Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Аске́пак, аскёпак ’асколак, шчэпка, трэска’. Параўн. яшчэ атськёпык ’адшчэпак’ (Бяльк.). Рус. дыял. паўдн. оскепок ’аскепак’, укр. оскипище ’ручка грабляў’. Ст.-рус. оскѣпъ ’кап’ё’. Паводле значэння, рускае і беларускае словы тлумачацца як суфіксальныя ўтварэнні ад дзеяслова, засведчанага ў Даля: оскепать ’ашчэпяць’; параўн. абрывак, адломак. Іншае магчымае тлумачэнне: памяншальнае ад аскеп (ст.-рус. оскѣпъ) семантычна менш верагодна. Дзеяслоў оскѣпати (> назоўнік оскѣпъ) утвораны ад дзеяслова скѣпати > скяпаць (гл.). Захаванне ў націскным складзе ў бел. аскепак е (пры пераходзе яго ў ё ў некаторых магілёўскіх гаворках) можна лічыць як сведчанне ў карысць гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270) пра тое, што ск захоўвалася тут перад оі, з якога ўтварыўся ѣ. Аскепак і шчэпка словы аднакарэнныя. Малаверагодная думка Даля (IV, 195), падтрыманая Когенам (Запіскі, 1, 236–237) і Сцяцком (Нар. 27), пра роднаснасць аскепак і скіба ’луста’, якое запазычана праз польскую з нямецкай мовы. Семантычна скіба, скібка не ўжываюцца, калі справа ідзе пра дрэва, фанетычна кепска тлумачыцца б і не найлепшым чынам і. Гл. скіба.

Аске́т. Новае запазычанне з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), дзе аскет (гэта форма з сярэдзіны XIX ст., з канца XVII — аскит) усталявалася пад нямецкім уплывам (ням. Asket), у той час як аскит (як і нямецкае слова) з грэч. ἀσκητής пачаткова ’чалавек, які практыкуецца’. На грэчаскую першакрыніцу беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 163. Польск. asceta адлюстроўвае іншую галіну пашырэння слова ў Еўропе праз лацінскую мову.

Аскірза́цца ’агрызацца’. Укр. оскіря́тися ’выскаліцца, ашчэрыцца’, ошкіря́тися, ви́шкіряти(ся); рус. разм. оски́риться. Відавочна, таго ж кораня, што ашчэрыцца, шчэрыць (гл.). Махэк₂, 627 (пад štířiti), прыводзіць ст.-чэш. oškeřiti se, дыял. чэш. škeřit se, мар. vyskeřák (назва птушкі). Узыходзіць да і.-е. *(s)kēr‑ ’раздзяляць, рэзаць’ (Покарны, 938); параўн. літ. skìrti ’раздзяляць, раз’ядноўваць’, skir̃sti трэскацца (аб скуры, зямлі)’. Захаванне ‑ск‑ перад ‑і‑, магчыма, тлумачыцца ўплывам слоў тыпу скаліцца, склабіць. Элемент ‑з‑ дадаваўся да кораня, які дээтымалагізаваўся, аддзяліўшыся ад варыянта ‑шчэр‑, магчыма, у выніку кантамінацыі з агрызацца. На іншую магчымасць тлумачэння ‑з‑ указвае рус. дыял. паўн. карзать, корзать ’абрэзваць галлё’, славен. kŕzati ’рэзаць дрэнным нажом’, серб.-харв. кр̏зати ’сточваць’ (гл. Фасмер, 2, 199); параўн. таксама рус. дыял. карзубый, карзун ’чалавек без пярэдніх зубоў’, якое ўзводзяць да *kъrnozǫbъ, але нельга выключыць сувязь (магчыма, другасную) паміж аскірзацца і карзун, а, магчыма, таксама бел. прозвішчамі Карзон, Корзун, Карзей, Кірзей; параўн. яшчэ скаруза ’ўпарты’, скарузіцца ’ўпірацца, капрызіць’ (Касп.), рус. скоросый ’запальчывы, няўжыўчывы’. Аб корані гл. Райзензон, Проблемы лексикологии, 1973, 145–152. Для тлумачэння славянскіх форм з ‑ск‑, ‑шк‑ як запазычаных з балтыйскай няма семантычнай падставы; пашырэнне на чэшскай тэрыторыі таксама супраць гэтага.

Аскі́тэр (Непакупны, Мовознавство, 1969, 3, 19). Гл. скітэр, а‑ мае пратэтычны характар.

