Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)