Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Службо́вік ‘кілішак’, службо́вая чарка ‘чарка ёмістасцю 100 грам’ (Скарбы). Да службовы (гл. служба), відаць, пераўтварэнне старога казённы, г. зн. ‘мера, зацверджаная дзяржавай (казной)’.

Служы́ць. Гл. слуга.

Слука́ ‘слонка’ (Байк. і Некр., Пятк. 2, ПСл), ‘казадой’ (саліг., Нар. словатв.), слук ‘чырвоны лясны кулік, вальдшнэп, Scolopax rusticola L.’ (Меер Крыч.), слука́, слуква́, слухва́ ‘тс’ (усх.-палес., стол., Нікан.), случа ‘тс’ (Інстр. 2). Укр. слу́ква ‘тс’, рус. дыял. слу́ка́, польск. słonka, дыял. słęka, ст.-польск. ‘бакас’, н- луж. sluka, чэш. sluka, дыял. slúka, славац. sluka, серб.-харв. слу̏ка, шљу̏ка, славен. slọ́ka ‘тс’. Праслав. *slǫka. Роднасныя літ. slanká ‘кулік’, лат. slùoka ‘слонка’, ст.-прус. slanke ‘вялікі кулік’ (Траўтман, 268; Мюленбах-Эндзелін, 3, 944). Далей па розных матывах дапускаюць роднасць з літ. sliñkti ‘красціся, прабірацца’, slankà ‘той, хто ходзіць крадучыся’, лат. slìkt ‘красціся’, ст.-в.-ням. slingan ‘варушыцца, хістацца’ і г. д. (Зубаты, LF, 20, 406 і наст., Махэк₂, 558), таму што птушка мае “згорбленую, крадучуюся паходку” (Брэм) або амаль не рухаецца ў няволі на працягу дня (Махэк₂, там жа). Бязлай (Eseji, 117) збліжае з польск. ślęczeć ‘сядзець на кукішках’, чэш. дыял. osľaknuť ‘разгультаіцца’, славен. slekniti se ‘пакласціся’. Інакш Брукнер (500), які лічыць назву птушкі гукапераймальнай і параўноўвае з польск. ślęczeć ‘енчыць, павіскваць, скуліць’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 678; Сной₁, 581; ЕСУМ, 5, 310; Антропаў, Назв. птиц, 360.

Слуп ‘бервяно або тоўсты брус, умацаваны вертыкальна, стаўма’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), памянш. слупо́к (ТСБМ, Сл. ПЗБ), слу́пак (Сл. ПЗБ); слупо́к ‘грубка’ (Сцяшк.), слупе́ц ‘папярочная планка ў граблях, у якую набіваюць зубы’ (Шатал., ЛА, 4). З польск. słup, słupek ‘тс’ (Карскі 1, 356; Цвяткоў, Запіскі 2, 1, 59; Кюнэ, Poln., 98), якое да прасл. *stъlpъ (гл. стоўп), параўн. кантамінаваную форму стлуп (стлупъ) ‘тс’ (Шымк. Собр.).

Слу́па, слупа́ прысл. ‘дубка (станавіцца)’, слупка́ ‘тс’ (ганц., шчуч., Сл. ПЗБ), слупкава́ць ‘станавіцца дубка’ (іўеў., там жа). Да слуп (гл.) па тыпу прыслоўяў на ‑а, параўн. ду́ба, стаяка́ і пад.

Слупня́к ‘вострая інфекцыйная хвароба, якая прыводзіць да сутаргі мышцаў’ (ТСБМ). Да слуп (гл.); калька рус. столбня́к ‘тс’.

Слух. Гл. слых.

Слуха́ўкі ‘навушнікі’ (Скарбы). З польск. słuchawki ‘тс’, słuchawka ‘тэлефонная трубка’. Параўн. сучаснае разм. слу́хаўка ‘тс’.

Слу́хаць ‘успрымаць слыхам’, ‘разглядаць (судовую справу)’, ‘прымаць пад увагу чые-небудзь указанні’ (ТСБМ, Ласт., Нас., Шымк. Собр., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. слухати, слышати, слышети ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. слу́хати, рус. слу́шать, дыял. слу́хать, польск. słuchać ‘слухаць’, słuszać ‘слухацца’, в.-луж. posłuchać, słušeć, н.-луж. słuchać, słušaś, чэш. slušeti ‘падыходзіць, быць да твару’, славац. slušať, серб.-харв. слушати, славен. slúšati, балг. слу́шам, макед. слуша, ст.-слав. слоушати. Прасл. *sluchati і *slušati < *sluxěti, якія ад *sluchъ ‘слых’ (Фасмер, 3, 679), гл. слых. Адпаведнікі літ. klausýti ‘слухаць, слухацца’, ст.-прус. klausiton ‘пачуць’, ст.-в.-ням. hlosên ‘слухаць, слухацца’; з іншай ступенню вакалізму: ст.-інд. śróṣati ‘ён чуе’, ст.-сакс. hlust ‘слых; вуха; слуханне’, якія працягваюць і.-е. *kʼleu̯‑s‑ ‘чуць’. Гл. яшчэ Махэк₂, 558–559; Сной₁, 583; Глухак, 564; Борысь, 560; ЕСУМ, 5, 310–311.

Слухмя́ны ‘паслушны’ (Нас., Касп., Растарг., Байк. і Некр.). Параўн. укр. слухмʼя́ний ‘тс’. Карскі (2–3, 43) мяркуе пра запазычанне з украінскай, дзе вядомы варыянт слухня́ний ‘тс’, параўн. слуха́вы ‘тс’ (Нас.). Да словаўтварэння параўн. руцьмя́ны, ціхмя́ны (гл.).