Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сця́гаўя, сця́жкі ’кудзеля з ільну, што быў зблытаны’ (Варл.). Ад сцяга́ць ’сцягваць’, гл. цягаць.

Сця́гень ’сувязь загнутых верхніх частак палазоў з пярэднімі капыламі’ (ПСл). Ад сцягнуць, параўн. іншыя назвы той жа дэталі сцягі, усцяглі (гл.) ’планка, што ідзе ад галоўкі саней да першага капыла’ (Маслен.).

Сця́глі, сця́глы, сця́гля ’каленныя сухажыллі’ (шчуч., іўеў., шальч., Сл. ПЗБ), сцягле́ ’суставы, што злучаюць галёнку са сцягном’ (беласт., Стан.), сця́гля ’сцягно’ (Сцяшк. Сл.). Гл. цяглі.

Сця́глы ’худы’ (Марц.). Да сцягаць ’рабіць больш кампактным’.

Сцягно́1 ’частка нагі ад клуба да калена’, ’бядровая частка тушы, кумпяк’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Сержп. Прымхі, ЛА, 3), сцягно́, сцягня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ), сцягно́ ’мускул, мускульная частка рукі, нагі або жывата’ (Ласт.), ’мышца, мускул’ (брасл., Стан.), сцегно́, сцёгно́ ’нага вышэй калена разам з клубам’ (ТС), сцягня́к ’тс’ (Варл.), сцягні́к, сцягня́к ’тс’ (Мат. Гом.), стёгно ’шынка’ (лун., Шатал.), сцёгна ’шынкі лапаткі’ (Пятк. 1), стыгно́ ’бядро’ (Клім.), стыгня́к ’кумпяк’ (Сл. Брэс.), сцягно́, стʼогно́, стэгно́, сцʼегно́ ’свіная нага і кумпяк з яе’ (Вешт., ЛА, 4, Сл. Брэс.). Укр. стегно́ ’верхняя частка нагі’, рус. стегно́ ’бядро, ляжка’, старое польск. ścigno ’кумпяк’, ścięgno ’сухажылле’, в.-луж. sćehno, н.-луж. sćogno ’ляжка, кумпяк (у жывёл)’, чэш., славац. stehno, серб.-харв. сте́гно, славен. stégno ’сцягно’, ст.-слав. стегно, стьгно ’бядро’. Прасл. *stegno; першапачаткова, магчыма, *stьgno, на якое паўплываў дзеяслоў *stęgnǫti (Глухак, 583), гл. сцягнуць. Далей сувязі няпэўныя. Мікала (Ursl. gram., 2, 163) звязвае *stegno з лац. tīgnum ’брус; будаўнічы лес’, якое ўзнаўляецца як *tegnom і набліжаецца да стажар і роднасных, што прымаюць Фасмер (3, 751) і Шустар-Шэўц (2, 1271). Параўноўваюць з літ. steigara ’член, сустаў’, арм. ťekn ’плячо, верхняя частка рукі’, ст.-ірл. tóeb, tóib ’старана’, вал., карнуэлск., брэтонск. tu ’тс’, што Бязлай (3, 315) лічыць больш удалым семантычна, але недасканалым фанетычна. Гл. яшчэ Фасмер, там жа з аглядам літ-ры; Махэк₂, 576; ЕСУМ, 5, 405; Борысь (613) польск. ścięgno лічыць дэрыватам ад ściągać < ciągać ’цягаць’, якое было ўтворана па ўзору прасл. *stegno ’сухажылле’, параўн. балг. сте́гнат ’моцны, пругкі (пра мускулы)’ < сте́гна ’сцягнуць’.

*Сцягно́2, сцегно́, сцёгно́ ’верхняя або ніжняя палачка ў ніце’ (ТС), стегно́, стэгни́ца ’палавіна нічанкі, верхні або ніжні рад яе петляў’ (Уладз.), сюды ж, відаць, і ст.-бел. стьгнѣ мѣдне (“іх было толькі два”, XVI ст., Карскі 2-3, 334) з нявысветленым значэннем. Параўн. укр. дыял. стегно́ ’развора’ (Нікан., Трансп.), сте́гна ’бакавыя дошчачкі церніцы’. Да сцягнуць, відавочна, па функцыі (’што трымае ў расцягнутым або сцягнутым стане’).

Сцягно́3 ’старадаўняя страва, прыгатаваная з мукі і канаплянага малака’: u posnyja dni varyła sabie ściahnó (Варл.). Відаць, з дзягно ’ежа з канапель’ (гл.) з няяснай дэфармацыяй пачатку слова.

Сцягну́ць ’зняць, звалачы, украсці’, ’сціснуць, скурчыць, злучыць, змацаваць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), сцяга́ць, сця́гваць ’знімаць, красці’, ’сціскаць, злучаць’ (Ласт., Некр. і Байк., Янк. 2), сцягці́ ’сцягнуць’ (Сл. ПЗБ), сцягну́цца ’збегчыся, ссесціся (пра тканіну)’ (Сл. ПЗБ), ’паказацца доўгім’ (Ян.), сцяну́цца ’крануцца’ (люб., Жыв. НС), сцегціса ’здоўжыцца’ (ТС), сцягацца ’сцягвацца’ (Сл. ПЗБ), ’схадзіць’ (Варл.), ’цягнуцца доўга’ (Мат. Гом.), сце́гацца ’здоўжвацца, скарачацца’ (ТС), ’змучыцца, змардавацца’ (Растарг.), ’праходзіць марудна, доўга (пра час)’ (ПСл), сця́гвацца ’перасяляцца’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѧгнутисѧ ’перасяліцца, перабрацца’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. дыял. стега́цца ’надакучаць, надаядаць’. Да цягнуцца, цягнуць (гл.); меркаванні пра сувязь палескага дзеяслова са значэннем ’надаядаць, надакучаць’ з цяжкі, туга (ЕСУМ, 5, 405) беспадстаўныя.

Сцяго́лка, сцягоўка ’бочкі розных памераў для засолу агуркоў, капусты, а таксама для ссыпкі збожжа’ (малар., З нар. сл.). Няясна. Магчыма, да стуга (гл.) ’бочка’, але таксама ’вузкая палоска’, параўн. укр. стяго́ль ’стужань’, стяге́ль ’перакладзіна’, апошняе Махэк₂ (590) узводзіць да *vъs‑tęga ад *tęgnǫti, гл. сцягваць, сцягнуць < цягнуць.

Сця́гры ’цуглі’ (Ласт.). Відаць, да сцягнуць (гл.) з рэдкай суфіксацыяй; рэальнасць слова Ластоўскі ілюструе цытатай з невядомай крыніцы.

Сцягу́н ’трыпутнік’ (стаўб., Нар. скарбы). Да сцягнуць, параўн. сцягун, бо як лістком прыкладзеш да раны, то быстра сцягваецца і загойваецца (там жа).

Сцяж ’рад, лінія’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’працягласць’ (Гарэц.), ’абшар’ (Бяльк.). Палаталізаваны варыянт да сцяг4, гл.