Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЧОЛААПЫЛЕ́ННЕ,

выкарыстанне пчол меданосных для апылення с.-г. культур. Неабходна пры вырошчванні шматлікіх збожжавых, кармавых, маслічных, пладовых, бахчавых культур. Перасоўныя пчальнікі размяшчаюць каля масіваў с.-r. культур, у пабудовах ахоўнага грунту (цяпліцах). Пры выкарыстанні П. ўраджай грэчкі, сланечніку павялічваецца ў сярэднім на 30%, канюшыны, эспарцэту, люцэрны — да 35—40%, пладовых культур — да 40—50%, агуркоў і бахчавых культур — да 30—160%. Роля дзікіх насякомых-апыляльнікаў у сучасным земляробстве нязначная.

т. 13, с. 147

ПЧОЛАГАДАВА́ЛЬНІК,

спецыялізаваная гаспадарка, якая разводзіць пчол меданосных, вядзе селекцыйна-племянную работу па вывядзенні новых і паляпшэнні існуючых ліній і парод. Асн. метад — чыстапароднае развядзенне. Вядзецца пастаянны ўлік паходжання кожнай маткі, прадукцыйнасці пчаліных сем’яў, іх зімастойкасці і інш. Прадукцыя П. — плодныя маткі і пчолапакеты (4 гнездавыя рамкі з пчаліным расплодам, мёдам і плоднай маткай у спец. скрынцы), якімі забяспечваюцца пчолагадоўчыя гаспадаркі, фермы і аматарскія пчальнікі. На Беларусі вядучыя П. — Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі.

В.​І.​Сапега.

т. 13, с. 147

ПЧОЛАЖУКІ́ (Trichodes),

род жукоў сям. стракачоў. Каля 80 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. паўшар’і. Каля 80 відаў. На Беларусі найб. пашыраны П. пчаліны (T. apiarius), які шкодзіць пчалярству.

Даўж. 8—25 мм. Цела прадаўгаватае, галава вялікая. Афарбоўка яркая, надкрыллі ў рознакаляровых папярочных палосах. Жукі трапляюцца на кветках раслін сям. парасонавых, складанакветных, капуставых. Кормяцца насякомымі і пылком. Лічынкі развіваюцца ў кладках саранчовых ці ў гнёздах пчол і вос, знішчаюць іх лічынак і кукалак.

Пчалажук звычайны.

т. 13, с. 147

ПЧО́ЛЫ, пчаліныя (Apoidea),

надсямейства насякомых атр. перапончатакрылых. 6 сям., каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі пераважна трапляюцца П. (андрэна, калет, гілеус, панург і інш.), чмялі. Кормяцца пылком і нектарам раслін. Маюць вял. гасп. значэнне як апыляльнікі раслін. Пчол меданосных разводзяць для атрымання прадуктаў пчалярства.

Даўж. ад 1,5 мм да 5 см, у большасці відаў I—1,5 см. Цела пераважна ўкрыта густымі валаскамі. Ротавы апарат грызуча-ліжучы, у выглядзе хабатка. Многія П. маюць прыстасаванні (збіральны апарат) для збору пылку, напр., густыя валаскі на задніх нагах ці расшыраныя галёнкі і першы членік задняй лапкі і інш. Добра развіты слінныя залозы і валляк. Маюць джала і ядавітыя залозы. Большасць відаў адзіночныя (у гняздзе — самец і самка, якая будуе гняздо і збірае корм для лічынак). У «грамадскіх» П. сям’я (гл. Пчаліная сям’я) складаецца з адной або некалькіх плодных самак. самцоў і мноства бясплодных самак (рабочыя асобіны). Паразітныя П. адкладваюць яйцы на корм, назапашаны інш. насякомымі, выкарыстоўваюць гнёзды П. інш. відаў.

Пчолы: 1 — антафора; 2 — андрэна цемнакрылая; 3 — калет; 4 гілеус; 5 — осмія рыжабрухая.

т. 13, с. 147