына ’нізіна’ (ТС), лажчына ’лагчына’ (Мат. Гом.), лагчыністы, лагчынны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)