Аскле́ць ’азябнуць’. Утворана з цыркумфіксам o‑ + ě‑ti ад кораня скл (варыянт шкл‑о < stьkl‑) са значэннем, суадносным з шэрагам іншых слоў, што азначаюць ’азябнуць’ праз указанне на ператварэнне ў цвёрды, ломкі стан: адубець, акачанець, апруцянець і г. д. Параўн. азглець (гл.).

Асклі́злы ’слізкі’ (КТС). Генетычна — дзеепрыметнік ад дзеяслова *осклизти, параўн. склізнуць у Насовіча. Пачатковае а‑ мае прэфіксальны ці пратэтычны характар. Пра корань гл. склізкі.

Аско́ла вісус; чалавек, што ўсюды паспявае’ (Бяльк.); параўн. рус. смал. асколок ’дзёрзкі, нахабны чалавек’, укр. дивитись оскілками ’глядзець са злобай’, польск. oskoła ’бярозавы сок’ (Брукнер). Гэта слова можна тлумачыць як семантычнае развіццё першаснага аскола таго ж паходжання, што і рус. оскол, бел. асколак, якія маглі мець значэнне тыпу ’стрэмка’. Яны развіваліся тым жа шляхам, што і рус. заноза. Іншае тлумачэнне: скажэнне слова раскол ’забойца, разбойнік; буян, нахабнік’ (Бяльк., Шат.), што адлюстроўвала ўяўленне аб раскольніках як адшчапенцах, кепскіх людзях, якое пашыралася царквой; у гэтым выпадку ўкр. прыклад, дарэчы, патрабуючы ўдакладнення, наўрад ці звязаны з бел. асколак рус. асколок. Сувязь тлумачэння з польск. oskola, відаць, ад уяўлення пра «ліпучасць» соку.

Аско́лак. Рус. оско́лок, укр. оско́лок, оскі́лок ’тс’, славен. oskȃłek ’стрэмка’, чэш. oskolek з рускай мовы. Ст.-рус. осколъ ’скала’. Фасмер (3, 160) указвае на сувязь з щель, скала, колоть, г. зн. на належнасць да і.-е. *(s)kel‑/(s)kol‑; такую ж сувязь канстатуе і Аткупшчыкоў (Из истории, 114). Шанскі (КЭСРЯ, 315) удакладняе словаўтварэнне осколить ’ашчыпаць, абцясаць’ > оскол, ад якога памяншальнае осколок (формы осколить, оскол фіксуе Даль), прычым у осколить «корань той самы, што ў колоть» (КЭСРЯ), відавочна, осколить азначала ’абкалоць’.

Аско́ма, аско́м (Сцяц.). Рус. оско́ма, оскомина, укр. оскома ’тс’, польск. oskoma ’тс’ і ’апетыт на нешта’, чэш. стар. oskomina ’тс’, балг. (о)скомина, мак. оскомина, серб.-харв. ско̀мина ’тс’, славен. oskomina ’тс’ і ’апетыт’. Бяссуфікснае ўтварэнне ад дзеяслова *oskomiti (параўн. маг. аско́міцца ’надакучаць’, Бяльк.), у якім корань *‑skom‑ паралельны да шчаміць < *skem‑iti, шчымець. Індаеўрапейскі корань няпэўны. Параўнанне з літ. skónis ’смак’ і санскр. kā́maḥ ’жаданне’ няпэўнае, таксама як з *sken‑ ’расколваць’. Гл. шчаміць.

Аско́р ’ачыстка ствала ад кары’ (Сцяшк.). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *аскарыць, *аскараць, што павінен быў азначаць ’ачышчаць ад кары’; блізкі дзеяслоў вядомы ў польскай oskórować ’здымаць скуру; забяспечваць скураным пакрыццём’, аднак генетычна зразумела толькі другое значэнне, якое надаецца пры ўтварэнні дзеясловаў паводле мадэлі о‑ + корань назоўніка + ‑ити са значэннем ’прыдаць тое, што выражана назоўнікавым коранем’ (параўн. аснасціць, ашкліць). Для першага значэння больш характэрна выкарыстанне прэфікса ‑ад (параўн. і польск. odskórzanie ’здыманне скуры’). Пры замацаванні зафіксаванай дыялектнай формы з а‑, а не ad‑, магчыма, мела значэнне наяўнасць элемента ‑c‑, які ўспрымаўся не як частка кораня (што атаясамліваўся з кара, кор‑, а не з скор‑), а як прэфіксальны элемент з‑ (с‑).