Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«НА БАГАМЕ́РЗКУЮ, НА ПАГА́НУЮ ЛАЦІ́НУ...»,

«На богомерзкую, на поганую латину, которые папежи хто что в них вымыслили в их поганой вере, сказанне о том», бел. ананімны палемічны твор 16 ст. Напісаны на старабел. мове ў Супрасльскім манастыры (цяпер Польшча). Захаваўся ў некалькіх спісах. Два з іх змешчаны ў зборніках Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра. Упамінанне пра ўвядзенне папам Грыгорыем XIII у 1582 новага календара сведчыць пра тое, што твор напісаны пасля гэтай падзеі. Аўтар палемізуе з кнігай П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Ён пералічвае новаўвядзенні 25 рым. пап (якіх часам блытае), пры гэтым за эталон бярэ стан сучаснай яму правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, адзначае, што толькі ўсх. царква засталася нязменнай на працягу многіх стагоддзяў. Выступаючы супраць «паганай лаціны», аўтар абараняе культуру і мову правасл. насельніцтва Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц выкарыстаны творы рым. аўтараў Плаціна і Грацыяна.

Літ.:

Попов А.Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Старая западнорусская письменность. Пг., 1921. С. 183.

У.М.Свяжынскі.

т. 11, с. 86

«НА ВА́РЦЕ»,

газета бел. рабоча-сялянскага пасольскага клуба «Змаганне». Выдавалася ў сак.крас. 1930 у Варшаве на бел. мове. Змяшчала матэрыялы пра цяжкае становішча працоўных Зах. Беларусі, заклікала рабочых і сялян да барацьбы за сац. і нац. вызваленне. 2 нумары канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.

т. 11, с. 86

«НА СТРА́ЖЕ»,

газета, орган Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з ліст. 1931 у Мінску на бел. і рус. мовах 2—3 разы на тыдзень. Асвятляе дзейнасць органаў унутр. спраў, пракуратуры, судоў і інш. праваахоўных структур. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Крымінальны вышук інфармуе», «Знайсці чалавека», «Азбука бяспекі» і інш.

т. 11, с. 86

«НА ЭКРА́НАХ»,

штомесячны ілюстраваны спецыялізаваны кіначасопіс. Выдаецца са жн. 1957 у Мінску на бел. і рус. мовах (напачатку наз. «На экранах Беларусі», з 1996 сучасная назва). Друкуе інфармацыйна-аналіт. матэрыялы, якія адлюстроўваюць сучасны кінапрацэс, знаёміць з гісторыяй нац. кінематографа, расказвае аб прэм’ерах бел. кіна-, відэа- і тэлефільмаў, змяшчае творчыя партрэты дзеячаў кіно і тэлебачання.

Л.І.Перагудава.

т. 11, с. 86