Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЦІ, Пёці (Petit) Ралан (н. 13.1.1924, Парыж), французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучань С.Ліфара. У 1940—44 танцаваў у кардэбалеце т-ра «Гранд-Апера». З 1945 маст. кіраўнік створанай ім трупы «Балет Елісейскіх палёў», у 1948—55 і 1958—61 «Парыжскага балета». У 1965—72 балетмайстар Парыжскай оперы. З 1972 маст. кіраўнік арганізаванага ім Марсельскага балета. Сярод пастановак балеты: «Кармэн» Ж.​Бізэ (1949), «Сабор Парыжскай Маці Божай» М.​Канстана (1967), «Турангаліла» на музыку А.​Месіяна (1968), «Пелеас і Мелізанда» А.​Шонберга (1969), «Запаліце зоркі!» на музыку М.​Мусаргскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча і груз. нар. песень (1972), «Пікавая дама» на музыку П.​Чайкоўскага (1978), «Чарлі, танцуй з намі» Ф.​Капры (1992, прысвечаны фільмам Ч.​Чапліна). Супрацоўнічае з драм. т-рамі, кінематографам.

т. 13, с. 144

ПЦІ́ЦА (Клаўдзій Барысавіч) (3.2.1911, г.п. Пронск Разанскай вобл., Расія — 6.1.1983),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937), у якой у 1938—41 і з 1943 выкладаў (з 1956 праф.). З 1936 гал. хормайстар Опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Маскоўскай філармоніі, у 1943—46 — Дзярж. хору рас. песні. З 1950 маст. кіраўнік Вял. акад. хору Дзяржтэлерадыё СССР. Адначасова ў 1946—60 дэкан дырыжорска-хар. ф-та Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. Аўтар прац па мастацтву харавога дырыжыравання («Нарысы па тэхніцы дырыжыравання хорам», 1948; «Майстры харавога мастацтва ў Маскоўскай кансерваторыі», 1970).

т. 13, с. 144

ПЦІ́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баявая аперацыя Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў па знішчэнні чыг. моста цераз р. Пціч у Капаткевіцкім р-не Палескай вобл. (цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) З ліст. ў Вял. Айч. вайну. Партызаны неаднаразова перапынялі рух на чыг. магістралі Брэст—Гомель і, каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскія падп. абком КП(б)Б і штаб партыз. злучэння распрацавалі план аперацыі пад кодавай назвай «Рэха на Палессі» з удзелам 11 партыз. атрадаў (1300 чал.). Мост ахоўвалі 2 узводы ням. салдат у 4 дзотах з мінамётамі і гарматамі, непадалёку размяшчаўся гарнізон праціўніка (750 чал.). Партызаны падарвалі чыг. палатно на З і У ад моста, каб перашкодзіць падыходу падмацавання акупантам. У час абстрэлу гарнізона і дзотаў група падрыўнікоў падарвала мост. Праціўнік адступіў. Партызаны пры адыходзе пасля бою знішчылі групу падмогі ворагу. Рух на чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам Сінкевіцкай аперацыі 1942 больш як на 3 тыдні.

М.​У.​Філімоненкаў.

т. 13, с. 144

ПЦІ́ЦКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1895—1914 на чыг. ст. Пціч Мазырскага пав. (цяпер вёска і чыг. станцыя ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.). Мела паравыя рухавікі. У 1908—13 працавала 40 чал., у 1913 выраблена дошак на 80 тыс. руб.

т. 13, с. 144

ПЦІЧ,

рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас. р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каля в. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачатку крас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р. Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Пціч каля г.л. Капаткевічы Гомельскай вобл.

т. 13, с. 144

ПЦІЧ,

другая назва Воўчкавіцкага вадасховішча.

т. 13, с. 145

ПЦІЧ, Вароніцкае балота, Варонічы, Крывая града,

балота нізіннага (60%), вярховага (30%), пераходнага (10%) тыпаў у Слуцкім (6,5 тыс. га), Пухавіцкім (7 тыс. га) і Уздзенскім (2,1 тыс. га) р-нах Мінскай вобл., у вадазборах рэк Пціч і Случ. Асобныя ўчасткі вядомы пад назвамі Рагі, Поўхава, Скрыдлёва. Пл. 15,6 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7, сярэдняя 2 м. Запасы торфу каля 42 млн. т. Есць мергель, сапрапель магутнасцю да 1,2 м. Асушана адкрытай асушальнай сеткай 1,2 тыс. га у Слуцкім і 2,9 тыс. га у Пухавіцкім р-нах, дрэнажом — 610 га у Уздзенскім р-не. На асушаных землях вырошчваюць пераважна сеяныя травы, збожжавыя культуры.

т. 13, с. 145

ПЦІЧ,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Пціч; чыг. ст. на лініі Лунінец—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на У ад г. Петрыкаў, 161 км ад Гомеля. 1057 ж., 379 двароў (2001). Камбікормавы з-д, лясніцтва, база раённай нарыхтоўчай канторы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У вёсцы ў Вял. Айч. вайну партызаны правялі Пціцкую аперацыю 1942.

т. 13, с. 145

ПЦІ́ЧКІН (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 14.8.1939, с. Чарнаполле Кастрамской вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэорыі сістэм аўтам. кіравання. Д-р тэхн. н. (1981), праф. (1982). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1962). З 1966 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1976—81 і 1986—97 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі аўтам. кіравання, тэорыі штучных нейронных сетак і сістэм кіравання. Распрацаваў адзіны падыход да аналізу сістэм кіравання розных класаў, у т. л. нейронных сетак і нейрасеткавых сістэм.

Тв.:

Анализ нелинейных стохастических систем методами уравнений моментов. Мн., 1980;

Анализ нейросетевых преобразований линеаризационными методами // Нейрокомпьютеры: разработка, применение. 1999. № 1.

т. 13, с. 145

ПЦІ́ЧКІН (Яўген Мікалаевіч) (1.6.1930, Масква — 28.11.1993),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1978). Нар. арт. Расіі (1988). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1958). З 1958 гукарэжысёр на радыё, адначасова выкладаў у Маск. ін-це культуры (1961—64). У 1969—78 гал. муз. рэдактар кінастудыі «Масфільм». Сярод твораў: балет «Добрае сонца» (1958), опера «Я прыйшоў даць вам волю» (паводле В.​Шукшына, 1988), аперэты, мюзіклы, муз. камедыі, у т. л. «Вяселле з генералам» (паводле А.​Чэхава, 1980), «Дыліжанс з Руана» (паводле Гі дэ Мапасана, 1985), сюіты-кантаты, музыка да кінафільмаў (больш за 70) і драм. спектакляў. Аўтар папулярных песень, у т. л. «Рамонкі схаваліся», «Салодкая ягада», «Рэха кахання», «Я люблю сваю зямлю» і інш.

т. 13, с. 145