Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Распаго́дзіцца ’палепшыцца (пра надвор’е), праясніцца’ (Бяльк.; смарг., Сл. ПЗБ; Байк. і Некр.), роспого́дзіцца ’тс’ (ТС). Параўн. з супрацьлеглым значэннем рознегодзіцца ад нягода (гл.), паго́да ’яснае сонечнае надвор’е’, паго́длівы ’добры, ясны (пра надвор’е). Гл. год, паго́да.

Распада́цца ’разрывацца, выбівацца з сіл’ (лаг., Жд. 3); роспа́даны ’гнілы, сапсаваны (пра грыбы)’, роспа́сціса ’разарвацца’: душа роспадзецца, як старые запоюць (ТС). Сюды ж, магчыма, і рэдкае распа́дак ’глухое месца’: зблудзіў, зайшоў у нейкія распаткі (Сцяшк.), параўн. фармальна ідэнтычнае, але семантычнае далёкае рус. распа́док ’вузкая даліна ў гарах, лагчына’. Да па́даць (гл.), у тым ліку ад стомы. Параўн. роспадзень, роспаднік (гл.).

Распа́зіць ’разабраць, разняць, ускрыць’ (чавус., Ласт.), роспазова́ць ’разняць, рассячы ці распілаваць калоду ўдоўж’ (ТС). Да паз (гл.), параўн. рус. пск., асташ. распази́ть ’разабраць, распластаць (рыбу)’, смал. ’падзяліць на часткі, палавіны’, што, відаць, сведчыць аб агульнай усходнеславянскай дыялектнай інавацыі.

Распа́куляць ’раскалмаціць’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Параўн. па́кулле ’пакля’ (гл.), польск. зніж. pakuły мн. л. ’валасы’, літ. pãkulos, лат. pakulas ’тс’, што Лаўчутэ (Балтизмы, 18–19) лічыць запазычаннем у літоўскія гаворкі з ням. Pakullas ’вяроўка з рэштак лёну’.

Распаласава́ць ’разрэзаць’ (Цых.), параўн. чэш. rozplasati (obuv) ’разарваць, разадраць’. Да паласа (гл.), паласаваць ’разрываць, разразаць на палоскі’.

Распало́г (рыспалог) ’растэрміноўка’ (Бяльк.). Ад распалажыць ’разнесці па часе’, што да лажыць, гл.

Распалта́ць ’разабраць (напр., кабана)’, ’анатаміраваць (труп)’, распалта́ч ’той, хто разбірае кабана’, сюды ж ро́спалаць (гл.), ро́спаласць ’разразанне; анатаміраванне’ (Ласт.). У выніку метатэзы ад расплата́ць (гл.). Магчыма, пад уплывам полць (гл.).

Распана́хтаць ’разарваць’ (Ян.). Гл. па́нах.

Распано́шыцца ’разрасціся, раздацца’ (Ядвігін Ш.). Відаць, ад паноша (гл.) ці з польск. rozpanoszyć się ’разбагацець’, гл. Длугаш-Курчабова, 392.

Распаро́шыць ’пусціць на вецер; растраціць’ (Варл.), параўн. ст.-бел. роспоро́шꙋет (1616 г., Карскі, 1, 441). Да порах1 (гл.).