Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПНЕЎМААЎТАМА́ТЫКА (грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + аўтаматыка),

комплекс тэхн. сродкаў, у якіх інфармацыя выяўляецца і перадаецца ў выглядзе пнеўмасігналаў (перападаў ціску ці расходу газу, паветра); тэхн. дысцыпліна, якая вывучае гэты від тэхн. сродкаў аўтаматызацыі.

У пач. 1960-х г. у СССР распрацавана універсальная сістэма элементаў прамысл. П. (набор уніфікаваных пнеўматычных прыстасаванняў — узмацняльнікаў, паўтаральнікаў, рэле, выключальнікаў і інш.) для пабудовы аўтам. рэгулятараў, прыстасаванняў кіравання, блакіроўкі, аховы і інш. Прыстасаванні П. надзейныя, пажарабяспечныя, маюць простую канструкцыю. Іх выкарыстоўваюць у сістэмах аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі ў хім., газавай і нафтаперапрацоўчай прам-сці, машынабудаванні, медыцыне і інш.

т. 12, с. 443

ПНЕЎМАДРО́СЕЛЬ,

тое, што пнеўмасупраціўленне.

т. 12, с. 443

ПНЕЎМАКАНІЁЗ (ад грэч. pneumon лёгкія + konia пыл),

прафесійная хвароба лёгкіх чалавека, абумоўленая ўздзеяннем прамысл. пылу. Пры П. развіваюцца склератычныя змены лёгачнай тканкі, у ёй разрастаецца злучальная тканка (гл. Пнеўмасклероз). Найб. небяспечны пыл з часцінкамі, меншымі за 5 мкм, які пры ўдыху пранікае ў глыбокія аддзелы лёгачнай тканкі. Выклікае П. расл. пыл (напр., мука, тытунь), жывёльны (футравы, валасяны), мінер. (азбеставы), метал. (алюмініевы, жалезны). Працяглае ўдыханне арган. пылу выклікае хранічны насмарк, ларынгіт, трахеіт, бранхіт, пнеўманію. Растварэнне часцінак пылу ў лёгачнай тканцы прыводзіць да ўтварэння таксічных хім. злучэнняў. Асабліва небяспечна ўдыханне пылу, які мае ў сабе свабодны двухвокіс крэмнію (гл. Сілікоз). Найб. частае ўскладненне П. — хранічная лёгачна-сардэчная недастатковасць. Лячэнне комплекснае.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 443

ПНЕЎМАКО́К (Streptococcus pneumoniae),

бактэрыя роду стрэптакокаў. Узбуджальнік крупознай пнеўманіі і інш. запаленчых захворванняў органаў дыхання.

Клеткі дыям. 0,5—1,25 мкм, часта парныя, сферычныя ці авальныя, нерухомыя, грамстаноўчыя, аэробы, гетэратрофы. Мала ўстойлівыя да ўздзеянняў навакольнага асяроддзя. Маюць фактары патагеннасці (капсула і інш.). Пры парушэнні нармальных ахоўных механізмаў (напр., пры віруснай інфекцыі дыхальных шляхоў) бактэрыі з зева пранікаюць у лёгкія.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 444

ПНЕЎМАНІ́Я,

тое, што запаленне лёгкіх.

т. 12, с. 444

ПНЕЎМАПРЫВО́Д, пнеўматычны выканаўчы механізм,

сілавое прыстасаванне для дыстанцыйнага ўздзеяння (напр., клапанам, засоўкай, кранам) у сістэмах кіравання; выкарыстоўваецца і для прыводу рабочых машын. Паводле характару ўздзеяння адрозніваюць П. з паступальным і вярчальным рухам. Найб. пашыраны П. з паступальным рухам, у якіх перапад ціску паветра пераўтвараецца ў рух (перамяшчэнне поршня ці мембраны).

т. 12, с. 444

ПНЕЎМАРУХАВІ́К,

другасны рухавік, які пераўтварае энергію сціснутага паветра ў мех. работу. Ціск сціснутага паветра — ад 0,3 да 0,6 МПа. Адрозніваюць аб’ёмныя (поршневыя, вінтавыя) і турбінныя П. Магутнасць П. звычайна не перавышае 2,5 кВт. Выкарыстоўваюць у прам-сці для прыводу ручных машын (напр., дрылёў, гайкавёртаў, адбойных малаткоў), у выбуханебяспечных і вільготных месцах.

Да арт. Пнеўмарухавік: а — пнеўмацыліндр двухбаковага дзеяння; б — шыберны (лопасцевы); 1 — поршань; 2 — цыліндр; 3 — шток; 4 — шыбер (лопасць); 5 — выхадны вал; 6 — корпус.

т. 12, с. 444

ПНЕЎМАРЭЛЕ́ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + рэле),

рэлейнае прыстасаванне, у якога адчувальным элементам з’яўляецца мембрана, сільфон, а пераўтваральнікам мех. перамяшчэння і змены ціску паветра — сапло-засланка.

т. 12, с. 444

ПНЕЎМАСКЛЕРО́З (ад грэч. pneumon лёгкія + склероз),

разрастанне злучальнай тканкі лёгкіх з памяншэннем аб’ёму і парушэннем іх функцыі. Адрозніваюць П. ачаговы і дыфузны (перываскулярны і перыбранхіяльны). Ачаговы П. развіваецца ў ачагах спадзення лёгачнай тканкі, узнікае пры хранічным венозным застоі крыві (напр., парокі сэрца) і з’яўляецца вынікам хранічнай гіпаксіі. Дыфузны П. — пры хранічных бранхітах, бранхіяльнай астме. Прыкметы ачаговага — кашаль з макротай, дыфузнага — тыя ж, задышка, цыяноз. П. — адна з важнейшых марфал. прыкмет хранічных абструкцыйных захворванняў лёгкіх, пнеўмаканіёзаў, венознай гіперэміі ў лёгачнай тканцы. Лячэнне комплекснае.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 444

ПНЕЎМАСУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ, пнеўмадросель,

элемент пнеўмааўтаматыкі, які перашкаджае свабоднай плыні паветра, ці інш. газу, у выніку чаго на ім ствараецца перапад ціску. Выконваецца ў выглядзе завужанага канала пастаяннага сячэння або пары «нерухомае сядло — рухомая дэталь» (напр., конус—конус, сапло—засланка). Аналаг рэзістара ў эл. ланцугу.

т. 12, с. 444