ТШАШЧКО́ЎСКАЯ (дзявочае Манькоўская) Зоф’я Адамаўна
(1847, в. Дарагавіца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 7.11.1911),
польская і бел. пісьменніца, перакладчыца. Удзельніца рус.-тур. вайны 1877—78. Вярнуўшыся ў г. Ноўгарад, пасябравала з удзельнікам паўстання 1863—64 і паплечнікам К.Каліноўскага Ф.П.Зянковічам, які значна паўплываў на паэтэсу. Першыя літ. спробы Т. падтрымаў яе сваяк У.Сыракомля. Роднай вёсцы прысвяціла цыкл вершаў на польскай мове «Дарагавіцкія песні». Аўтар вершаванага зб. на польскай мове «Адзін з многіх» (1890). У вершах шырока выкарыстоўвала бел. фальклор і лексіку. Захаваліся яе бел. верш «Божа, наш бацька, мы твае людзі...» і пераклады паэт. твораў Я.Чачота («Казак»), Т.Ленартовіча («Каліна»), М.Канапніцкай («Ля аконца», «Як жа мне цябе, дзяўчына...»). Падтрымлівала творчыя кантакты з В.Каратынскім, Я.Лучынам.
Літ.:
Казбярук У.М. Ступені росту: Бел. літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;
Яго ж. Беларускія вершы Адама М-скага // Маладосць. 1971. № 12;
Заняпад і адраджэнне: Бел. літ. XIX ст. Мн., 2001.
У.М.Казбярук.
т. 16, с. 67