Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мульчыроўка ’падкормка дрэў’ (акц., Мат. Гом.). Ад мульчы́раваць ’пакрываць паверхню глебы тарфяной крошкай, перагноем’ (ТСБМ), якое ад му́льча ’перагной, тарфяная крошка, апалае лісце, кампосты’ < англ. mulch ’прэлая салома’.

Мулю́ ’моў’ (Нас.), скажоная форма з муляў ’тс’ (ваўкав., БНТ, Лег. і пад.) < маўляў < маўляць. Да мова (гл.).

Мулю́к ’маленькая рыбка ўсіх парод’ (пін., Кар.), рус. мул, мулёк ’рыба Mugil cephalus’, арханг., наўг., сіб. мулёк ’малёк’, ’дробны акунь’, якія Фасмер (3, 8) суадносіць з моль > мальва́ (гл.). Параўн. таксама польск. mulawka, malawka ’від рыбы’.

Мулява́нне, мулява́ньня ’амуніцыя’ (Доўн.-Зап., 3). Няясна.

Мулява́ць ’маляваць алейнымі фарбамі’ (Мал., Шат.). Да малява́ць (гл.). Аб мене а > у гл. Карскі, 1, 112–113.

Муля́ж ’злепак, мадэль прадмета ў натуральную велічыню’ (ТСБМ). З рус. мовы, у якой з франц. moulage ’фармоўка’ < mouler ’адліваць’ < moule ’форма’ < лац. modulus ’мера’ (Голуб-Ліер, 325).

Муля́к, муля́ч ’мазоль, пацёртае, мулянае месца’ (Шат., Сцяц., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; лельч., Нар. лекс.). Да му́ліць (гл.).

Му́ляр1, му́лір ’рабочы, які будуе з цэглы’, ’пячнік’ (ТСБМ, Яруш., Шн. 2, Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. муляръ, мураль, мураръ ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mularz, murarz ’тс’, якія (як і іншыя слав.: палаб. mau̯rnĕk, каш. mulåř, н.-луж. muŕaŕ, в.-луж. murjer, muler, славац. murár) узыходзяць да с.-в.-ням. mūrer (Булыка, Лекс. запазыч., 89; Трубачоў, Этимология–1973, 179). Гл. таксама мур, мурава́ць. Сюды ж му́ляр ’птушка, якая робіць гняздо з гразі’ (Совещ. ОЛА — Гомель, 234) — у выніку семантычнага пераносу.

Му́ляр2 ’драўляны вугаль’ (хойн., Мат. Гом.). Да мі́лёр (гл.).

Муля́р ’жывапісец’ (глус., паўд.-усх., КЭС). Да маля́р, маляваць (гл.).

Муляя́ ’ніткі мулінэ’ (Ян.). Скажонае мулінэ (гл.).

Мум ’глухое бурчанне’, ’бурчанне мядзведзя’ (паўн.-усх., КЭС). Гукапераймальнае. Параўн. аналагічнае літ. mū́mauti ’раўці з перапынкамі, бляяць’, mū̃mė ’карова’ (дзіцяч.).