Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тако́ўскі (тако́вский, тако́вський) ’падобны’, ’гэтакі’ (Нас.), ’які заслугоўвае ўвагі, пахвалы або неадабрэння — асаблівы’ (ТСБМ), ’такі’ (Ласт., Сцяшк., Кал., Скарбы), такі́вськый ’найбольш зручны ў дадзены момант’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. таковськиі ’такі’ (XVI ст., Карскі 2-3, 54). Наватвор на базе *takovъ (Карскі, там жа; ESSJ SG, 2, 643), гл. таковы.

Такро́к ’летась’ (навагр., Жыв. сл.; Нар. словатв., Скарбы; карэліц., Янк. Мат.; Сцяшк.; шчуч., З нар. сл.; Сл. ПЗБ; вілен., гродз., ЛА, 2), такрі́к ’тс’ (брэсц., ЛА, 2), такру́к ’летась’ (лях., ЛА, 2; Сл. ПЗБ), ст.-бел. такрок ’у мінулым годзе’ (1579 г.), такрочны ’леташні’, сюды ж такро́чны ’леташні, мінулагодні’ (Скарбы, Сцяшк.), такро́чны, такро́чні, такро́шні ’мінулагодні’ (Сл. ПЗБ), такро́шні гот ’летась’ (навагр., ЛА, 2), такрі́чнэ лі́то ’тс’ (кам., ЛА, 2), такро́чні цялю́к ’цяля-перазімак’ (воран., ЛА, 1). Запазычана з польск. tak rok ’год таму, летась’, tak roczny ’мінулагодні, леташні’, навагодняе пажаданне na tak rok! ’каб так за год дачакацца’ (Варш. сл.), у спалучэнні з іншымі назоўнікамі: tak miesiąc ’месяц таму’, параўн. таксама чэш. мар. tak rok ’год таму’. Гл. так, рок1, параўн. тарок (гл.). Пацюпа (Станкевіч, Язык, 1164) на падставе выразу тот рок (Баркулабаўскі летапіс) лічыць самастойным утварэннем, што сумніўна. Параўн., аднак, такро́к ’штогод’: то ж ён такрок прыезджаў к матцы (Мат. Гом.), калі гэта не памылковая семантызацыя, то яго можна разглядаць як незалежнае ўтварэнне ці другаснае пераасэнсаванне запазычання.

Та́кса1 ’расцэнка тавараў або памер аплаты’ (ТСБМ), сюды ж таксава́ць ’вылічаць, ацэньваць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк.), таксо́ўшчык ’ацэншчык’ (Байк. і Некр.), такса́тар, таксо́ўнік ’тс’ (Некр. і Байк.), відаць, працяг ст.-бел. такса ’такса, расцэнка’ (1563 г.) < ст.-польск. taksa, што да с.-лац. taxa; са ст.-польск. taksować і ст.-бел. таксовати (Булыка, Лекс. запазыч., 78, 81). У сучасныя мовы, хутчэй за ўсё, запазычана з заходнееўрапейскіх моў, параўн. франц. taxer ’устанаўліваць цвёрды кошт’ — з лац. taxāre ’ацэньваць, вызначаць кошт’, уласна ’абмацваць (прыцэньваючыся)’, што этымалагічна звязана з лац. tangere ’датыкацца, чапаць, спрабаваць’, ням. Taxe ’ацэнка, расцэнка’ і інш. (Чарных, 2, 225–226; Фасмер, 4, 13; ЕСУМ, 5, 505).

Та́кса2 ’сабака Canis vertagus’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Выводзіцца (праз рус. такса?) з ням. Dachshund ’такса’, якое літаральна азначае ’барсуковы сабака’, спецыяльная парода сабак, выведзеная для палявання на звяроў, што хаваюцца ў норах (ЕСУМ, 5, 505; Чарных, 4, 13; Фасмер, 4, 13).

Такса́ма ’такім самым, падобным чынам, гэтак жа’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк., Бяльк., Нік. Очерки), ’такім спосабам’ (Сл. ПЗБ), ’аднолькава’ (Варл.), такса́мо ’гэтак, падобным чынам’ (ТС). Параўн. укр. такса́мо ’тс’, польск. tak samo ’тс’. Спалучэнне так (гл.) і сама (гл. сам) у ідэнтыфікацыйнай функцыі, параўн. такіса́мы ’гэтакі ж, такі ж’ (Вруб.), такі самы ’тс’ (Сцяшк. Сл.), што, паводле ESSJ (SG, 2, 590), прадстаўляе т. зв. агульнаеўрапейскі тып спалучэнняў, параўн. ням. derselbe ’той жа, той самы’, англ. the same ’тс’, франц. le même ’тс’, фін. tämä sama kirja ’тая самая кніга’ і пад.

Таксі́ ’аўтамабіль, прызначаны для перавозкі пасажыраў або грузаў з аплатай па таксометру’ (ТСБМ), ’легкавы аўтамабіль’ (швянч., воран., Сл. ПЗБ), адаптаванае таксо́ н. р., такся́ ж. р. ’таксі’ (Мат. Маг. 2). Запазычанне савецкага часу з заходнееўрапейскіх моў са скарачэння taxi на французскай глебе слова taximètre, першапачаткова ’аўтаматычны лічыльнік для машын гарадскога транспарту з указаннем кошту праезду’, пазней ’аўтамашына з такім лічыльнікам’ (Чарных, 2, 226).

Таксо́ўка ’легкавы аўтамабіль’ (Скарбы, Сцяц. Сл., Сцяшк.), таксо́ўка, таксу́вка ’тс’ (Сл. ПЗБ), таксу́фка ’тс’ (Сцяшк.). З польск. taksówka ’таксі’ з пераасэнсаваннем на заходнебеларускай глебе ’найбольш распаўсюджаны від транспарту для пасажыраў’ (гл. таксі).

Такт ’мерны рух; лад; пачуццё меры’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), тахт ’рытм, рытмічнае суправаджэнне’ (Сл. ПЗБ, Цых.), та́хта ’тс’ (Стан.). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, відаць, праз польск. takt ’рытм; далікатнасць’, ’рытм (у музыцы, руху)’, што з лац. tāktus ’дотык; адчуванне дотыку’ (ЕСУМ, 5, 506; Фасмер, 4, 13; Голуб-Ліер, 476; Брукнер, 564). Сюды ж такто́ўны ’які мае такт’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.).

Та́ктыка ’майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою, змагання; лінія паводзін’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), такты́чны ’звязаны з правядзеннем бою, барацьбы’ (ТСБМ). Праз польск. taktyka, taktyczny з ням. Taktik або франц. tactique з тым жа значэннем з лац. tactica (ars), грэч. τακτικός, ‑η (τέχνη)/τάξις ’строй, лад’ (Фасмер, 4, 13).

Так-ся́к ’нейкім чынам’, ’абы-як’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Варл., Арх. Вяр.), ’як-небудзь’ (ТС). Спалучэнне так (гл.) з сяк1 (гл.).

Та́к-такі ’аднак, усё-такі, усё ж’; ’на самай справе, сапраўды’ (ТСБМ). Гл. так, такі2.